Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 чалавек адмовіліся ўдзельнічаць у Кангрэсе дэмсілаў


Альгерд Невяроўскі, Менск Шэраг актывістаў гарамадзкіх арганізацыяў Беларусі выступілі з заявай, у якой патлумачылі, чаму яны адмаўляюцца ўдзельнічаць у Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Яны тлумачаць сваю пазыцыю тым, што ўвесь працэс арганізацыі Кангрэсу быў прыватызаваны лідэрамі партыяў, а вылучэньне адзінага кандыдата ня ставіць за мэту дасягненьне перамогі.

Пад гэтай заявай падпісалася 11 чалавек. Яны прадстаўляюць у асноўным малавядомыя ў Беларусі грамадзкія арганізацыі. Аўтары заявы не задаволеныя тым, што арганізацыяй Кангрэсу займаюцца толькі лідэры апазыцыйных партыяў. На іх думку, праект абраньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты не накіраваны на перамогу, а толькі імітуе дзейнасьць. Гаворыць адна з аўтараў заявы, прадстаўніца Нацыянальнай рады моладзевых і дзіцячых арганізацыяў Сьвятлана Каралёва:

(Каралёва: ) “Я проста ня веру ў іх перамогу. Там не было празрыстасьці выбараў кандыдатаў на гэты зьезд, і тое што там адбывалася проста не адпавядае майму разуменьню паняцьця сумленьне і г.д. Я не хачу ў гэтым браць удзел. Там была вялікая маніпуляцыя”.

У заяве таксама гаворыцца, што яе аўтары будуць падтрымліваць тых палітыкаў, якія будуць арыентавацца на ўласную праграму дзеяньняў і будуць заваёўваць давер грамадзянскай супольнасьці.

З такім падыходам ня згодны старшыня рабочай групы Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Сяргей Мацкевіч:

(Мацкевіч: ) “Кожны чалавек мае права свабодна выказваць сваю думку, і гэта тое, за што мы змагаемся, гэта тое, чаго няма ў нас у дзяржаве. Але я асабіста супраць такіх заяваў, супраць такіх рэзкіх ацэнак Кангрэсу. Бо, зразумела, ня ўсё ідзе так, як бы хацелася грамадзкім актывістам. Хацелася б, каб было больш відавочнае аб’яднаньне, каб больш заангажоўвалі грамадзкі сэктар. Тым ня менш нельга адмовіць палітычным суб''ектам у жаданьні завяршыць першы этап аб’яднаньня, у першую чаргу, палітычных структураў. І калі гэта адбудзецца на Кангрэсе, то мы будзем лічыць яго пасьпяховым”.

Калега спадара Мацкевіча, юрыст Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Юры Чавусаў лічыць, што гэткія заявы напярэдадні Кангрэсу скіраваныя на раскол беларускай грамадзянскай супольнасьці перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 году.

Нагадаем, Кангрэс дэмакратычных сілаў мае адбыцца ў Менску, у Палацы культуры МАЗ, 1-2 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG