Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты падпісалі супольную дэклярацыю


Валер Каліноўскі, Менск Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты ад апазыцыі шукаюць паразуменьня перад Кангрэсам дэмсілаў. Адзінаццаць лідэраў апазыцыі заявілі пра супольныя дзеяньні дзеля вызначэньня адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары. У падпісанай імі дэклярацыі зазначаецца гатоўнасьць быць у адной камандзе, удзельнічаць у Кангрэсе дэмакратычных сілаў і садзейнічаць рэалізацыі прынятых на ім рашэньняў.

Дэклярацыю падпісалі Уладзімер Колас, Аляксандар Вайтовіч, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Васіль Лявонаў, Уладзімер Парфяновіч, Валеры Фралоў, Станіслаў Шушкевіч, Аляксандар Ярашук, Мікола Статкевіч і Аляксандар Мілінкевіч. Аднак сэнс дамоўленасьцяў яны трактуюць па-рознаму.

Беларускай апазыцыі доўгі час не удавалася вызначыць фармату удзелу непартыйных прэтэндэнтаў у працэсе вылучэньня адзінага кандыдата. Гэта датычыць Аляксандра Вайтовіча, Уладзімера Коласа, Васіля Лявонава, Уладзімера Парфяновіча. Пасьля таго, як усе яны паставілі подпісы пад дэклярацыяй, у якой абяцалі прыняць удзел у Кангрэсе дэмсілаў ды увайсьці ў каманду адзінага кандыдата, гэтая праблема наблізілася да вырашэньня. Аднак па-ранейшаму захоўваецца пэўная дыстанцыя паміж гэтымі палітыкамі і арганізатарамі кангрэсу. У прыватнасьці, Уладзімер Колас мяркуе, што гэтым кангрэсам вылучэньне адзінага кандыдата не завершыцца.

(Колас: ) “З гэтай заявы зусім не вынікае, што мы гатовыя цалкам падпарадкавацца рашэньням кангрэсу і падтрымаць тую кандыдатуру, якая будзе абраная на ім. Там ясна сфармулявана, што мы будзем працаваць над тым, каб у выніку усяго гэтага працэсу на выбары прыйсьці з адзіным кандыдатам”.

Спадар Колас зазначыў, што захоўвае для сябе пэрспэктыву вылучэньня кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах. Канчатковае рашэньне будзе ухваленае ім пасьля абвяшчэньня даты выбараў. Уладзімер Парфяновіч таксама пакідае рашэньне аб сваім удзеле ў выбарах на потым. Сэнс дэклярацыі ён бачыць у наступным:

(Парфяновіч: ) “Па-першае, усе пацьвердзілі тое, што на кангрэсе ня будзе абраны адзіны, ён будзе абраны потым, што, як я мяркую, вельмі добра”.

Прыблізна такую выснову зрабіў і Аляксандар Вайтовіч. Але якія магчымыя дадатковыя мэханізмы, апрача кангрэсу дэмсілаў, для абраньня адзінага кандыдата, ён ня вызначыўся.

(Вайтовіч: ) “Людзі, якія падпісалі, прызналі, што адзіны кандыдат — гэта ня той кандыдат, які будзе вылучаны на гэтым кангрэсе. Там жа адназначна гэтага няма. Але адзіны кандыдат павінен потым вызначацца, і ў гэтым людзі таксама пагадзіліся. Гэта вялікі крок да аб’яднаньня”.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які таксама падпісаў гэтую дэклярацыю, трактуе яе іначай. Ён мяркуе, што усе падпісанты пагадзіліся выконваць рашэньні кангрэсу, адным зь якіх будзе абраньне адзінага кандыдата.

(Лябедзька: ) “Ёсьць шэраг людзей, якія не гатовыя зрабіць поўны крок, ім трэба зрабіць спачатку паўкрока. Мы лічым, што яны маюць на гэта права”.

Паводле Анатоля Лябедзькі, палітык, абраны на кангрэсе адзіным кандыдатам ад дэмакратаў дэ-юрэ, павінен будзе стаць такім яшчэ дэ-факта, яго павінны прызнаць у грамадзтве. Маючы падтрымку кангрэсу, ён будзе мець такія пэрспэктывы.

Мікола Статкевіч перакананы, што менавіта на кангрэсе закончыцца працэдура вылучэньня адзінага кандыдата.

(Статкевіч: ) “Я ня думаю, што пасьля кангрэсу будзе яшчэ нейкі рэальны кандыдат ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах. Мяркую, што гаворка ідзе толькі пра жаданьне гэтых людзей, якое ня можа спраўдзіцца, бо проста няма на гэта чалавечых і фінансавых рэсурсаў”.

Мікола Статкевіч мяркуе, што гэтыя палітыкі змогуць рэалізаваць сябе ў камандзе адзінага кандыдата ці ў ценявым урадзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG