Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрылася выстава “Марк Шагал. Колер у чорна-белым”


Іна Студзінская. Менск Сёньня ўвечары ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі адкрылася міжнародная выстава “Марк Шагал. Колер у чорна-белым”. У адкрыцьці імпрэзы брала ўдзел унучка мастака Мэрэт Мэйер-Грабэр. Арганізатары выставы – амбасады Нямеччыны і Францыі ў Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі. На адкрыцьці выставы ў Менску пабывала наша карэспандэнтка.

Такое ўражаньне, што на адкрыцьцё выставы графікі Шагала прыбыў увесь дыпляматычны корпус, акрэдытаваны ў Беларусі. Кіраўнік францускай дыпляматычнай місіі Стэфан Шмялеўскі пажартаваў, што для амбасадараў Францыі адкрываць выставу Шагала – даволі звыклая зьява, толькі ў Беларусі гэта ўжо пятая выстава.

(Шмялеўскі: ) “Сёньняшняя падзея напаўняе мяне асаблівай радасьцю і надзеяй як раз прысутнасьцю спадара Гедройца, іншых афіцыйных асобаў. Трэба ўвесьці вывучэньне творчасьці Шагала ў беларускіх школах, ВНУ, шырэй прапагандаваць творчасьць вашага славутага мастака. Беларусам сапраўды ёсьць кім ганарыцца”.

Выстава прысьвечаная графічнай творчасьці Шагала. На ёй прадстаўленыя малюнкі віцебскага і парыскага пэрыяду, а таксама афорты і ксыляграфіі, зробленыя мастаком у 1922-23 гадох у Бэрліне. Значную частку ўнікальных твораў прадставілі нашчадкі Шагала, расейскі Дзяржаўны музэй выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна. Рэпрэзэнтаваны 9 рарытэтных кніжных выданьняў з ілюстрацыямі мастака, рэпрадукцыі вітражоў Шагала з царквы сьвятога Стэфана ў Майнцы.

Мастацтвазнаўца Ларыса Фількенштэйн вельмі ганарыцца, што ў Беларусі ўпершыню творы Шагала былі выстаўленыя менавіта ў яе галерэі “Брама”.

(Фількенштэйн: ) “Мы адчуваем, які гэта вялікі малявальшчык, як ён валодае лініяй, кропкай, плямай, як яны вольна спалучаюцца, як яны набываюць колер! Як гэты чорны робіцца розным, як гэты белы робіцца каляровым,як колер набывае новае жыцьцё ў гэтых чорна-белых спалучэньнях. Яны губляюць чорна-беласьць, яны губляюць максымалізм, яны губляюць плоскаснасьць, і набываюць глыбіню – візуальную і духоўную”.

Перад адкрыцьцём выставы ўнучка мастака Мэрэт Мэйер-Грабэр правяла прэсавую канфэрэнцыю, на якой выступіла з заявай наконт выкарыстаньня імені Шагала ва ўсялякага кшталту камэрцыйных праектах. У многіх краінах сьвету прадаецца гарэлка “Марк Шагал”. На бутэльцы мэдальён, партрэт Шагала – перакуленая фатаграфія 1911 году, выявы Віцебску.

Гаворыць спадарыня Мэрэт Мэйер-Грабэр:

(Мэйер: ) “Вытворчасьць і дыстрыбуцыя гарэлкі Шагал у прынцыпе былі забароненыя. І мы цяпер змагаемся за тое, каб забараніць продаж такой гарэлкі ва ўсім сьвеце. І мы, нашчадкі Шагала, хацелі б заявіць, што продаж і распаўсюд гэтай гарэлкі ня мае ніякага дачыненьня да дзейнасьці Камітэту Шагала, нашчадкаў Шагала”.

Што да дзейнасьці менскага Антыкварна-аўкцыйнага Дому “Парагіс”, які пэрыядычна выстаўляе на аўкцыёны творы Шагала, унучка паведаміла, што яна прыехала у Менск як прыватная асоба на адкрыцьцё выставы. Шагалаўскі камітэт нічога нікому забараніць ня можа, можа толькі пацьвердзіць ці абвергнуць сапраўднасьць твораў.

***

Што да жывапіснай працы “Певень”, якая была прададзеная на аўкцыёне ў траўні, унучка мастака паведаміла, што існуе тры фальшывыя вэрсіі гэтай карціны, зарэгістраваныя ў архівах. Увесну ў Маскве на сэмінары ў Трацьцякоўскай галерэі гаворка ішла пра 60 фальшывых літаграфій Шагала. Каляровыя літаграфіі “Жанчына-птушка” і “Зялёны скрыпач”, што былі выстаўленыя на аўкцыёне “Парагісу” 25 верасьня, Мэрэт Мэйер-Грабэр ня бачыла, таму ацэньваць іх аўтэнтычнасьць ня можа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG