Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вакол Шагала зноў адбудзецца скандал?


Іна Студзінская, Менск Менскі Антыкварна-аўкцыйны дом “Paragis” зноў выстаўляе на аўкцыён працы Марка Шагала – каляровыя літаграфіі “Зялёны скрыпач” і “Жанчына-птушка”. Сёлета ў траўні на аўкцыёне “Paragis’у” за 650 тысяч даляраў была прададзеная карціна “Певень”, выстаўленая як невядомы твор Шагала. Ўнучка мастака Мэрэм Мэйер назвала карціну “жудаснай фальшыўкай”. І зноў адмыслоўцы-шагалазнаўцы выказваюць сумнеў у сапраўднасьці твораў, што выдаюцца аўкцыйным домам за Шагалавы.

Менскі Антыкварна-аўкцыйны дом “Paragis” гэтым разам наагул вырашыў зьдзівіць публіку: на продаж выстаўляюцца працы ня толькі славутага земляка Шагала. На аўкцыён выстаўлены афорт францускага постімпрэсіяніста Поля Сэзана “Партрэт мастака Армана Гіёмэна”, афорт Эжэна Дэлякруа “Ляжачы тыгар”, а таксама два афорты расейскага жывапісца Івана Шышкіна - “Зорка” і “Пяскі”. Ну і таксама дзьве працы Шагала.

Што да сумневу ў сапраўднасьці твораў, выканаўчы дырэктар Антыкварна– аўкцыйнага дому “Paragis” Людміла Конанава выказала такое меркаваньне:

(Конанава: ) “Што тычыцца аўкцыёну, дзе была прададзеная жывапісная праца Марка Шагала, вы і цяпер падвышаеце кошт гэтай працы. А пакупнік вельмі задаволены, што пра гэта шмат гавораць. З кожным днём праца проста падвышаецца ў цане”.

Што да экспэртызы каляровых літаграфіяў “Зялёны скрыпач” і “Жанчына-птушка”, якія выстаўляюцца на аўкцыён, карэспандэнту “Свабоды” Людміла Конанава заключэньні не паказала і не паведаміла, хто з экспэртаў іх рабіў.

(Конанава: ) “Ёсьць усе неабходныя дакумэнты на гэтыя працы. Мы азнаёмім з гэтымі дакумэнтамі патэнцыйных пакупнікоў. Каму гэтыя працы цікавыя, атрымліваюць поўную неабходную інфармацыю”.

У сьвеце больш за 2 тысячы шагалазнаўцаў. Але і ў Расеі, і ў іншых постсавецкіх краінах пакуль няма крымінальнай адказнасьці за нават наўмысна няправільную экспэртызу, маўляў, памылка экспэрта - і ўсё. Дарэчы, на Захадзе такога экспэрта проста дыскваліфікуюць і ён ужо ніколі ня зможа працаваць у гэтай сфэры. Таму атрымаць патрэбную экспэртную ацэнку і ў Беларусі, і ў Расеі – не праблема. І зноў выканаўчы дырэктар “Paragis’у” Людміла Конанава.

(Конанава: ) “Сур’ёзныя пакупнікі, сур’ёзныя калекцыянэры, перш чым набыць якую-небудзь працу, робяць сваю ўласную экспэртызу, выкарыстоўваюць уласных экспэртаў. Тады яны ўпэўненыя, што набываюць сапраўдную рэч”.

Дырэктар Музэю Марка Шагала ў Віцебску Людміла Хмяльніцкая з аргумэнтацыяй дырэктара Антыкварна-аўкцыйнага дому “Paragis” Людмілы Конанавай цалкам ня згодная. Людміла Хмяльніцкая:

(Хмяльніцкая: ) “Што тычыцца канкрэтнага аўкцыйнага дому і скандалаў, зьвязаных з тым, што там прадаецца, то тут мне зусім не зразумелая палітыка. Людзі, якія імкнуцца набыць сапраўднае мастацтва на аўкцыёнах, якія аддаюць за гэта грошы, і немалыя, павінны мець упэўненасьць, што гэта сапраўдныя рэчы. І калі аўкцыйны дом мае такую скандальную рэпутацыю гандлю фальшывымі працамі – то ў чым сэнс існаваньня такога аўкцыйнага дому? Для мяне гэта загадка вялікая. Мне цяжка ўявіць, каб аўкцыён “Christie’s” або “Sotbie’s” прадаваў фальшывага Шагала, ці Пікассо, ці Клёда Манэ, ці каго іншага выключна дзеля таго, каб гэты аўкцыён ведалі ў сьвеце”.

Што да вызначэньня сапраўднасьці літаграфіяў “Зялёны скрыпач” і “Жанчына-птушка”, якія выстаўляюцца на цяперашні аўкцыён як творы Шагала, зрабіць гэта ня так цяжка. Дырэктар Шагалаўскага музэю ў Віцебску Людміла Хмяльніцкая.

(Хмяльніцкая: ) “Друкаваная спадчына Шагала даволі шырока вядомая. Дарэчы, дзякаваць Богу, на яе ёсьць каталёг, прызнаны ва ўсім сьвеце, і не адзін, а некалькі розных. Так што тут прасьцей разабрацца, чым з жывапісам. Тут няма асабліва што аспрэчваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG