Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня ФПБ прапануе ўзаконіць абавязковы адпачынак унутры Беларусі


Іна Студзінская, Менск Старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік прапанаваў узаконіць абавязковы адпачынак беларусаў унутры краіны. У выніку, як лічыць лідэр ФПБ, кожны сябра прафсаюзу абавязкова адпачне і атрымае лячэньне – адбудзецца аздараўленьне нацыі. І, па-другое, усе аздараўленчыя ўстановы будуць загружаныя, а іх супрацоўнікі – забясьпечаныя працай.

Старшыня ФПБ Леанід Козік прапанаваў усім наймальнікам застрахаваць сваіх працаўнікоў ня менш чым на 14 дзён – менавіта на аздараўленьне. І выкарыстоўвацца гэтая страхоўка можа толькі для рэальнага аздараўленьня ў санаторыях на тэрыторыі Беларусі. Без замены грашовай кампэнсацыяй, патлумачыў спадар Козік. А то, маўляў, многія, ідучы ў водпуск, атрымліваюць грошы на аздараўленьне, а выкарыстоўваюць іх для паездак у іншыя краіны... А трэба прымусіць адпачываць беларусаў на радзіме.

Меркаваньне былой супрацоўніцы Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Валянціны Палевіковай:

(Палевікова: ) “Я дрэнна да гэтага стаўлюся. Па-першае, трэба прывесьці ў належны стан, адрамантаваць, вельмі вялікія ўкладаньні зрабіць у беларускія санаторыі. Я ведаю беларускую базу адпачынку. Толькі, можа быць, тры ці чатыры аб’екты адпавядаюць гэтай назьве – назьве санаторыі. А дамы адпачынку амаль усе патрабуюць аднаўленьня. Таму гэтыя сродкі пойдуць у першую чаргу на рамонт гэтых аб’ектаў”.

Цяпер на прафсаюзныя льготы можа разьлічваць прыблізна кожны дзясяты беларус. Астатнім ужо сёньня даводзіцца плаціць за трохтыднёвае санаторнае абслугоўваньне ад 200 да 500 даляраў. Прычым у летні пэрыяд набыць пуцёўку нават за поўны кошт праблематычна – патрэбны дазвол “Цэнтракурорту”, бо пуцёўкі па льготных цэнах набывае беларускае чынавенства. А зімой многія санаторыі і дамы адпачынку папросту пустуюць. Што да радавых сяброў ФПБ, то шмат хто зь іх за ўсё жыцьцё ні разу ня быў ў санаторыях.

Гутару з настаўніцай са Случчыны спадарыняй Ларысай:

(Карэспандэнтка: ) “Ці езьдзілі Вы калі-небудзь па льготных пуцёўках у санаторыю?”

(Ларыса: ) “Ой, ні разу, ніколі ня езьдзіла. Немагчыма было дастаць гэтыя пуцёўкі”.

(Карэспандэнтка: ) “А калгасьнікі, Вашыя аднавяскоўцы ці езьдзілі?”

(Ларыса: ) “Хто некалькі разоў, а хто – ні разу. Гэтыя пуцёўкі разьмяркоўваюць нядобрасумленна. Мая суседка ўжо колькі разоў была, бо яна сама ва ўладзе ў раёне”.

(Карэспандэнтка: ) “Натуральна, калі льготная – гэта яшчэ нішто сабе. А за поўны кошт дорага?”

(Ларыса: ) “Ой, ды Вы што, дзе столькі грошай возьмеш?! А льготныя пуцёўкі не заўсёды трапляюць да таго, хто іх хоча, часьцей да таго, хто мае магчымасьць узяць гэтую пуцёўку. Хто бліжэй да таго, хто пуцёўкі разьмяркоўвае”.

Гэта пацьвярджае й Валянціна Палевікова, якая сама 10 гадоў адпрацавала ў Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

(Палевікова: ) “У вёсках, у раённых цэнтрах людзі наагул ня ведаюць, што такое пуцёўка. Яны ніколі нікуды ня езьдзілі. Калі ўзяць маіх бацькоў, у мяне маці настаўніца, бацька мэдыцынскі работнік, яны жывуць у райцэнтры, то яны ніколі не маглі сабе дазволіць адпачынку. Таму што ўсё забірае праца на гародзе, каб выжыць. А цяпер гэта яшчэ больш актуальна. Таму што і ў горадзе людзі маюць дачу, дзялянку, дзе вырошчваюць, кансэрвуюць на зіму. Ім не да адпачынку. Таму гэтыя сродкі, якія абавязкова павінны ісьці ў сацстрах, пойдуць на адпачынак тых людзей, якія працуюць у цёплых месцах, у кабінэтах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG