Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні адбыўся міжнародны сэмінар “Эўропа за Беларусь”


Тацяна Поклад, Вільня Праца сэмінару была скіраваная на разьвіцьцё супрацоўніцтва недзяржаўных арганізацыяў зь Беларусі і іншых эўрапейскіх краінаў і стварэньня супольнай плятформы дзеля лабіяваньня беларускіх пытаньняў у эўрапейскіх структурах.

Арганізатары сэмінару – створаны маладымі палітолягамі год таму у Літве “Аб''яднаны цэнтар беларускіх ініцыятываў” і Гарадзенскі цэнтар падтрымкі сацыяльных ініцыятываў “Трэці сэктар”. Сэмінар “Эўропа за Беларусь” сабраў некалькі дзесяткаў прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацыяў зь Беларусі і іншых краінаў з рэгіёну Усходняй і Цэнтральнай Эўропы. Адна з галоўных мэтаў – супрацоўніцтва і кантакты, а таксама распрацоўка супольных ідэяў для праектаў, у якіх беларускія арганізацыі самі абралі б сабе партнэраў з іншых эўрапейскіх краінаў і самі б вызначылі, што ім насамрэч цікава і патрэбна.

Алена Андрэева з Выканаўчага бюро Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Беларусі:

(Андрэева:) ”Гэта новая ініцыятыва літоўскага боку. І калі літоўцы пачынаюць штосьці новае рабіць, практыка паказвае, што яны робяць гэта зыходзячы са сваіх пазыцыяў. І мая мэта тут - паказаць, якая ёсьць сытуацыя у Беларусі і паспрабаваць скарэктаваць іх бачаньне адпаведна беларускай сытуацыі, вызначанай знутры. На жаль, эўрапейцы, у тым ліку і літоўцы, якія хаця і знаходзяцца дастаткова блізка, маюць крыху скажонае уражаньне пра беларускую сытуацыю”.

Недзяржаўныя арганізацыі з іншых эўрапейскіх краінаў, якія супрацоўнічаюць з беларусамі, прыехалі ў Вільню з мэтай паслухаць беларускіх прадстаўнікоў. Каардынатарка дзейнасьці ў Беларусі са славацкага фонду “Понціс” Вольга Альфэртак:

(Альфэртак:) “Мы ужо даўно працуем зь беларускімі партнэрамі. Сюды прыехалі прадстаўнікі беларускіх НДА, з новымі ідэямі, якія могуць паўплываць на нашае бачаньне працы ў Беларусі, бо мы заўсёды арыентаваныя на карэктаваньне нашай пазыцыі і на вынаходжваньне нейкіх новых падыходаў да працы”.

На віленскім сэмінары абмяркоўваецца супрацоўніцтва у разнастайных сфэрах дзейнасьці – правы чалавека, культура, інтэрнэт ды іншыя, а у выніку двухдзённай працы будзе прынятае супольнае пагадненьне.Прадстаўнікі зь вялікіх арганізацыяў спадзяюцца, што гэта дапаможа лабіяваньню беларускіх пытаньняў у эўрапейскіх структурах.

Ондржэй Соўкуп, які працуе у беларускім цэнтры у адной з найбуйнейшых чэскіх недзяржаўных арганізацыяў “Людзі у бядзе”:

(Соўкуп:) “Гэта магчымасьць ня толькі сустрэцца з нашымі партнэрамі і стварыць новыя кантакты і, магчыма, распрацаваць новую праграму дзеяньняў і, можна спадзявацца, стварыць новую супольную плятформу дзеля лабіяваньня беларускіх пытаньняў на эўрапейскім узроўні.”

Праз асаблівасьці літоўскіх правілаў і законаў у сфэры іміграцыйнай палітыкі і статусу уцекачоў, адна з прадстаўніц беларускай арганізацыі у Чэхіі, якая мае статус палітычнага уцекача зь Беларусі, ня атрымала дазволу наведаць Літву дзеля удзелу у сэмінары “Эўропа за Беларусь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG