Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка падпісаў дэкрэт аб "Сыліконавай даліне"


Міхал Стэльмак, Менск Аляксандр Лукашэнка падпісаў сёньня дэкрэт “Аб парку высокіх тэхналёгіяў”. Улады заяўляюць, што праект дасьць штуршок разьвіцьцю беларускай навуцы і дазволіць краіне выйсьці на перадавыя ў сьвеце пазыцыі ў сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў. Паводле дасьведчаных асобаў, ідэю беларускай “сыліконавай даліны” можа напаткаць лёс ранейшых ўрадавых праектаў у навукова-тэхнічнай сфэры.

Як зазначана ў дэкрэце, "Парк высокіх тэхналёгіяў" ствараецца для павышэньня канкурэнтаздольнасьці нацыянальнай эканомікі, якая грунтуецца на новых і высокіх тэхналёгіях. Паводле афіцыйнага тлумачэньня, у Беларусі зьявіцца аналяг “сыліконавай даліны”, якая існуе ў ЗША. Беларуская “сыліконавая даліна”, як вынікае з дэкрэту, разьмесьціцца на 50 гектарах у Менску. Праект прадугледжвае вытворчасьць у нашай краіне высокаэфэктыўных праграмна-тэхнічных прадуктаў. Прафэсар фізыкі Юры Хадыка пракамэнтаваў яго наступным чынам:

(Хадыка: ) “Па ідэі, намер стварыць у Беларусі цэнтар высокатэхналягічных распрацовак павінен быць падтрыманы. Тым ня менш, у мяне вялікі сумнеў наконт магчымасьцяў цяперашняга ўраду рэалізаваць яго. Высокатэхналягічныя вытворчасьці ня могуць абапірацца на недаразьвітую вытворчасьць, на састарэлае абсталяваньне. Гэта комплексная праблема”.

Паводле ўладаў, "Парк высокіх тэхналёгіяў" будзе ня “мёртвай зонай”, а высокаэфэктыўнай структурай. Для гэтага беларускай “сыліконавай даліне” вызначаны прывеліяваныя умовы дзейнасьці. У прыватнасьці, адмысловы прававы рэжым тэрмінам на 15 гадоў прадугледжвае вызваленьне рэзыдэнтаў Парку ад сплаты падаткаў, збораў і іншых абавязковых плацяжоў у бюджэт. Для работнікаў парку ўстаноўлены прэфэрэнцыі і ў пытаньні падаходнага падатку. Зямельныя ўчасткі ня будуць абкладацца зямельным падаткам цягам першых трох гадоў, а асноўныя сродкі рэзыдэнтаў вызвалены ад падатку на нерухомасьць.

Тым ня менш, нягледзячы на гэтыя прывілеі, ня верыць у посьпех беларускай “сыліконавай даліны” і былы прэзыдэнт Нацыянальнай акадэміі навук акадэмік Аляксандр Вайтовіч. Чаму?

(Вайтовіч: ) “У нас у вельмі дрэнным стане прамысловасьць, вельмі малы працэнт высокатэхналягічнай прадукцыі – прыкладна 4 працэнты. І столькі ж працэнтаў у экспарце высокатэхналягічнай прадукцыі. Напрыклад, у Злучаных Штатах Амэрыкі гэты паказьнік ў 9 разоў вышэйшы, у Расеі – у 4 разы. У нас ня створаны ўмовы для разьвіцьця высокіх тэхналёгіяў. І пры той сыстэме, якая цяпер у нас існуе, яны ня будуць разьвівацца”.

Гэта было меркаваньне акадэміка Аляксандра Вайтовіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG