Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ежы Бахр: застаецца напружанасьць паміж Польшчай і Беларусьсю


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Вядучыя польскія газэты зьмяшчаюць сёньня некалькі артыкулаў, прысьвечаных Беларусі, у прыватнасьці ўчорашнім беларуска-польска-украінскім перамовам у Кіеве.

Аўтарытэтны штодзёньнік “Rzeczpospolita” піша, што ўчорашняя сустрэча ў Кіеве праходзіла ў добрай атмасфэры, але не прынесла канкрэтных вынікаў. Кіраўнік польскай дэлегацыі - дырэктар Бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы Ежы Бахр адзначыў, што нягледзячы на напружанасьць у дачыненьнях паміж Менскам і Варшавай ёсьць рэчы, пра якія абедзьве краіны павінны размаўляць. Спадар Бахр, аднак падкрэсьліў, што гаворачы пра сытуацыю вакол Саюзу палякаў “я дазволіў сабе назваць паўторны зьезд гэтай арганізацыі фарсам і не хачу, каб склалася ўражаньне, што разыходжаньні ў гэтай справе паміж Польшчай і Беларусьсю зьменшыліся”.

“Праблема не ў Беларусі ці ў беларускім народзе, а ў пазыцыі беларускіх уладаў, якая не адпавядае міжнародным стандартам,” -- заявіў у размове са штодзёньнікам Ежы Бахр.

У сваю чаргу “Gazeta Wyborcza” гэтымі днямі зьмясьціла ўжо некалькі артыкулаў, прысьвечаных праблемам адзінай беларускай незалежнай штодзённай газэты “Народная воля”, а таксама далейшаму перасьледу беларускімі ўладамі журналіста Анджэя Пісальніка.

Вядучыя польскія мэдыі пішуць і пра ўчорашнюю рэзалюцыю Эўрапейскага парлямэнту ў справе Беларусі, адзначаючы актыўны ўдзел у яе распрацоўцы дэпутатаў ад Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG