Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальніцы зь Берасьця спынілі галадоўку


Алег Супрунюк, Берасьце Берасьцейскія прадпрымальніцы спынілі галадоўку, але не выключаюць, што яна можа распачацца зноў. Уладальніцы маршрутных таксовак Любоў Рэзановіч і Любоў Лаўруковіч, якія з 20 верасьня адмаўляліся прымаць ежу, прыпынілі сваю акцыю пратэсту.

Паводле спадарыні Рэзановіч, рашэньне зрабіць гэта прынялі пасьля кансультацыяў зь іншымі прадпрымальнікамі, якія 27 верасьня сустракаліся з прадстаўнікамі Берасьцейскага аблвыканкаму. У часе гэтай сустрэчы чыноўнікі абяцалі цягам бліжэйшых дзён вырашыць усе спрэчныя моманты і настойліва раілі, каб галадоўка была спыненая. У прыватнасьці, прадпрымальніцам абвясьцілі, што ня будуць арыштаваныя іхныя машыны, чаго раней патрабавалі супрацоўнікі падатковай інспэкцыі.

Распавядаючы пра намер спыніць галадоўку, Любоў Рэзановіч кажа, што калі ўлады ня выканаюць сваіх абяцаньняў, акцыя пратэсту неўзабаве можа быць адноўленая ў іншых маштабах.

(Рэзановіч: ) “Мы выходзім з галадоўкі, але калі цягам тыдня яны нічога ня прымуць, нас будзе ў пяць разоў болей. І ўсе мы зноў пачнём галадоўку”.

Падставай для галадоўкі стаўся намер падатковых службаў спагнаць зь берасьцейскіх уладальнікаў таксовак ад 20 да 50 мільёнаў рублёў як так званыа рэспубліканскі збор. Гэты збор быў уведзены ўказам Аляксандра Лукашэнкі летась у красавіку, аднак дзеяньне ўказу распаўсюдзілі і на аўтамабілі, увезеныя ў Беларусь значна раней.

Спробы аспрэчыць дзеяньні падатковай інспэкцыі ў судовым парадку скончыліся паразай прадпрымальнікаў. Аднак у часе галадоўкі зьявілася распараджэньне намесьніка старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду Яўгена Сьмірнова, паводле якога на паўтара месяца прыпыняецца выкананьне вынесеных судовых рашэньняў у гэтай справе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG