Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі пачынаецца восень, то ў нас не кватэра, а цэх нарыхтоўкі гародніны”


Ганна Соусь, Менск Штогод тысячы беларусаў кансэрвуюць на зіму гуркі з памідорамі дзеля эканоміі сямейнага бюджэту і ўласнага задавальненьня. Ёсьць і катэгорыя людзей, якія лічаць, што ня варта марнаваць час і можна ўсе гэтыя кансэрвы набыць у краме ці на рынку. Як ідзе "нарыхтоўчая" кампанія ў Беларусі?

(Зінаіда Бандарэнка: ) “Нашу грыбную салянку ўсе ведаюць, як рабіць: крышыцца разам з аджатымі, чыстымі грыбочкамі, ужо падрыхтаванымі кавалачкамі… дадаць туды і цыбулю, і капусту, і моркву, памідоры і ў апошнюю хвіліну кінуць туды часнаку. У апошнюю хвіліну ўсё гэта тушыцца і закатываецца ў слоікі. Я ніколі не стэрылізую. А муж бярэ - у нас ёсьць такі вялікі кажушок - ён накрывае ім слоікі, і атрымліваецца такая стэрылізацыя”.

Гэта рэцэпт грыбной салянкі ад народнай артысткі Беларусі Зінаіды Бандарэнкі. Заўсёды прыгожая, знакамітая тэлевядучая прызнаецца, што сям’я вельмі любіць хатнія нарыхтоўкі. Але яна аддае гэтай справе няшмат часу.

(Бандарэнка: ) “Я больш займаюся сабой, сваёй сям’ёй. Але, ведаеце, у гэтым мне больш падказвае мой муж, які вельмі любіць нарыхтоўкі. Ён мне і дапамагае, і ўвесь час кіруе мной. Таму што няма мне часу, шчыра кажучы, займацца гэтым. Але хочацца нешта зрабіць. Прыемна, калі зімой ці на Новы год, ці калі госьці прыйдуць, паставіць на стол нейкую смакату”.

Падчас кампаніі нарыхтовак многія беларускія гаспадыні па садавіну і гародніну ідуць на менскую Камароўку.

(Спадарыня: ) “Калі яны патрэбныя ім, то чаму ня ставіць. Бывае, што многія ставяць зашмат і потым выкідаюць, я ведаю людзей, якія так рабілі”.

(Спадарыня: ) “На рынку больш эканомна набываць. Бульбачку ды іншае… Нават і ў крамах бываюць зьніжкі”.

(Спадарыня: ) “Хто марозіць, хто варыць. Я люблю выціснуць сок з дурніцаў, дадаць цукру і ўскіпнуць. Яны тады смачныя, карысныя і доўга стаяць”.

(Спадарыня: ) “Мы робім леча, агуркі, памідоры, кабачкі марынуем”. (Спадарыня: ) “ Бакляжаны прыйшлі купіць, ікру зробім. Кампоты, сочыва”.

(Карэспандэнтка: ) “Звычайна, колькі слоікаў на зіму ставіце?”

(Спадарыня: ) “У нас сям’я вялікая. Атрымліваецца каля ста трохлітровых слоікаў”. Хатнія саленьні і марынады, а таксама сочыва і кампоты шмат спажывалі абаронцы ўрочышча Курапаты падчас больш чым васьмімесячнай вахты памяці ў 2001-2002 годзе. Прыносілі іх людзі, якія чым маглі дапамагалі моладзі. Пра адметнасьці рацыёну абаронцаў Курапатаў згадвае Стася Басава.

(Басава: ) “Падчас абароны Курапатаў да нас прыходзіла вельмі багата людзей. Яны былі рознага дастатку. Напрыклад, было вельмі шмат пэнсіянэраў, якія не маглі дапамагчы абаронцам грашыма. Калі старыя жанчыны прыносілі свае хатнія нарыхтоўкі – розныя там слоікі з сочывам, з рознымі прысмакамі – гэта было вельмі кранальна, таму што было бачна, што людзі адрываюць ад сабе, і было бачна, што гэта робіцца з любоўю. Я памятаю, як мы елі аладкі з сочывам. Мы былі згаладалыя, было холадна. Мы елі аладкі з сочывам, і гэта вельмі запомнілася”.

Тыя, хто праводзілі галоўнага рэдактара газэты “Рабочы”, намесьніка старшыні партыі БНФ Віктара Івашкевіча на так званую “хімію” ў Баранавічы, памятаюць, як ён трымаў у руках падараваны слоік з агуркамі – своеасаблівы атрыбут побыту “палітычнага вязьня”. Салёныя агуркі і квашаная капуста былі ў рацыёне Віктара Івашкевіча на працягу ўсяго зьняволеньня.

(Івашкевіч: ) “Я купляў на мясцовым рынку салёныя агуркі, квашаную капусту, аджыку. Кіраўнік нашай менскай абласной арганізацыі Кішкурна перадаваў мне бярозавага соку, ім нарыхтаванага”.

Кансэрваваныя кабачкі і пустыя слоікі фігуравалі ў крымінальнай справе экс-міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Васіля Лявонава. Ён разам з жонкай спадарыняй Антанінай вельмі захапляецца хатнім кансэрваваньнем. Згадвае Антаніна Лявонава.

(Лявонава: ) “У крымінальнай справе яны нас абвінавацілі ў тым, што пустыя банкі нам прывозілі, сочыва, закатаныя кабачкі”. (Карэспандэнтка: ) “А гэта Вашы кабачкі былі?”

(Лявонава: ) “Мы кабачкі ўвогуле не закатваем. Я ікру раблю. Ёсьць такі цікавы рэцэпт “Агарод” – туды кладуцца і кабачкі, і агуркі, і памідоры, і бурак, і морква, і квасоля, і ўсё, што ёсьць на градах. Дык туды кладуцца і кабачкі. А з крамы ж немагчыма есьці, паколькі там столькі воцату кладуць…”

І на завяршэньне - расповед палітычнага ўцекача Ільлі Глыбоўскага, які цяпер жыве зь сям’ёй у Чэхіі. Раней у Беларусі ён заўсёды дапамагаў сваім бацькам нарыхтоўваць слоікі на зіму. Але ў Чэхіі ж гэтым не займаецца.

(Глыбоўскі: ) “Час, які страчваецца на нарыхтоўку і кансэрвацыю, дык фінансава і па часе гэта не апраўдваецца. Лепш пайсьці і штосьці набыць”.

Гісторык і апазыцыйны палітык Ніна Стужынская ўпэўненая: у Беларусі ўжо зьявілася пакаленьне людзей, якія ня будуць, як іхныя бацькі і дзяды, ставіць слоікі на зіму.

(Стужынская: ) “Зьявілася. Мая дачка ніколі ня будзе гэтага рабіць. Ня будуць рабіць гэтага мае студэнткі. Можа, для некаторых гэта хобі, як асалода для душы. Бывае такі настрой, што хочацца зрабіць прыемнае для сваіх хатніх, для сябровак. А так я скажу, што гэта займае шмат часу, і час нашмат даражэйшы, чым падрыхтаваная страва”.

Ніна Стужынская запыталася, а чаму я не зьвяртаюся з пытаньнем пра хатнія нарыхтоўкі да мужчын-палітыкаў? Няўжо гэта лічыцца выключна жаночай справай? Дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Вячаслаў Герасіменка ня згодны з гэтым меркаваньнем. Якраз цяпер ён разам з жонкай кансэрвуе гародніну на зіму.

(Герасіменка: ) “Пачынаючы зь ягадаў. Вырошчваем маліну і парэчку. Сябе забясьпечваем, дзяцей, родзічаў, яшчэ і прадаём. Памідоры росьцім па трыста пнёў. Перцаў па трыста пнёў, ня менш. Калі пачынаецца восень, то ў нас не кватэра, а цэх па апрацоўцы. Усё закатваем. Леча, салаты… Я не кажу пра традыцыйныя агуркі і памідоры. Пра гэта я ўжо маўчу. Што датычыць менавіта нашай падсобнай гаспадаркі, то скажу па праўдзе, што нам пашанцавала, што ўчастак трапіў добры, і зямля – наша сапраўдная карміцелька”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG