Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бернардын Фельтарскі і беларускія банкі


Міхал Стэльмак, Менск 28 верасьня ў сьвеце адзначаецца як Дзень памяці Бернардына Фельтарскага – апекуна банкіраў і ўладальнікаў лямбардаў. Пра яго вядома, што нарадзіўся ён у 1439 годзе. Быў ён францысканскім манахам, які ў тагачаснай Італіі ўвёў сыстэму фінансавых установаў кшталту сучасных касаў узаемадапамогі. Вядома таксама, што ён актыўна змагаўся супраць сквапнасьці.

У сьпісе памятных датаў беларускага афіцыйнага і неафіцыйнага календара Дня памяці Бернардына Фельтарскага няма. Ягонае імя ня ведаў ніводзін з супрацоўнікаў беларускіх лямбардаў, да каго я зьвяртаўся. У асяродзьдзі банкіраў і банкаўскіх службоўцаў пра асобу сярэдневяковага манаха таксама ня чулі. Начальнік упраўленьня інфармацыі Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў патлумачыў гэта наступным чынам:

(Драздоў: ) “Хутчэй за ўсё, прычына банальная – няма інфармацыі. Па-першае, далёка ня ўсе банкаўскія службоўцы – вернікі. Калі чалавек сярэдніх гадоў, то ён вырас у атэістычным Савецкім Саюзе. І тады вера ў Бога не віталася. Гэта – раз. Па-другое, сярод вернікаў пераважаюць праваслаўныя. А гэты Бернардын – католік”.

Спадар Драздоў дадаў, што калі нехта з супрацоўнікаў беларускіх банкаў і ўшаноўвае памяць Бернардына Фельтарскага, спадзеючыся на ягоную дапамогу ў фінансавых справах, то Нацыянальны банк шкодзіць гэтаму не зьбіраецца. У Асацыяцыі беларускіх банкаў, якая аб’ядноўвае большасьць банкаўскіх установаў краіны, пра старасьвецкую традыцыю міжнароднай банкаўскай супольнасьці таксама ня чулі. Паводле некаторых экспэртаў, у гэтым няма нічога дзіўнага. Як сама Асацыяцыя, так і асобныя айчынныя банкі маюць абмежаваныя міжнародныя кантакты з прычыны фактычнай ізаляванасьці беларускай банкаўскай сыстэмы. Эканамічная палітыка краіны не спрыяе яе інтэграцыі ў міжнародную банкаўскую сетку. Як вынік, беларускія банкіры – рэдкія госьці ў Італіі, Францыі, Швэйцарыі, іншых эўрапейскіх краінах, дзе банкаўскія традыцыі маюць шматвяковы ўзрост. Прынамсі, у такіх умовах беларускія банкіры маюць намер усталяваць свае карпаратыўныя традыцыі. Напрыклад, Асацыяцыя распрацоўвае Кодэкс этыкі паводзінаў банкаўскага работніка. Гаворыць старшыня Асацыяцыі Фэлікс Чарняўскі:

(Чарняўскі: ) “Кодэкс грунтуецца на чэснасьці, сумленнасьці, адказнасьці за даручаную справу, захаваньні заканадаўства. І, у першую чаргу, ва ўзаемадачыненьнях адзін з другім ва ўмовах канкурэнцыі. Напрыклад, не робіцца брудны піяр”.

Паводле спадара Чарняўскага, Кодэкс паспрыяе фармаваньню з боку насельніцтва даверу да айчынных банкаў.

Цяперашняя сытуацыя на банкаўскім рынку Беларусі часам складваецца насуперак, гэтаму жаданьню. Напрыклад, “Джэм-банк” накіраваў днямі ў пракуратуру заявы адносна дзейнасьці высокіх дзяржаўных чыноўнікаў, у тым ліку і кіраўнікоў Нацыянальнага банку. Супрацоўнікі “Джэм-банку” абвінавачваюць, у прыватнасьці, намесьніка старшыні Мікалая Лузгіна і начальніка галоўнага ўпраўленьня банкаўскага нагляду Нацбанку Сяргея Дубкова ў “злоўжываньні ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі”. Аднак Анатоль Драздоў пярэчыць:

(Драздоў: ) “Усё, што апошнім часам распаўсюджвае нехта ад імя “Джэм-банку”, уяўляе інтарэс для вузкіх экспэртаў у галіне псыхіятрыі. Мы ня хочам, каб пацярпелі нашы грамадзяне. Мы ня хочам, каб пацярпелі нашы грамадзяне. Мы ня хочам другой “Белбалтыі”. Усё, што мы робім з “Джэм-банкам”, скіравана толькі на гэта. У “Джэм-банка” прыпынена ліцэнзія да выкананьня нашых патрабаваньняў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG