Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Група дэлегатаў Кангрэсу дэмсілаў – з альтэрнатыўнымі дакумэнтамі


Альгерд Невяроўскі, Менск Частка дэлегатаў маючага адбыцца ў Менску 1-2 кастрычніка Кангрэсу дэмакратычных сілаў будзе прапаноўваць яго ўдзельнікам свае праекты рэзалюцыяў, якія адрозьніваюцца ад распрацаваных рабочай групай аргкамітэту.

Гэтыя дэлегаты называюць сябе Міжрэгіянальнай групай і лічаць, што праекты аргкамітэту носяць дэкляратыўны характар. Іхныя апанэнты – кіраўнікі партыяў - гавораць, што гэтая група хоча стварыць альтэрнатыўны палітычны цэнтар.

У гэтую групу ўвайшлі ў асноўным рэгіянальныя актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі – Марына Багдановіч, Юры Варонежцаў, Леў Марголін, прадстаўнікі некалькіх грамадзкіх арганізацыяў, а таксама вядомы рэжысэр Юры Хашчавацкі. Яны выступаюць за заключэньне на Кангрэсе грамадзкай дамовы прыхільнікаў пераменаў і вяртаньня Беларусі на шлях дэмакратыі.

Міжрэгіянальная група выступае й за стварэньне Руху прыхільнікаў пераменаў. Гаворыць адзін зь лідэраў Міжрэгіянальнай групы Леў Марголін:

(Марголін: ) “Мы можам і працу Кангрэсу, пасьля заканчэньня гэтых паседжаньняў, і працу гэтага руху, які хацелася б ініцыяваць пасьля Кангрэсу, накіраваць на стварэньне новай краіны, новай дзяржавы. Новая дзяржава – гэта значыць новая Канстытуцыя, новая сыстэма законаў, якія б, сапраўды, маглі спрыяць станаўленьню ў нашай краіне грамадзянскай супольнасьці”.

Дэлегаты Міжрэгіянальнай групы лічаць, што Кангрэс не павінен стаць разавай акцыяй. Яго прапануюць склікаць час ад часу. А ў пэрыяд паміж Кангрэсамі, да фармаваньня выканаўчых органаў, мог бы працаваць Рабочы сакратарыят.

Менавіта супраць гэтага палажэньня выступаюць удзельнікі Сталай нарады дэмсілаў. Гаворыць намесьнік старшыні аргкамітэту Кангрэсу Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “Іх прынцыповая пазыцыя ў тым, што Рабочы сакратарыят Кангрэсу павінен падпарадкоўвацца толькі Кангрэсу і нікому больш. А гэта значыць, што калі няма Кангрэсу, то нікому. А з гэтым мы ня можам пагадзіцца”.

Кангрэс павінен абраць Палітычную раду на чале з адзіным кандыдатам у прэзыдэнты. Усе іншыя палажэньні рэзалюцыяў Міжрэгіянальнай групы, паводле сп.Дабравольскага, могуць разглядацца Кангрэсам. Абодва бакі сьцьвярджаюць, што расколу ў шэрагах беларускай апазыцыі з гэтае прычыны не адбудзецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG