Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве адбыліся акцыі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі (фота)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Варшаве адбылося адразу некалькі акцыяў у падтрымку дэмакратыі, правоў чалавека і свабоды слова ў Беларусі. Пра дзьве зь іх – спробу ўручыць пэтыцыю ў беларускую амбасаду і пікет у цэнтры польскай сталіцы раскажа наш варшаўскі карэспандэнт.

(Клюзік-Расткоўска: ) “Каму можна пакінуць пэтыцыю? Ці вы можаце ўпусьціць мяне? Ці вы мяне чуеце?”

У будынку беларукай амбасады адмысловага ўпаўнаважанага мэра Варшавы ў справах жанчынаў і сям’і Яну Клюзік-Расткоўскую напэўна пачулі, аднак выйсьці да яе ніхто зь беларускіх дыпляматаў не пажадаў, а пасьля пэўнага часу голас ў дамафоне параіў пакінуць зварот у паштовай скрынцы.

(Супрацоўнік амбасады, па-расейску: ) “Ліст пакіньце ў паштовай скрынцы”.

(Клюзік-Расткоўска: ) “Я арганізоўвала ў Варшаве сустрэчу жыхарак сталіцы, якія калісьці бралі актыўны ўдзел у паўстаньні і працы “Салідарнасьці”. У часе гэтай сустрэчы вэтэранак “Салідарнасьці” падпісалі зварот да беларускіх уладаў з заклікам спыніць рэпрэсіі супраць уласных грамадзянаў.

Вось сто подпісаў. Але ў амбасаду мяне не пусьцілі, параіўшы пакласьці зварот у паштовую скрынку. Я гэтага рабіць ня буду і вышлю зварот афіцыйным лістом”, – сказала нашаму радыё Яна Клюзік-Расткоўска.

Варшава бярэ даволі актыўны ўдзел у дапамозе, перадусім актывістам СПБ – напярэдадні на Гарадзеншчыну былі дастаўленыя падарункі аж жыхароў польскай сталіцы, а ўлады Варшавы заявілі пра намер адкрыць у горадзе Беларусі дом.

Амаль адначасова ў цэнтры Варшавы адбылася акцыя “Факсам у рэжым”, арганізаваная моладзевым крылом уплывовай партыі “Закон і справядлівасьць”.

Каля трох дзесяткаў удзельнікаў акцыі раздавалі мінакам аркушы паперы з заклікам спыніць перасьлед апазыцыі і вольных мэдыяў і нумарамі факсаў беларускіх чыноўнікаў ды заклікалі высылаць іх у Беларусь. У абедзьвюх акцыях з нацыянальнымі сьцягамі ўзялі ўдзел і беларусы са Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі.

(Беларуска: ) “Польшча побач зь Беларусьсю, а Беларусь побач з Польшчай. Мы павінны аб’яднаць нашыя намаганьні ў пабудове дэмакратыі ў рэгіёне”.

(Беларус: ) “Наш Зьвяз бярэ ў гэтым удзел, бо мы хочам прыцягнуць увагу польскага грамадзтва да праблемаў беларускай апазыцыі”.

Сказалі нашаму радыё ўдзельнікі акцыі.

Фотарэпартаж









Аўтар фота: Аляксей Дзікавіцкі, svaboda.org.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG