Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Эквівалент” Быкава ў зборніку эміграцыйнае прозы


Валянціна Аксак, Менск Пабачыла сьвет на радзіме яшчэ адно новае апавяданьне Васіля Быкава. Яно надрукаванае ў зборніку эміграцыйнае гістарычнае прозы, які выйшаў пад грыфам бібліятэкі Міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Назва апавяданьня “Эквівалент” дало загаловак і ўсяму зборніку.

Зборнік эміграцыйнае гістарычнае прозы склалі дзевяць беларускіх літаратараў, якіх лёс закінуў у Амэрыку, Аўстралію, Нямеччыну, Фінляндыю. Але ўсе сюжэты твораў пабудаваныя на матар’яле з беларускае гісторыі. Героі ўключанага ў зборнік апавяданьня Васіля Быкава “Эквівалент” жывуць нібы па-за часам і прасторай, але рэаліі сёньняшняе Беларусі пазнаюцца з першага сказу – “У адной, далёка ад нас, хоць і ня надта разьвітай краіне ўзьніклі праблемы з бюджэтам”… Гістарычным празаікам Быкаў сябе не лічыў. Зрэшты, як і эмігрантам, хоць і жыў апошнія гады за мяжой. Аднак складальнік кнігі Лявон Юрэвіч запярэчыў.

(Юрэвіч:) “Можна спрачацца, што такое эмігрант. Значэньні панятку розныя. І калі гэта чалавек па-за межамі бацькаўшчыны, тады тут вялікай розьніцы няма – што Віцьбіч, што Быкаў, што Сьвятлана Алексіевіч, што Разанаў. Але чамусьці так атрымліваецца, што ў дачыненьні да хвалі паваенных эмігрантаў – гэта стопрацэнтовыя эмігранты, якія зьехалі і ўсё, а да людзей сёньняшніх творчых, якія гонар бацькаўшчыны, слова эмігрант нібы ніяк не стасуецца”.

Ідэя выданьня кнігі эміграцыйнае гістарычнае прозы належыць знанаму дзеячу беларускага замежжа дырэктару Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўту Кіпелю. Ён хацеў даць такую папулярную кнігу для чытаньня,якая б абудзіла больш шырокую цікавасьць да творцаў беларускае эміграцыі. Таму ў кнізе няма разгорнутае прадмовы і нават мінімальных камэнтароў. Складальнік лічыць, што сёньня любы чытач можа самастойна знайсьці патрэбныя зьвесткі пра пісьменьнікаў-эмігрантаў, а ў гэтай кнізе задача была паказаць жанравую і стылістычную разнастайнасьць празаікаў беларускага замежжа.

(Юрэвіч:) “Ідэя была даць творы рознага напрамку. Гэта і гістарычны раман Уладзімера Случанскага “Драбы”, гэта і лягернае апавяданьне Міколы Целеша “Янка сеяў – людзі жалі”, гэта і Васіль Быкаў, які даслаў сваё апавяданьне нам сюды ў Нью-Ёрк зь Фінляндыі…”

Гэткім чынам упершыню сабраныя пад адной вокладкай празаічныя творы Юркі Віцьбіча, Сяргея Хмары, Уладзімера Сядуры, Уладзімера Дудзіцкага, Антона Адамовіча, Міколы Целеша, Янкі Юхнаўца, Уладзімера Случанскага і Васіля Быкава дазволяць чытачу ўбачыць прыкметны пласт літаратуры беларускае эміграцыі, лічыць спадар Юрэвіч. Тым больш, што выдадзеныя свой час пераважна ў краінах жыцьця іх аўтараў, чытачу на радзіме яны сёньня практычна не даступныя.

Зборнік эміграцыйнае гістарычнае прозы “Эквівалент” выдадзены ў Менску ў недзяржаўным выдавецтве “Беларускі кнігазбор” і стаўся сёмаю кнігаю бібліятэкі “Бацькаўшчыны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG