Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ў праекце рэзалюцыі Эўрапарлямэнту ў справах Беларусі?


Алена Струвэ, Менск Сёньня ў Страсбуры сярод дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту распаўсюджаны агульны праект рэзалюцыі па Беларусі. Дакумэнт распрацаваны і ўзгоднены ўсімі парлямэнцкімі фракцыямі. Дэбаты па Беларусі, якія сябры Эўрапарлямэнту называюць вялікімі беларускімі дэбатамі, пройдуць 28-га верасьня позна ўвечары.

Як вынікае з праекту рэзалюцыі, які будзе вынесены на агульнае абмеркаваньне заўтра ўвечары, эўрапейскія парлямэнтары з жалем канстатуюць, што агульная палітычная сытуацыя ў Беларусі пастаянна пагаршаецца і што рэжым выкарыстоўвае ўсе новыя рэпрэсіўныя сродкі супраць сваіх апанэнтаў.

Паводле дакумэнту, аўтары якога прадстаўнікі самых розных парлямэнцкіх фракцыяў, «калі беларускія ўлады ня ў стане палепшыць сытуацыю са свабодай слова, сходаў і свабодай веравызнаньня, Эўракамісія, Рада Эўразьвязу і Эўрапарлямэнт павінны пачаць працэдуру пашырэньня сьпісу беларускіх чыноўнікаў, якім забароены ўезд ў краіны Эўразьвязу, на якіх распаўсюджаныя візавыя санкцыі, а таксама працэдуру замарожваньня актываў беларускіх ўладаў за мяжой».

Як гаворыцца ў дакумэнце, Эўрапарлямэнт вітае намаганьні Эўракамісіі ў справе адкрыцьця незалежнага дзьвюхмоўнага вяшчаньня для Беларусі, падкрэсьлівае важнасьць высокаякаснай і праўдзівай інфармацыі для беларускай аўдыторыі.

Эўрапарлямэнт патрабуе ад кіраўніцтва Эўразьвязу пашырыць раыдёвяшчальныя ініцыятывы, аказаць падтрымку незалежным беларускім СМІ і незалежным няўрадавым арганізацыям. Таксама Эўрапарлямэнт зьвяртаецца да Эўракамісіі з тым, каб тая стварыла заслону на шляху фінансаваньня Эўропай псэўдаграмадзкіх арганізацыяў.

У дакумэнце таксама ўтрымліваецца зварот да Брусэлю падтрымаць дэмакратычна абранае кіраўніцтва Саюзу палаякаў Беларусі ды кіраўніцтва іншых няўрадавых ініцыятываў, якія перасьледуюцца рэжымам Лукашэнкі.

У шэрагу патрабаваньняў эўрапарлямэнтароў да выканаўчых уладаў ЭЗ – абмеркаваньне беларускага пытаньня з расейскімі ўладамі з тым, «каб вызначыць агульную адказнасьць за разьвіцьцё дэмакратыі ў Беларусі».

Эўрапарлямэнтары зьвяртаюцца да ўсіх дзяржаваў-сяброў Эўразьвязу, каб тыя распачалі працэдуру выдачы бясплатных візаў для беларускіх грамадзянаў.

Мы пагутарылі з адной з распрацоўніц гэтага дакумэнту, прадстаўніцай фракцыі зялёных і сябрам парлямэнцкай дэлегацыі па сувязях зь Беларусьсю Элізабэт Шродтэр.

(Шродтэр: ) «Галоўны момант – гэты праект рэзалюцыі падрыхтаваны ў зьвязку зь вялікімі дэбатамі па Беларусі. Дагэтуль мы прымалі гэтак званыя апэратыўныя рэзалюцыі ў зьвязку з пагаршэньнем сытуацыі ў той ці іншай галіне беларускага грамазства». Цяпер жа мы лічым, што трэба праводзіць вялікія дэбаты па Беларусі. Дарэчы, мы вельмі часта праводзім дэбаты па праблемах той ці іншай краіны-суседкі Эўразьвязу. Што да Беларусі, то тут усё значна больш складана, паколькі адсутнічаюць афіцыйныя кантакты, агульная канцэпцыя разьвіцьця добрасуседзтва. У часе заўтрашніх вялікіх дэбатаў мы мусім абмеркаваць агульныя мэханізмы ў справе дэмакратызацыі Беларусі. Эўразьвяз не павінен заставацца сьціплым і пагаджацца з тым, што робіць і сьцьвярджае Лукашэнка».

Паводле Элізабэт Шродтэр, кожная фракцыя Эўрапарлямэнту ўнесла свае канкрэтныя прапановы ў праект рэзалюцыі. Што да фракцыі зялёных, то ім належыць прапанова адносна абвяшчэньня Эўракамісіяй новых тэндэраў для падтрымкі незалежных СМІ і таксама пошукаў новых фінансавых інструмэнтаў што да падтрымкі да падтрымкі палітычных і эканамічных рэформаў у Беларусі. Што да Эўрапейскага зьвязу, то ён прадугледжвае падобныя фінасавыя інструмэнты ў дачыненьні да сваіх суседзяў. Падобныя рычагі ў дачыненьні да Беларусі, аднак, не выкарыстоўваліся, паколькі існуе агульнае меркаваньне, што беларускае грамадзтва не зацікаўленае ў падобных рэформах, паведаміла ў размове са Свабодай дэпутатка Эўрапарлямэнту Элізабэт Шродтэр.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG