Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слаўкавічы


Ягор Маёрчык, Слаўкавічы, Глускі раён, Магілёўшчына Новая перадача сэрыі "Падарожжы Свабоды" (эфір 22 верасьня)

Некалькі лічбаў: 13, 13 і 1. Расшыфроўваю: трынаццаць гадоў таму ў паселішчы было трынаццаць фэрмэрскіх гаспадарак. Сёньня засталася адна.

Сярод іншых хатаў гэтая вылучаецца колькасьцю тэхнікі на падворку. Ва ўсім астатнім нічога асаблівага: аднапавярховы дом, прысядзібныя палеткі. Побач з хлявом стаіць рондаль, у якім гатуецца вячэра для парсюкоў. Сужэнец цэлы дзень у полі. Гаспадарку даглядае жонка Натальля Марус.

(Марус: ) “У нас 50 гектараў, там збольшага мужчынская праца. А для жанчыны — дзьве каровы, цяляты і шэсьць парсюкоў”.

(Карэспандэнт: ) “А што значыць “мужчынская праца”? У вас падзел на мужчынскую і жаночую працу?"

(Марус: ) “Мужчыны на камбайнах працуюць. Яны мяне туды не пускаюць. Я толькі сьвіньням вару”.

(Карэспандэнт: ) “А хацелі б навучыцца працаваць на камбайне?”

(Марус: ) “Я на трактары ўмею езьдзіць прама, але рамантаваць ня ўмею. У мяне нават правы ёсьць — усё як мае быць”.



(Карэспандэнт: ) “А што вы на 50 гектарах вырошчваеце?”

(Марус: ) “Збожжа, бульба, лекавыя расьліны, хрэн сеем. Вось так мы і выжываем. Мы ня надта багатыя, але для сябе хапае. Паглядзіш на людзей... Яны хутчэй на мэрсэдэсы зарабляюць, а мы на адных жыгулях поўзаем, дый тых адрамантаваць ня можам. У нас ёсьць трактар, камбайн, уборачныя — выдатны набор тэхнікі! Муж хацеў, каб яму зямлі далі, але не далі. Яму прапаноўвалі ачоліць калгас, а ён нейкай свабоды хоча. Ясная справа, што свабода — гэта зручна”.

Калі сям’ю Марусаў лічыць апошнімі з фэрмэрскіх магіканаў, то перадапошнім быў Валер Кудраўцоў. Яго, гараджаніна з Наваградку, лёс закінуў у Глускі раён Магілёўшчыны. Тут гэты будаўнік і асеў.



(Кудраўцоў: ) “Што ў горадзе, што на вёсцы жыцьцё было аднолькавым. Адзінае, што на вёсцы забясьпечвалі жытлом, а ў горадзе з гэтым было цяжка. Пераехалі сюды дзеля жытла. Праўда, мне ў вёсцы працаваць не падабалася, гэтая калгасная сыстэма не падабалася. Старшыня галоўны — і ўлазіць ва ўсе справы. Што дрэннае — на мяне вешае, што добрае — ягоная заслуга. Вось і прэзыдэнт за ўзроўні дзяржавы стварыў калгасную сыстэму: адзін чалавек лезе ва ўсе дзіркі, ён мае рацыю, а ўсе астатнія — не”.

(Карэспандэнт: ) “А як вы сталі фэрмэрам?”

(Кудраўцоў: ) “Тады былі новыя павевы, і ў гэтым я бачыў альтэрнатыву калгаснай сыстэме. Чалавек я быў непадрыхтаваны. З бухты-барахты гэта і пачалося”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі ў вас было зямлі і чым вы займаліся?”

(Кудраўцоў: ) “30 гектараў было. Сеяў зерне і бульбу. Было ўяўленьне гараджаніна: кінуў, і яно само расьце, прадаў і атрымаў грошы. Некалькі гадоў закупныя кошты былі вельмі добрымі, а пасьля яны пачалі падаць”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі гадоў вы былі фэрмэрам і чаму адмовіліся ад гэтага?”

(Кудраўцоў: ) “Трынаццаць гадоў быў. Можа б, я яшчэ і пазмагаўся, але я захварэў. Два гады таму выдалілі мне нырку. Групы інваліднасьці не далі. Патлумачылі так: “Бог недарэмна даў дзьве ныркі, значыць, адна нырка — не анамалія, значыць, група не патрэбная”. Маўляў, калі сядзе другая, тады і зьвяртайся. Я ўсю зямлю аддаў. А жыву з гаспадаркі. У мяне дванаццаць парсюкоў і некалькі кароваў”.

З ускрайку вёскі відаць будучы аграгарадок Заеліца. Там для працоўных калгасу ўзводзяць новыя катэджы. Такога самага, двухпавярховага, але закінутага жытла хапае і ў Слаўкавічах.



Трэба толькі зрабіць касмэтычны рамонт, і можна будзе жыць. У кожным разе, тутэйшыя жыхары лічаць, што паставіць новыя шыбы, паклеіць шпалеры ды пафарбаваць падлогу — гэта таньней, чым будаваць цагляны дом. Аднак на старыя катэджы ўвагі тут не зьвяртаюць ніякай і лічаць за лепшае будаваць новыя.

80-гадовы дзед Аляксандар некалі паставіў цагляны дом, ня горшы за сучасныя маёнткі. Жытло ён меркаваў падараваць сваёй дачцэ. Але ў той аказаліся іншыя пляны: у вёсцы яна не засталася, зьехала жыць у горад. Хата, у якой так і не адсьвяткавалі ўлазінаў, стаіць з закалочанымі вокнамі.

(Аляксандар: ) “Гэта ў прэзыдэнта такая палітыка — адраджаць вёску. Нашага паселішча ніхто адраджаць ня будзе”.



(Карэспандэнт: ) “А шмат такіх закінутых дамоў?”

(Аляксандар: ) “У нашым пасёлку шмат. Я лічу: трэба, каб людзі ў вёску вярталіся. Каб яны сюды вярнуліся, патрэбна, каб была прамысловасьць”.

(Карэспандэнт: ) “А якую тут можна распачаць прамысловасьць?”

(Аляксандар: ) “Тут можна нарыхтоўваць дровы!”

Яшчэ пару год таму Слаўкавічы зь некалькімі сотнямі насельнікаў былі цэнтрам сельскага савету. А затым у Беларусі пачалі будаваць аграгарадкі. У Глускім раёне сярод першых кандыдатураў на ўзбуйненьне разглядалася суседняя Заеліца. Разгарнулася маштабнае будаўніцтва. Цэнтар акругі перамясьціўся туды, а Слаўкавічы пераўтварыліся ў шараговую вёску.

Далей мой аповед працягне баба Люба. Карэннай жыхаркай яе можна лічыць адносна. Яна тутэйшая, аднак жыве ў Салігорску. У родную хату вяртаецца толькі на цёплую пару году.



(Люба: ) “Натуральна, былі незадаволеныя. А што тут зробіш? З уладай не паспрачаесься. Як вырашылі, так і зрабілі. У нас яшчэ забралі пошту, лясгас, дзіцячы садок, школу нават забралі! Калі ў мяне двое-трое дзяцей і іх трэба выправіць у школу, натуральна, я буду незадаволеная. У Слаўкавічах яны хадзілі да 9-й гадзіны, а ў Заеліцу трэба да 8-й. Дзяцей у школу аўтобус адвозіць”.

(Карэспандэнт: ) “Шмат дзяцей у школу ходзіць?”

(Люба: ) “Дзесьці пад сорак чалавек”.

* * *

(Карэспандэнт: ) “Можна да вас?”

(Пясецкая: ) “Калі ласка! Да нас заўсёды можна! Нешта гэтыя Слаўкавічы забылі! На культурным узроўні амаль ніхто сюды не зьяўляецца. Бачыце, мы лопухам паабрасталі!”

Пэнсіянэрка Алена Пясецкая некалі працавала настаўніцай. Закрыцьцё Слаўкавіцкай школы яна сустрэла спакойна. Кабета дзесяцігодзьдзямі назірала, што ўсё ідзе менавіта да гэтага. Ад пачатку некалькі сотняў дзяцей займаліся ў дзьве зьмены. Пасьля вучняў паменела да ста, і вучыліся яны ўжо ў адну зьмену. Сотня пераўтварылася ў пару дзясяткаў, і ўрэшце школу зачынілі і дзяцей перавялі ў Заеліцу.

Абураецца спадарыня Пясецкая зь іншай нагоды. У маладосьці, па сканчэньні вайны, разам зь піянэрамі шукала імёны загінулых у баёх. Гэта дзякуючы ёй на вясковым абэліску можна прачытаць прозьвішчы савецкіх вайскоўцаў і партызанаў.

Як толькі цэнтар жыцьця перанёсься ў Заеліцу, пра помнік усё забыліся.



(Пясецкая: ) “Нават да 60-годзьдзя гэты помнік не абгарадзілі сьвежым штыкетнікам і не пафарбавалі. Для мяне гэтае месца вельмі дарагое, бо на вайне загінулі бацька і бацькавы браты. Таму я на кіраўніцтва вельмі пакрыўджаная. Я асабіста зьвярталася ў сельсавет і да Дзядзюлі”.

(Карэспандэнт: ) “Хто такі Дзядзюля?”

(Пясецкая: ) “Старшыня райвыканкаму”.

(Карэспандэнт: ) “І што вам улада адказала?”

(Пясецкая: ) “Нічога яна не адказала і не дапамагла”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму так атрымалася, што аграгарадок пачалі будаваць у Заеліцы?”

(Пясецкая: ) “Адказу на гэтае пытаньне я ня ведаю. Гэта вышэйшыя ўлады так сплянавалі і так зрабілі. Тыя катэджы Нью-Ёркам называюць”.

(Карэспандэнт: ) “Як называюць?!”

(Пясецкая: ) “Гэта Нью-Ёрк. Так. Там да нябёсаў падымаюцца двухпавярховыя пабудовы”.

Пад забытым помнікам ляжыць бацька Еўдакіі Рускай. Да вайны ён быў старшынём сельскага савету, а пад акупацыяй партызаніў. Чым дамагацца новага штыкетніку і вянкоў ля стэлы, спадарыня Руская пайшла іншым шляхам. Яна склала радавод.



(Руская: ) “Мяне ўнукі прымусілі гэта зрабіць. Адзін мой унук пабываў у Амэрыцы. Была магчымасьць яму там застацца, але ён сказаў, што вернецца дадому. Ён вярнуўся. Гаворыць: “Каб мы так працавалі, як працуюць там, якая багатая была б нашая Беларусь!” Яму ў Маскву прапаноўвалі, ён туды не захацеў. Такі ён патрыёт”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта ён вас прымусіў такую кнігу напісаць?”

(Руская: ) “У мяне ёсьць яшчэ адзін унук. Удвух яны і прымусілі. “Баба, напішы, як жылі, як жылося, што рабілі, што елі!” Я ім за тры дні ўсё распавяла, а яны занатавалі. Унук у Менску ў архіве капаўся і ў Глуск прыяжджаў. І так яны напісалі гісторыю роду”.

(Карэспандэнт: ) “А да якога году прасачылі?”

(Руская: ) “1600—1700 гады. Чыста сялянская сям’я была”.

(Карэспандэнт: ) “А як сёньня жывецца?”

(Руская: ) “Чужое жыцьцё — прыцемкі, але, як я бачу, хвароба адна — алькагалізм. А калі працаваць, трымаць карову і парсюкоў, жыць можна”.

(Карэспандэнт: ) “Якіх людзей болей: тыя, якія п’юць, ці тыя якія працуюць?”

(Руская: ) “Можна падзяліць на тры катэгорыі: хто п’е і працаваць ня хоча; хто п’е, але працуе; і ёсьць людзі, якія зусім ня п’юць. Адсоткаў 20—25 жывуць нармалёва”.

Узбуйненьне Заеліцы толькі ўскладніла жыцьцё Слаўкавічаў. Некаторыя жыхары так і кажуць: мы сталі ахвярамі нараджэньня аграгарадка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG