Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гумны, Крупскі раён


Віталь Сямашка, Гумны, Крупскі раён Прызнаюся адразу, што каб ня “Опэль” ды актыўнасьць апошняга фэрмэрскага рамантыка, як называюць у Крупскім раёне Меншчыны майго новага знаёмага Васіля Бараўлю, я б так і не патрапіў у ягоную вёску Гумны.

І ня толькі таму, што да Крупак ды Бярэзіна, найбліжэйшых населеных пунктаў, ад вёскі пасярод лясоў ды дрыгвы 50 кілямэтраў з гакам. Як паведамілі старавечніцы цёткі Валянціна ды Ірына Сінякі, а таксама Валянціна Шклоўчык, зусім ня факт, што патрапіш на адзін з двух аўтобусаў, якія штотыдзень мусяць даходзіць да Гумноў.

(Спадарыня: ) “У зубны трэба ехаць — на чым?! Я ўчора сядзела да вечара, хацела ў бальніцу — таблетак няма. Аўтобус ня быў”.

(Карэспандэнт: ) “Дык гэта летам, а ўзімку?”

(Спадарыня: ) “Часам і зусім можа ня быць…”

Дакладней, папросту не даходзіць — пясчаную дарогу замятае ўшчэнт. Недарэмна ў раёне Гумноў у часе вайны 1812-га пасьпяхова хаваўся са сваімі партызанамі Дзяніс Давыдаў. Дый будаўніцтва Гумноўскага шляху, можна сказаць, легенда з часу імпэратрыцы Кацярыны ІІ, у 18 стагодзьдзі, калі паселішча было пазначанае як буйны стратэгічны пункт на расейскіх вайсковых картах. Вось што мне распавёў сам Васіль Бараўля, гісторык паводле адукацыі:

(Васіль: ) “Першы раз дарогу да нашай вёскі будавалі ў 1914 годзе. Але пачалася першая ўсясьветная вайна, і дарогу закінулі, зарасла лесам. Другі раз будаваць пачалі ў 1939 годзе, але пачалася другая ўсясьветная. У 1980-я гады вёску пад’ядналі да Ўхвальскага сельсавету і пачалі будаваць дарогу. Жыхары старэйшага пакаленьня былі вельмі напалоханыя, бегалі і крычалі, што пачнецца трэцяя сусьветная вайна. Але пачалася перабудова… (Сьмяецца.)”



Апошні кавалак дарогі да сваёй гаспадаркі былы першы сакратар райкаму камсамолу і наваяўлены фэрмэр дабудаваў за свае грошы, хоць, паводле заканадаўства, пад’язныя шляхі мусіла зрабіць дзяржава. Зрэшты, лесавозы зь дзяржаўнага лясгасу яе штодзень пасьпяхова трамбуюць: бачыў на свае вочы. Сельсавет жа, да прыкладу, ня можа выканаць абяцанага і аплаціць тутэйшым будаўніцтва калодзежа, якое зрабілі ўсевясковым суботнікам. Дый што там, не ўкладзі той жа Бараўля (чым не рамантык!) чатыры тысячы даляраў на пракладку 13 кілямэтраў кабэлю, да Гумноў я б, у прынцыпе, не датэлефанаваўся, кажуць мне знаёмыя ўжо бабулі, да якіх далучыўся цёзка фэрмэра — таксама Васіль Адамавіч Бараўля, але 70-гадовы.

(Спадары: ) “Тэлефоны два на ўсю вёску, падавалі заявы, сказалі, у будучым годзе мо будуць везьці лінію. Няма куды хадзіць званіць!.. Я вам скажу: хто нам памагае — сельсавет?! А навошта яго трымаць — каб плаціць страхоўку 7 тысяч?! Я б, дапусьцім, сам мог бы летам падпрацаваць — дык у нас ні калгасу, ні саўгасу!.. Я здала 1 тону 200 кіляграмаў сена гады тры, хай бы лепш прапала, чым я здала ў калгас — і па сёньня не заплацілі, стог сена стаяў!.. Тут пустых хат — дзьве трэці дзярэўні. Ай… Мы зьнікаем, і ўсё. Лукашэнка вунь балбоча толькі, а ў нас па-старому як было, дык і ўсё…”

За апошнія пяць гадоў колькасьць насельнікаў скарацілася ўдвая — да 117 чалавек. Працэс гэты няспынны, сьведчыць асоба, у якой усё навідавоку. Я пра загадчыцу крамы Алену Сіняк. Уласна ў краме яна бывае ў тыя нешматлікія дні, калі вяскоўцы атрымліваюць грошы — тады нагандлёўвае 300—400 тысяч. Калі што патрэбна тэрмінова, да яе заходзяць дахаты — балазе, жыве паблізу ад крамы. Кажа спадарыня Алена:

(Алена: ) “У нас бальніцы, школы няма — во толькі засталася крама гэта. Пэнсіянэрам, як зь пятага дня пачынаюць даваць — во тады і выручка. Рабочых у нас няма, у лясьніцтве толькі чалавекі чатыры. Фэрма заняпала. Езьдзяць, праўда, камэрсанты са сваімі машынамі…”

(Карэспандэнт: ) “Моцная для вас канкурэнцыя?”

(Алена: ) “Ня вельмі. Цяпер і ў нашай краме куры, фарш, кілбаса. Проста ў іх на 10 рублей дзешавей. І пэнсіянэру прывозяць дадому — вёска ж на 2 кілямэтры”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі Гумны пратрымаюцца, вы думаеце?”

(Алена: ) “Яшчэ пратрымаюцца крыху, але нямнога…”

Спадарыню Алену ўсе называюць Уладзімераўнай. І ня толькі дзеля павагі, асноўныя прозьвішчы ў вёсцы — Сінякі ды Бараўлі. У сувязі з чым здараюцца камэдыйныя гісторыі, адну зь іх са сваёй студэнцкай маладосьці распавяла жонка Васіля Бараўлі Алена — якраз пра нядаўняга суразмоўцу.

(Алена: ) “Калі я вучылася ў Менску, мае пісьмы спачатку чытаў яшчэ адзін Бараўля Васіль Адамавіч, якому было ўжо за шэсьцьдзесят, а потым яны ўжо траплялі да майго Васіля!”

У часе майго прыезду ў вёсцы адбываліся дзьве найважнейшыя сельскагаспадарчыя кампаніі — пачалі капаць бульбу і напоўніцу ішоў збор грыбоў-ягадаў, якіх у навакольных лясах процьма, за дваццаць хвілінаў аматары, кажуць, зьбіраюць вядро баравікоў. Зрэшты, я сустрэўся з адным з грыбнікоў — 16-гадовым сынам лесьніка Міхасём Сіняком, які адмыслова прыехаў з інтэрнату, дзе вучыцца разам з адзіным у Гумнах сваім аднагодкам. Міхась, апрануты ў хакі, сядзеў напагатове на ганку. На двары — вёдры ды кошыкі.



(Карэспандэнт: ) “Сам лес любіш?”

(Міхась: ) “Канечне, кожны дзень хаджу летам у грыбы-ягады. Амаль усе Гумны ходзяць. Тысяч па 5 кіляграм лісіцаў, ягады 3300 за кіляграм…”

(Карэспандэнт: ) “І твой дзённы лясны ўраджай?”

(Міхась: ) “На 25—30 тысяч умеючы — ведаю, дзе растуць. Тут болей нічога няма, толькі што лес. Хто тут застанецца — маладыя ўсе пазьяжджаюць. Я хачу быць у памежных войсках. Адразу паступлю на егера, а тады пайду ў войска…”

На прысядзібных бульбяных палетках разгаварыліся са спадаром Міхасём Мельнікам, электрасьлесарам з Барысава, што прыехаў дапамагчы старым.



(Міхась: ) “Дзеду 70, бабе 70. Калі мы не прыедзем, жыць ня будуць. Хлопцы маладыя, паглядзіце — яны ж толькі гарэлку п’юць. П’янства ў вёсцы — жахлівая справа. Дык у іншых вёсках рабуюць, забіраюць курэй, сьвіней. Тут яшчэ не дапіліся да гэтага. Але маладыя мальцы па трыццаць — не жаніліся і жаніцца ня будуць, усё ў гарэлцы. У гэтай вёсцы чалавек дзевяць такіх. За што жывуць? Бацькі жывыя, за іх пэнсію і каму што дзе — дапамагаюць пэнсіянэрам, заробяць, а сваёй будучыні ў іх няма. Лукашэнка робіць выгляд, што ён нічога ня бачыць, але проста заплюшчваюць вочы на гэта. Ухваляюць, што народ добра жыве. Ня добра! Ня хочацца нікому нічога верыць. Нешта будзе, так доўга цягнуцца ня будзе…”

(Карэспандэнт: ) “А што можа быць?”

(Міхась: ) “Можа, за вілы брацца ня будзем, але трэба думаць абавязкова — я так думаю…”

* * *

Час падрабязьней патлумачыць, чаму адзінага ў Гумнах фэрмэра Васіля Бараўлю лічаць “апошнім рамантыкам”. Сёлета ў непэрспэктыўнай, як афіцыйна лічыцца, вёсцы Васіль бяз дай прычыны, паводле меркаваньня многіх, уклаў 100 мільёнаў рублёў у пасадку васьмі тысяч саджанцаў яблынь. Альбо яшчэ. Штодзень намотвае 80 кілямэтраў паміж нейкімі Гумнамі, дзе ў яго хоць і 42 гектары зямлі, але 30 зь іх пад парамі, ды Дакудавым, дзе ў яго дрэваперапрацоўчы цэх з шасьцю магутнымі “Ўраламі”, трыма “КАМАЗамі”, пяцьцю трактарамі, іншым транспартам. Але сам Бараўля рамантыкам сябе ня лічыць — дарэчы, толькі падаткаў штомесяц ён плаціць у бюджэт на 10—15 мільёнаў. Проста ён мае сваю канцэпцыю разьвіцьця фэрмэрскай справы.



(Васіль: ) “Самая вялікая памылка, што сяло можа выратаваць сельская гаспадарка — надоі, прывесы, малако, мяса. Ніколі яна не была прыбытковай, яна пастаянна патрабуе датацыяў ад дзяржавы. Нашу вёску можа выратаваць толькі эканоміка. Сродкі, якія атрымліваем ад дрэваперапрацоўкі, укладаем у сад, будуем два дамы ў вёсцы, думаем, што тут будуць жыць. Вельмі сьмешна, напрыклад, калі сёньня лес з маёй вёскі Гумны вывозіцца ў Менск і там апрацоўваецца, гэта эканамічна нявыгадна — вывозіць на вялікай тэхніцы, паліць паліва, калі можна перапрацаваць тут і прадаць гатовую прадукцыю гораду”.

Вось такія пляны на Гумны, якія, лічыць Бараўля, змогуць стаць выратавальнымі для роднай вёскі. Між іншым, ужо сёньня ён забясьпечвае Беларускую чыгунку на 100% маставым брусам. Зьяўляецца адным зь лідэраў вытворчасьці шпалаў з наладжанымі крыніцамі збыту ў Калінінградзе ды Швэцыі, Францыі ды Літве. У нечым ён нават згодны з апошнімі выказваньнямі Аляксандра Лукашэнкі. Але па-свойму — і толькі ў нечым.

(Васіль: ) “Тэзіс прэзыдэнта, што фэрмэрства ня склалася, апраўданы ў тым пляне, што пра якое фэрмэрства можна весьці гаворку, калі няма прыватнай уласнасьці на зямлю?! Сёньня я пасадзіў сад. Калі мая дачка не захоча займацца маёй справай, гэта вельмі вялікія сродкі — я не змагу прадаць сваю працу!”

(Карэспандэнт: ) “Тады пракамэнтуйце і другую частку выказваньня Лукашэнкі, што фэрмэрства краіне не патрэбнае”.

(Васіль: ) “Нашаму прэзыдэнту шмат што не патрэбна ў нашай краіне. Гэтыя аграгарадкі — тупіковы шлях разьвіцьця сельскай гаспадаркі. У 1960-я гады мы праходзілі гэта пры Мікіту Хрушчову. Напрыклад, у Гумнах быў свой калгас, мэхдвор — я памятаю, каля дваццаці мэханізатараў, была школа — вучылася 200 дзяцей. Узбуйнілі і тым самым на маёй вёсцы паставілі крыж. Сёньня пабудуюць аграгарадкі — зруйнуюць усе астатнія вёскі”.

(Карэспандэнт: ) “А аграгарадкі — колькі вы даяце — змогуць праіснаваць?”

(Васіль: ) “У дзяржавы няма грошай на сёньняшні дзень дабудаваць гэтыя гарадкі…”

(Карэспандэнт:) “Чаму фэрмэрства сёньня ня ўдзельнічае ў палітыцы?”

(Васіль: ) “Палітычна незалежнымі людзі будуць толькі тады, калі эканамічна моцныя. На сёньняшні дзень яны стаяць на каленях, таму аб палітычнай свабодзе нельга гаварыць”.

І ўсё-ткі наш герой разумее, што, як ён кажа, на 90% посьпех справы залежыць ад людзкіх рэсурсаў, якасьць якіх пакідае жадаць лепшага, кажа спадар Бараўля.

(Васіль: ) “Людзі, якія прыходзяць да нас з СВК, скалечаныя сыстэмай, не прызвычаіліся працаваць з васьмі да сямнаццаці. Вось вясной пасяўная, яны могуць тыдзень-другі дваццаць гадзін працаваць, месяц-два восеньню, потым атрымаюць грошы і кідаюць працу. За мінулы год у маёй гаспадарцы прайшло парадку двухсот чалавек. Мы паставілі жорсткае патрабаваньне: хто злоўжывае сьпіртнымі напоямі, будзем звальняць з працы. Прыйшлося прымяніць на практыцы”.

У Гумнах чатырнаццаць гадоў жыве і працуе адзін зь дзесяці братоў і сясьцёр Васіля — Аляксей, які кажа ў працяг размовы:

(Аляксей: ) “А што ім рабіць? Хіба цікава — адпрацаваць восем гадзін у калгасе і зарабіць адну капейку? Скрадуць што-небудзь, во так і п’янкі гэтыя арганізоўваюцца, да працы адносіны такія. І ў Гумнах засталіся людзі прапітыя…”

Затое без ваганьняў быў узяты на працу вартаўніком 29-гадовы прапаведнік Сяргей Радкевіч, які па-свойму тлумачыць свой удзел, як ён кажа, у камандзе Бараўлі:

(Радкевіч: ) “Калісьці біблейскі цар Давід казаў: Госпадзі, не давай мне багацьця, каб я не забыў цябе, і ня дай гароты, каб не пачаў красьці і ўжываць тваё імя дарэмна. Я лічу, фэрмэрская дзейнасьць якраз ілюструе Давідавы словы: фэрмэр мае магчымасьць ня жыць бедна, але мае шанец быць духоўным і рабіць дабро людзям”.

Са спадаром Васілём ды ягоным сямействам выяжджаем з Гумноў. Гледзячы на перакошаныя пустыя хаты, не магу ўстрымацца:

(Карэспандэнт: ) “На што ў вас спадзеў, калі моладзь зь вёскі сыходзіць?”

(Васіль: ) “Будзем будаваць жыльлё для тых, хто ў нас будзе працаваць, будзем рыхтаваць кадры, трымаць людзей высокімі заробкамі. Я хачу, каб такіх фэрмэраў, як Васіль Бараўля, і ў маёй вёсцы, і ў суседняй былі дзясяткі. Гэта шлях, які выцягне нас з эканамічнай багны, у якой апынуліся…”

Гледзячы па ўсім, жаданьне бацькі і розумам, і сэрцам успрыняла 15-гадовая дачка Вольга. Яна на свае вочы бачыць, што такое працаваць, як кажа бацька, 25 гадзін на суткі, альбо дзесяцігодзьдзе ня быць у адпачынку. Тым ня менш, марыць стаць прадаўжальніцай, атрымаць эканамічную адукацыю.



(Вольга: ) “Мне падабаецца тое, чым займаецца бацька, і хацелася б рабіць тое, што і ён. Мне б не хацелася рабіць 25 гадзін у суткі, але дзеля дасягненьня мэты я б рабіла гэта. Я сама садзіла сад, і ў гэтым годзе вельмі прыемна трымаць яблыкі, якія вырасьціла, і я хачу, каб гэта паўтаралася гадамі”.

Цягам усяго дня чакалі прыезду яшчэ аднаго роднага брата Васіля Бараўлі — Міхася, вядомага на Крупшчыне паэта. На жаль, не дачакаліся, але агучаны жонкай Аленай ягоны верш, прысьвечаны Гумнам, застаўся на стужцы:

(Алена: ) “Да ніткі апошняй уладай разьдзетая, Туманам падманаў, як Богам спавітая, Яна ў Бога просіць пагоднае лета І колас жытнёвы да краю наліты. Нічога ёй болей ня трэба ад лёсу, Была б толькі ніва, як шчотка густая, Стаіць мая вёска ў сьнежных заносах І сьпелыя думкі ў сявеньку зьбірае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG