Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы павялічваюць кантрабанду свойскай жывёлы ва Ўкраіну


Вячаслаў Кулік, Менск У Кобрынскім раёне на Берасьцейшчыне створаны штаб з прадстаўнікоў памежных войскаў, міліцыі, падатковай інспэкцыі і вэтэрынарнай службы. Мясцовая ўлада патрабуе ад новай структуры прадухіляць спробы незаконнага перамяшчэньня празь беларуска - украінскую мяжу буйной рагатай жывёлы.

Старшыня сельсавету памежнай вёскі Дамачава Кобрынскага раёну Валянцін Трубчык у гутарцы з карэспандэнтам Свабоды адзначыў, што перапродаж хатняй жывёлы зь Беларусі ва Ўкраіну за шматлікія гады набыў будзённасьць. Адпаведна і барацьба з так званай кантрабандай не была раней надзвычайнай. “Зараз умовы зьмяніліся”, -- паведамляе старшыня.

(Трубчык: ) “Прычына -- эканамічная, у першую чаргу. Розьніца ў цэнах, што тут казаць. Гэта ж усім відавочна і зразумела. Зрабі іншую розьніцу і з Украіны можа пайсьці. Мяжа ёсьць мяжа. Наколькі яна сёньня ахоўваемая? Празрыстая...”

Стварыць “жалезную” заслону на мяжы з Украінай у Кобрыне вырашылі з дапамогай сілы.

(Трубчык: ) “Штаб створаны. Праваахоўныя органы туды ўвайшлі: пракуратура, КГБ, міліцыя. Рэйды арганізуюць, працуюць. Ведаю, так. Таму што да мяне прыяжджаць на тэрыторыю, займаюцца гэтай барацьбой. Такія зводныя групы”.

Кан”юктуру на мясным рынку адсочваюць мэнэджэры Кобрынскага мясакамбіната. Адзін зь іх -- Мікалай – лічыць, што дзяржаўнае прадпрыемства ня здольнае пераламаць сытуацыю цывілізаваным чынам.

(Мікалай К.) “З-за адной галавы за некалькі кілямэтраў мы ня едзем. Калі сюды везьці, чалавеку трэба шукаць транспарт. А гэтыя камэрсанты пішуць аб”явы ў раённай газэце, аб”яў – мора: “Куплю карову, сьвіней, каня. Прыеду, забяру сваім транспартам”.

Паводле суразмоўцы, Беларусь траціць мяса - каўбасны бізнэс ва Ўкраіне, бо палітычны вэктар краіны разьвернуты пакуль у далёкі бок Расеі. Начальнік гандлёвага аддзелу Кобрынскага мясакамбіната Сцяпан Бувака таксама не стаў адмаўляць, што Ўкраіна блізка, але Масква – даражэй.

(Бувака: ) “Мы ва Ўкраіну ня возім. Частку перапрацоўваем, лішку на Расею прадаём”.

Там, дзе не могуць дамовіцца палітыкі, вырашае народ. Дзед - паляшук Серафім Канапацкі перакананы: як бы тутэйшых не пільнавалі, уся роўна выратуюць “партызанскія сьцяжынкі”. Ён кажа, што зараз за аднаго каня на Ўкраіне даюць двайную аплату.

(Канапацкі: ) “Калі конь 600 кіляграмаў, то гэта 500 даляраў. Здаць яго ў нас на мясакамбінат, то выходзіць 240 даляраў ўсяго”.

(Карэспандэнт: ) “Дык ёсьць з-за чаго рызыкаваць?”

(Канапацкі: ) “Так, кустамі, лесам. Цяпер жа суха, куды накіраваўся, туды і пайшоў па лесе. Гэта ж ня цалкам мяжа. А месцы такія ёсьць”.

Кіраўніцтва Пінскага памежнага атраду напярэдадні ў панядзелак паведаміла, што на мяжы сёлета канфіскавана 64 каровы і 15 коней. Колькі жывёлы насамрэч трапіла на украінскі бок, памежнікі не ўдакладняюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG