Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская паэтка Вальжына Морт чытала свае вершы ў Нью-Ёрку


Юлія Шарова, Менск Паэтка Вальжына Морт, аўтарка кніжкі “Я тоненькая, як твае вейкі” 25 верасьня выступала ў Нью-Ёрку. Яна чытала свае вершы разам з сучаснымі амэрыканскімі паэтамі. На сёньня Вальжына бадай што адзіная маладая сучасная паэтка, якая пасьпяхова рэпрэзэнтуе беларускую літаратуру за мяжой. Яна ўдзельнічала ў шматлікіх літаратурных фэстывалях – у Нямеччыне, Швэцыі, Ірляндыі. А летась Вальжына Морт атрымала прэмію на прэстыжным Міжнародным фэстывалі ў Славеніі “Віленіца-2004”.

Вальжыну Морт вельмі часта называюць эпатажнай ці нават скандальнай паэткай. Шмат хто памятае ейныя юнацкія вершы і першыя паэтычныя імпрэзы, на якіх яна проста шакавала слухачоў сваёй манерай трымацца. Васемнаццацігадовую Вальжынку публіка кансэрватыўная не ўспрымала. Пра яе часта казалі, што яна трымаецца то выклікальна, то проста істэрычна крычыць. Пасьля аднойчы ўжытага нецэнзурнага слова за ёй замацавалася слава паэткі, якая любіць лаяцца матам. Усё, што б яна ні напісала, аўтаматычна перакладвалася на асобу аўтаркі. Моладзь наадварот шалела ад фантастычнай Вальжынінай энэргетыкі й зачытвалася ейнымі вершамі.

Цяпер Вальжыне Морт дваццаць чатыры і на свае паўдзіцячыя паэтычныя спробы яна глядзіць з пэўнай іроніяй. З эпітэтамі “скандальная” ці “эпатажная” Вальжына ніяк ня можа пагадзіцца.

(Морт:) "Я ня ведаю ніводнага скандалу, які быў бы зьвязаны з Вальжынай Морт. Я дастаткова спакойны чалавек. Канечне, калі я выступала ў семнаццаць-васемнаццаць год, то нейкая падлеткавая агрэсія заўсёды адчуваецца. І чамусьці для шмат каго я засталася васемнаццацігадовай дзяўчынкай. Гэта, канечне, прыемна з аднаго боку, але зь іншага году ўжо мінуў час, я ўжо не пішу ніякіх эпатажных вершаў. Наадварот, пішу вершы пра сваю бабулю".

Пры гэтым паэтка не адракаецца ад напісанага ў семнаццаць-вясемнаццаць год, але кажа, што ўжо зьмянілася, яе цікавяць зусім іншыя тэмы.

Калісьці паэт Андрэй Хадановіч прыдумаў назву для цэлай зьявы ў сучаснай беларускай паэзіі – “какетлівы дзявочы суіцыд”. Першаадкрывальніцай тут была якраз Вальжына Морт. Цяпер вершы а ля Морт піша ледзьве ня кожная старшаклясьніца, якая спрабуе сябе ў паэзіі.

Андрэй Хадановіч лічыць, што Вальжына ў пэўнай ступені закладніца таго іміджу, які здабыла сабе ў юнацтве. Яе па-ранейшаму ўспрымаюць праз прызму таго іміджу. Аднак мала хто ведае, што пасьля сваіх першых паэтычных спробаў яна працяглы час амаль нічога не пісала. І толькі нядаўна пачалі зьяўляцца новыя тэксты – зусім іншыя, непараўнальныя зь юнацкімі.

(Хадановіч:) "Раней яна баялася быць банальна традыцыйнай, а цяпер яна нібыта наўмысна абірае для сябе вельмі складаныя тэмы. Скажам, ёсьць у яе верш у дзьвюх частках, які называецца “Беларуская мова”. Здавалася б, нічога апроч графаманіі напісаць на гэтую тэму немагчыма, а ў яе выходзяць прыўкрасныя тэксты. Альбо тэкст пра бацьку, альбо тэкст з назваю “Бабуля”. Я бачыў на маёй красавіцкай вечарыне, як людзей, сучасных, модных і гэтак далей, прабівала на сьлёзы пад час слуханьня гэтага. Бо аказваецца – простая выснова, якую яна для сябе адкрыла – ня так важна пра што казаць, але важна, як гэта казаць".

Цяпер Вальжына атабарылася ў Злучаных Штатах. Паводле Андрэя Хадановіча, зьмена асяродку, перажываньне нейкіх новых эмацыянальных узрушэньняў робіць ейныя вершы больш напоўненымі. Галоўнае толькі, каб не зьнікала ахвота пісаць іх у замежжы.

Вальжына цяпер жыве за мяжой і наагул шмат вандруе па сьвеце. Адсутнасьць моўнага бар’еру (яна выдатна ведае ангельскую й няблага францускую й польскую мовы) адкрывае для яе магчымасьці кантактаваць зь літаратарамі іншых краінаў.

Паэтка лічыць сябе беларускай і толькі беларускай. Яна чытае замежнікам свае вершы па-беларуску й на пытаньне, як яны чужую мову ўспрымаюць, адказвае толькі: выдатна. Ня кожны малады айчынны паэт можа вось так прарвацца ў сьвет. Дый у сябе на радзіме здабыць нейкую вядомасьць і творча расьці складана. Таму шмат хто з таленавітых хлопцаў і дзяўчат гадоў пасьля дваццаці ўвогуле кідае пісаць, лічыць Вальжына Морт.

(Морт:) “Мне здаецца, што гэта характарызуе магчымасьці, якія маюць гэтыя васемнаццацігадовыя дзяўчаты і хлопцы сёньня ў Беларусі. Калі так паглядзець, то вельмі мала выданьняў, дзе можна друкавацца, вельмі мала выдавецтваў, дзе можна надрукаваць сваю кніжку. І вельмі мала наагул ўвагі такой нармальнай сталай аўдыторыі, каб прыходзілі не адны паэты, а каб проста людзі ў Беларусі ведалі, што ёсьць паэты, якія пішуць па-беларуску, што ёсьць наагул паэзія беларуская”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG