Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады рапартуюць пра незвычайны рост турыстычнай галіны


Ігар Карней, Менск Кіраўніцтва турыстычнай галіны падсумоўвала вынікі сэзону. Статыстычныя справаздачы засьведчылі незвычайныя посьпехі ў сфэры турызму і гэтым пацьвердзілі дзяржаўныя прыярытэты: разьвіцьцё ўнутранага і ўязнога турызму, а таксама агітацыя беларусаў за адпачынак у мясцовых “здраўніцах”.

Паводле намесьніка міністра спорту і турызму Чэслава Шульгі, тэмпы росту паказьнікаў у сфэры турыстычна-рэклямных палугаў дасягнулі ажно 138% пры заплянаваных 120%.

Колькасьць замежнікаў, якія як турысты наведалі Беларусь, склала ў параўнаньні зь мінулым годам 131%. Істотна паменела плыня грамадзянаў Беларусі, якія выяжджалі на адпачынак за мяжу — ад 1 мільёну 300 тысяч тры гады таму да 450 тысяч сёлета. Як перакананы Чэслаў Шульга, гэтая “станоўчая тэндэнцыя” цалкам адпавядае праграме разьвіцьця ўнутранага і ўязнога турызму. Фактычна спадар Шульга падтрымаў ідэю старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леаніда Козіка, які прапанаваў абмежаваць выезд беларусаў за мяжу і такім чынам запоўніць свае здраўніцы.

(Шульга: ) “Нас пастаянна крытыкавалі і крытыкуюць за тое, што мы маем адмоўнае сальда — больш грошай вывозім за мяжу, чым прыцягваем у краіну. Паступова гэтая дыспрапорцыя выраўноўваецца, і цяпер сальда складае -106%. Такім чынам, сёлета мы пацьвердзілі прыярытэтную місію нашай турыстычнай палітыкі — моцны акцэнт на ўязны і ўнутраны турызм. І калі мы якасна арганізуем адпачынак, адпаведна, будзе большы інтарэс і з боку замежнікаў. Ужо зьявіліся сур’ёзныя комплексы, дзе дастаткова прымальны ўзровень абслугоўваньня, але, разам з тым, яшчэ і досыць высокія кошты — гэта і гарналыжны курорт “Сілічы”, і “Віскулі”, і іншыя гатэлі катэгорыі “чатыры зоркі”.

Турыстычны мэнэджэр Васіль Грынь лічыць, што абмяжоўваць выезд беларусаў за мяжу — памкненьне абсурднае, паколькі толькі праз паездкі беларусы могуць убачыць усю разнастайнасьць сьвету.

(Грынь: ) “Бальшыня тых, хто едзе зь Беларусі за мяжу — гэта людзі, якія маюць прыватны бізнэс, мэтанакірвавана зарабляюць на адпачынак. І таму, як і ўсе прадстаўнікі такога ж сацыяльнага статусу ў Эўропе, яны гэтак адпачываюць, пашыраюць кругагляд. Гэта элемэнтарнае ўключэньне ў агульнаэўрапейскія каштоўнасьці адпачынку”.

Выдаткі новай палітыкі ў галіне турызму, пра якую сёньня апавядаў Чэслаў Шульга, адчулі шмат якія ўдзельнікі гэтага сэктару рынку. Паводле адкарэктаваных зьвестак, 104 турфірмы (раней называлася іншая лічба — 179) пазбаўленыя ліцэнзіі за няздольнасьць арганізаваць прыезд у Беларусь замежных турыстаў. Ня выключана, што ў хуткім часе некаторыя агенцтвы пазбавяцца права на дзейнасьць яшчэ з прычыны некалькіх трагічных здарэньняў з удзелам беларускіх аўтаперавозчыкаў, якія перавозілі турыстаў у Румынію і Ўкраіну. Гэтыя выпадкі прымусілі акрэсьліць больш жорсткія патрабаваньні да тэхнікі, задзейнічанай у перавозцы людзей.

(Шульга: ) “Неабходна сфармаваць аўтапарк, каб ён быў максымум да дзесяці гадоў. Другое — падвысіць патрабаваньні да аўтобусаў, якія выяжджаюць на лінію. А то атрымліваецца, што зусім невядома, дзе ў гэтай тэхнікі стаянка, ці праходзіць яна тэхнічны агляд, ці робіцца мэдычны агляд таго ж кіроўцы. Да таго ж, ёсьць патрабаваньне — любая перасадка на іншую марку машыны патрабуе дадатковай 16—18-гадзіннай стажыроўкі”.

Як вынікае з плянаў Міністэрства спорту і турызму, неўзабаве турыстычны рынак чакае яшчэ адно выпрабаваньне. Ад 1 красавіка наступнага году ўводзіцца працэдура адпаведнасьці нацыянальным рэглямэнтам і стандартам. Рашэньне ўжо ўхваліў Камітэт стандартызацыі, мэтралёгіі і сэртыфікацыі Савету міністраў. Такім чынам, удзельнікі турыстычнай сфэры будуць вымушаныя абавязкова пацьвердзіць сваю адпаведнасьць “Стандарту Беларусі” — натуральна, не бясплатна.

Турыстычнай галіне пастаўленыя маштабныя задачы: да 2010 году ў восем разоў падвысіць колькасьць замежных турыстаў, якія мусяць штогоду наведваць Беларусь, і ў трыццаць разоў павялічыць прыбытак ад турызму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG