Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 верасьня 1939 году Чырвоная Армія заняла Беласток


RFE/RL Каляндар “Свабоды”

22 верасьня 1939 году Чырвоная Армія заняла горад Беласток. Цяперашні польскі Беласток у той час быў заселены пераважна беларусамі. Нездарма й народны сход насельніцтва Заходняй Беларусі, які вітаў аб’яднаньне Беларусі ў адну краіну, адбыўся менавіта ў Беластоку. Але гэты сход пройдзе пазьней, а 22 верасьня з прыходам савецкіх вайскоўцаў у Беласток быў завершаны падзел Польшчы паміж СССР і гітлераўскай Нямеччынаю.

22 верасьня 1943 году фашысты расстралялі ў Менску тры тысячы мірных грамадзянаў. Гэта была карная акцыя ў адказ на зьнішчэньне мінулае ночы гаўляйтэра Вільгэльма Кубэ. Міну ў ложак Кубэ падклала падпольшчыца Алена Мазанік, якая працавала ў Кубэ пакаёўкаю. Мазанік удалося ўратаваць сваё жыцьцё.

22 верасьня 1903 году нарадзіўся беларускі пісьменьнік Хвядос Шынклер. Шынклер прыйшоў на сьвет у Заслаўі пад Менскам. Пасьля навукі працаваў у беларускіх літаратурных выданьнях, уваходзіў у літаб’яднаньне “Маладняк” і пісаў празаічныя творы. У часе другой усясьветнай вайны загінуў на фронце пад Сталінградам.

Сярод знакамітых людзей сьвету, што нарадзіліся 22 верасьня ў розныя гады, згадаем трох літоўцаў. Гэта мастак і кампазытар Мікалоюс Канстанцінас Чурлёніс, двойчы прэзыдэнт і цяперашні прэм’ер-міністар Літвы Альгірдас Бразаўскас і, нарэшце, самы знакаміты літоўскі опэрны сьпявак Віргіліюс Нарэйка.

А яшчэ 22 верасьня нарадзіліся ангельскі фізык Майкл Фарадэй, які адкрыў электрамагнітную індукцыю і прыдумаў генэратар; начальнік генэральнага штабу гітлераўскай арміі фэльдмаршал Вільгэльм Кейтэль і амэрыканскі сьпявак і актор Дын Рыд, які быў папулярны ў Беларусі за савецкім часам.
XS
SM
MD
LG