Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высновы парлямэнцкай камісіі: забойства журналіста замовілі Кучма і Літвін


Кастусь Бандарук, Прага Украінская парлямэнцкая камісія абвінаваціла былога прэзыдэнта Леаніда Кучму ў арганізацыі выкраданьня і забойства апазыцыйнага журналіста Георгія Гангадзэ. Сёньня Вярхоўная Рада Ўкраіны аднагалосна прыняла справаздачу камісіі. Акрамя Кучмы, камісія ўсклала адказнасьць за сьмерць журналіста на тагачаснага кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімера Літвіна і былога кіраўніка нацыянальнай Службы бясьпекі Леаніда Дзеркача.

Камісія аднагалосна прызнае былога прэзыдэнта Леаніда Кучму вінаватым ў выкраданьні Георгія Гангадзэ, заснавальніка інтэрнэт-газэты “Украінская праўда” – заявіў на прэс-канфэрэнцыі старшыня камісіі – Грыгор Амельчанка. Камісія таксама сьцьвярджае, што сьпікер Вярхоўнай Рады Уладзімер Літвін, які ў той час быў кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі, вінаваты ў падбухторваньні да выкраданьня Гангадзэ.

Нагадаем, журналіст быў выкрадзены ў верасьні, а ягонае зьнявечанае, абезгалоўленае цела было знойдзенае ў лістападзе ў лесе, 120 кілямэтраў ад Кіева. Западозраныя ў забойстве два палкоўнікі міліцыі й кіроўца былі арыштаваныя пасьля перамогі “аранжавай рэвалюцыі”, а сёлета ў сакавіку прэзыдэнт Віктар Юшчанка абяцаў хуткае высьвятленьне справы.

Неўзабаве пасьля забойства журналіста былы ахоўнік Кучмы – маёр Мікола Мельнічэнка – апублікаваў сакрэтны запіс размовы Кучмы з тагачасным міністрам унутраных справаў Юрыем Краўчанкам. На стужцы Кучма брыдка лаецца і ў грубых словах кажа, што кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Літвін раіць выкрасьці журналіста і "перадаць чачэнцам".

Краўчанка адказаў, што мае дзеля гэтага адпаведных людзей, і абяцае Кучму расправіцца зь непакорлівым журналістам. Былы міністар ня змог пацьвердзіць аўтэнтычнасьці запісу, бо ў сакавіку ён пры таямнічых акалічнасьцях памёр, паводле афіцыйнай вэрсіі – застрэліўся.

Падобная справаздача сьледчай камісіі й такія высновы ў любой краіне выклікалі б палітычны землятрус, але палітычныя эліты ва Ўкраіне ўспрынялі гэтую інфармацыю надзвычай спакойна. Ніяк не пракамэнтавалі яе ні Юшчанка, ні Цімашэнка, ні міністэрства ўнутраных справаў, ні сілавыя структуры, ні сам Кучма. На думку Вікторыі Сюмар з кіеўскага Інстытуту масавай інфармацыі, спакойныя паводзіны Леаніда Кучмы пацьвярджаюць чуткі пра нейкую сакрэтную дамову паміж цяперашнім і былым кіраўнікамі Ўкраіны.

(Сюмар: ) "Відавочна, ён адчувае сябе спакойна, паколькі апошнім часам ён нават пачаў браць удзел ў палітычных падзеях у краіне, даваць камэнтары да розных пытаньняў, ізноў навешваць ярлыкі на цяперашніх украінскіх палітыкаў. Выглядае, што адчувае сябе цалкам нядрэнна і вельмі самаўпэўнена. Натуральна, гэта лёгка можна патлумачыць тым, што пасьля 9 месяцаў і шматлікіх абяцаньняў новым кіраўніцтвам не было зроблена ніводнага канкрэтнага кроку".

Кучма і Літвін адкідаюць абвінавачаньні на свой адрас, а справаздача камісіі не прыносіць поўнай і канчатковай разьвязкі гэтага гучнага палітычнага забойства. Камісія не знайшла ніякіх новых доказаў віны былога прэзыдэнта. Затое свае высновы яна апублікавала ў спэцыфічны момант, калі разгараецца канфлікт паміж адхіленай ад пасады прэм’ерам Юліяй Цімашэнкай і прэзыдэнта Віктарам Юшчанкам. Старшыня камісіі Амельчанка належыць да партыі Цімашэнкі, а старшыня Вярхоўнай Рады Ўладзімер Літвін зьяўляецца блізкім супрацоўнікам Юшчанкі.

На думку Вікторыі Сюмар, цяперашнія ўлады відавочна не зацікаўленыя ў пакараньні людзей, якія паводле сьледчай камісіі, адказныя ха сьмерць Гангадзэ. Будучы зь візытам у ЗША, Генэральны пракурор Сьвятаслаў Піскун нават не пажадаў сустрэцца з аўтарам аўдыё-запісаў, якія маюць ключавое значэньне ў справе Гангадзэ – маёрам Мельнічэнкам. Апрача таго, на думку Сюмар, камісія проста завяршыла сваю працу, апублікавала вынікі, і на гэтым усё можа і скончыцца, бо паводле закону, гэта толькі рэкамэндацыі з боку камісіі, і ніякія дзяржаўныя органы не абавязаныя ўзбуджаць паводле іх крымінальную справу супраць былога прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG