Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускамоўнай школе пачаткоўцаў сталі навучаць на расейскай


Казімер Яноўскі, Добрускі раён З пачаткам навучальнага году ў беларускамоўнай Вуцеўскай сярэдняй школе Добрускага раёну пачаткоўцаў сталі навучаць на расейскай мове. Колькасьць школьнікаў у рэгіёне, якія навучаюцца па-беларуску, з кожным годам скарачаецца.

Вуцеўская сярэдняя школа ў Добрускім раёне была да апошняга часу адной зь дзьвюх школаў, дзе ўсе прадметы выкладаліся па-беларуску. І вось цяпер сытуацыя зьмянілася. Апавядае настаўнік гэтай школы Адам Варанец:

(Варанец: ) “У нашай школе ў гэтым годзе перавялі першую і другую клясы на расейскую мову навучаньня. Галоўная таму прычына, што дзеці, якія заканчваюць беларускамоўную школу, ня маюць далей магчымасьці працягваць вучобу на беларускай мове. Калі яны паступаюць, то здаюць экзамэны на расейскай мове. І далей навучаюцца па-расейску. Калі б быў адкрыты хаця б адзін беларускамоўны ўнівэрсытэт, была б магчымасьць дзецям працягваць навучаньне на беларускай мове. Гэта была б нармальная зьява для Рэспублікі Беларусь”.

Дырэктарка школы Вольга Раманенка ў свой час распавядала мне, што настаўнікі шмат сілаў прыклалі, каб пераканаць бацькоў у неабходнасьці навучаньня на роднай мове:

(Раманенка: ) “Бацькі нам паверылі ў тое, што ў Беларусі дзеці павінны навучацца па-беларуску. Няхай будуць расейская, ангельская, нямецкая мовы, але асноўная павінна быць беларуская мова. Калі ж нашы дзеці паехалі паступаць у навучальныя ўстановы, то мы даведаліся, што ніякіх беларускамоўных групаў там не існуе. Яны там перавучваюцца па-расейску. Тут матэматыку і фізыку вывучаюць на беларускай мове, а прыяжджаюць у інстытут, там усё трэба пісаць і адказваць па-расейску. Гэта, канечне, вельмі цяжка псыхалягічна для нашых дзяцей”.

З падобнымі праблемамі сутыкаюцца тысячы школьнікаў, што навучаюцца па-беларуску.

Зьведваюць цяжкасьці і самі настаўнікі. Бракуе беларускамоўнай мэтадычнай літаратуры. Нават падручнікамі беларускамоўныя школы забясьпечваюцца ў апошнюю чаргу.

Афіцыйна ў Гомельскай вобласьці беларускамоўных школак налічваецца на паўсотні болей, чымсьці расейскамоўных. Але гэта ў асноўным малакамплектныя вясковыя школкі, якія да таго ж дзясяткамі закрываюцца кожнае лета. Як вынік, цяпер у рэгіёне па-расейску навучаецца каля 150 тысяч школьнікаў, па-беларуску — блізу 35 тысяч дзяцей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG