Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія палітыкі непакояцца з-за нізкай актыўнасьці выбарнікаў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы палітыкі, навукоўцы, грамадзкія дзеячы занепакоеныя нізкай палітычнай актыўнасьцю жыхароў краіны – у апошніх парлямэнцкіх выбарах узялі ўдзел толькі 40% грамадзянаў, якія маюць права голасу – гэта самы нізкі паказчык за апошнія 16 гадоў. Чаму палякі, якія аднымі зь першых у камуністычным блёку пачалі змаганьне за свабоду і дэмакратыю, цяпер ня хочуць дэмакратычнымі мэханізмамі карыстацца?

У 1997 годзе на парлямэнцкіх выбарах галасавалі 59% палякаў, праз чатыры гады – каля 46%, а сёлета толькі крыху больш за 40% – гэтую, апошнюю лічбу польскія публіцысты назвалі «аплявухай для палітычнай клясы», «чырвонай карткай для палітыкаў».

Чаму ж палякі ня хочуць галасаваць? Вось тыповыя адказы жыхароў Варшавы, якія сёлета не пайшлі на выбарчыя ўчасткі:

(Жыхарка Варшавы: ) "Я не галасавала таму, што ня бачу палітыкаў, вартых, каб за іх прагаласаваць".

(Жыхар Варшавы: ) "Не, я не галасаваў, бо новы ўрад нічога ня зьменіць – усё застанецца, як раней".

(Жыхарка Варшавы: ) "Я не галасавала, бо палітыкі толькі абяцаюць, а нічога ня робяць".

Гэта былі меркаваньні жыхароў Варшавы, а вось як іхную пазыцыю тлумачыць сацыёляг Робэрт Собех:

(Собех: ) "Значная частка людзей глыбока перакананая, што рэфармаваць дзяржаву немагчыма і што іх голас нічога ня зьменіць".

Між тым шэраг адмыслоўцаў лічаць, што нізкая актыўнасьць палякаў у часе апошніх выбараў мае і іншыя, часам, больш празаічныя прычыны. Сацыёляг Яцэк Кухарчык:

(Кухарчык: ) "Не галасавалі ня толькі расчараваныя былыя калгасьнікі, але і тыя, хто папросту выехаў з гораду на выходныя, бо было вельмі добрае надвор''е. А частка з тых, хто не галасаваў, гэта людзі, у якіх усё ў парадку, і яны лічаць, што ўсё ўжо на добрым шляху і яны гэтым задаволеныя".

Нягледзячы на сталае зьмяншэньне колькасьці тых, хто галасаваў, парлямэнты ў Польшчы абіраліся, а ўрады ствараліся, аднак, як лічыць прафэсар Казімеж Кук, небясьпека нізкай палітычнай актыўнасьці палякаў перадусім у наступным:

(Кук: ) "Паглыбляецца вельмі небясьпечны працэс у выніку якога польскі парлямэнт становіцца ўсё менш прадстаўнічы. Калі мала людзей галасуюць, гэта нерэпрэзэнтатыўная дэмакратыя".

Ставіць крыж на палітычнай актыўнасьці палякаў, аднак, заўчасна. Напярэдадні парлямэнцкіх выбараў вучні польскіх школаў, якія яшчэ ня маюць выбарчага права, таксама маглі прагаласаваць у гэтак званых «правыбарах» – за тых жа кандыдатаў, што балятуюцца і ў сапраўдных выбарах.

Дык вось удзел у правыбарах узялі каля 70% школьнікаў і, паводле адмыслоўцаў, менавіта ад іх, якія ня ведаюць, што такое прымус у выбарах у сацыялістычным мінулым, а таксама не спазналі шоку пераменаў і, як шмат хто, расчараваньня, менавіта ад іх можна ў будучым чакаць высокай палітычнай актыўнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG