Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Леванеўскі за адкрыцьцё ў калёніі пакоя для вернікаў


Алег Грузьдзіловіч, Менск. Валер Леванеўскі дамагаецца адкрыцьця ў Івацэвіцкай калёніі пакоя для вернікаў, а таксама прапануе наладзіць для асуджаных кампутарныя курсы. Між тым, гэтыя ініцыятывы пакуль не падтрыманыя кіраўніцтвам адміністрацыі калёніі.

Лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі, які адбывае пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі, просіць адміністрацыю адкрыць пакой для вернікаў розных канфэсіяў. Пра гэтую ініцыятыву Валера Леванеўскага распавёў Радыё Свабода сын вязьня Ўладзімір Леванеўскі.

(У. Леванеўскі : ) “У Магілёўскай калёніі, дзе бацька знаходзіўся напачатку году, быў такі пакой. А ў Івацэвіцкай яго няма,– маўляў, калёнія яшчэ маладая. Вось бацька і дамагаецца, каб адкрылі такі пакой”.

Паводле Валера Леванеўскага, у Івацэвіцкай калёніі сярод вязьняў большасьць складаюць атэісты, а сярод вернікаў пераважна праваслаўныя . Аднак шмат і каталікоў, пратэстантаў, прадстаўнікоў іншых канфэсіяў. Сам Валер Леванеўскі – каталік. Сын вязьня згадаў, што бацька на волі ня быў заўзятым вернікам, але касьцёл наведваў шмат разоў. У іх сям''і адзначаліся асноўныя рэлігійныя сьвяты. У калёніі цікаўнасьць да рэлігіі ў Валера Леванеўскага, як і ў іншых вязьняў, падвысілася, але там няма месца, дзе вязень без перашкод можа выканаць свой рэлігійны абавязак.

Як паставіліся да ініцыятывы Валера Леванеўскага ў адміністрацыі Івацэвіцкай калёніі? Начальнік калёніі Іван Лукша ў размове са мной асаблівага энтузіязму ня выказаў.

(Лукша: ) “У нас вернікаў наведвае праваслаўны бацюшка, а па нядзелях таксама прадстаўнік пратэстанцкай канфэсіі. На гэта ёсьць дазвол Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. А для асобнага пакою няма памяшканьня. Будзе памяшканьне – тады, магчыма, і адкрыем, калі дазволяць”.

Дарэчы, спасылка на адсутнасьць памяшканьня гучала і раней, калі Валер Леванеўскі дамагаўся адкрыцьця ў Івацэвіцкай калёніі бібліятэкі. Вязень напісаў шмат скаргаў кіраўніцтву турэмнай сыстэмы, а калі памяшканьне было выдзеленае, спрыяў забесьпячэньню кнігамі бібліятэчнага фонду. Паводле дадзеных Валера Леванеўскага, цяпер у турэмнай бібліятэцы больш за тысячу кніг, але ня ўсе з іх задавальняюць начальніка калёніі.

(Лукаша: ) “Прывозяць розную макулятуру, у тым ліку казкі. Скажыце, хто з нас, сур’ёзных людзей, будзе чытаць казкі? Можа, яшчэ Карла Маркса прывязуць?”

Валер Леванеўскі прапанаваў адміністрацыі наладзіць у калёніі кампутарныя курсы для асуджаных. Сабраць кампутар бярэцца сам. Сам можа быць і выкладчыкам. Але гэтая ініцыятыва вядомага вязьня падтрымкі ў кіраўніцтва калёніі пакуль не знайшла.



Для вядучага. Нагадаем, Валер Леванеўскі быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня за паклёп на прэзыдэнта. Ва ўлётцы, якую ён распаўсюдзіў сярод гарадзенскіх прадпрымальнікаў, было сказана: “Прыйдзі і скажы, што ты супраць таго, каб нехта за твой кошт езьдзіў ў Аўстрыю адпачываць, катацца на лыжах, жыць у сваё задавальненьне”. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Валера Леванеўскага вязьнем сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG