Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністратару царквы “Новае жыцьцё” пагражае арышт


Любоў Лунёва, Менск У судзе Маскоўскага раёну Менску пачаўся суд над адміністратарам царквы “Новае жыцьцё” Васілём Юрэвічам. Супрацоўнікі міліцыі абвінавацілі яго ў арганізацыі набажэнства, на правядзеньне якога не было дазволу ўладаў.

У суд Маскоўскага раёну прыйшлі некалькі дзясяткаў вернікаў царквы “Новае жыцьцё”. Многім зь іх не хапіла месцаў у судовай залі, і судзьдзя Натальля Кузьняцова выдаліла іх у калідор. Людзі хацелі быць сьведкамі ў справе, але судзьдзя пагадзілася выслухаць толькі трох чалавек.

Адміністрацыйны пратакол на Васіля Юрэвіча склалі яшчэ 24 ліпеня. У той дзень вернікі сабраліся на нядзельнае набажэнства. Нягледзячы на тое, што пропаведзь чытаў пастар з Санкт-Пецярбургу, міліцыянты выклікалі Васіля Юрэвіча і абвінавацілі яго ў парушэньні грамадзкага парадку.

У судзе адміністратар патлумачыў, што вернікі некалькі разоў зьвярталіся ў адміністрацыі розных раёнаў Менску па дазвол на набажэнства, як таго патрабуе новы Адміністрацыйны кодэкс, але паўсюль ім адмовілі. Ён прад’явіў суду пісьмовыя доказы.

Судзьдзя цікавілася ня столькі складам правапарушэньня, колькі дзейнасьцю самой царквы. Сьведка з боку міліцыі даваў тлумачэньне, чаму складаў рапарт, яго словы аб тым, што ён чуў песьню, але не заўважыў у ёй ніякіх заклікаў, выклікалі рогат у судовай залі. Яшчэ двое міліцыянтаў наагул не прыйшлі ў суд.

Васіль Юрэвіч так пракамэнтаваў судовае паседжаньне:

(Юрэвіч: ) “Судзьдзя не кампэтэнтная ў рэлігійных пытаньнях. Відавочна, што яна не разумее, аб чым ідзе гаворка. Сьледчыя з боку абвінавачаньня давалі нейкія незразумелыя адказы на пытаньні судзьдзі. Міліцыянты не маглі пацьвердзіць рапарту. Гэта сьведчыць аб тым, што рапарт яны пісалі пад дыктоўку”.

Пастар Вячаслаў Ганчарэнка спадзяецца, што нядаўняя рэзалюцыя ААН наконт парушэньня правоў вернікаў у Беларусі паўплывае на лёс пратэстанцкай царквы.

(Ганчарэнка: ) “Ліквідаваць царкву яны самі баяцца, бо нікому не патрэбная падпольная царква. Яны жадаюць, каб мы юрыдычна зарэгістраваліся ў іншым месцы, а ня ў нашым будынку. Я спадзяюся, што рэзалюцыя ААН станоўча паўплывае і на нас, на пратэстантаў. Спадзяюся, што яна будзе на карысьць усім вернікам розных канфэсіяў, а ня толькі тым, якія цяпер адчуваюць моцны ціск. Мяркую, што гэта паўплывае і на ўхіленьне рэлігійнай нецярпімасьці ў нашай краіне, якая існуе цяпер, калі аддаецца перавага адной канфэсіі — праваслаўнай”.

Наступнае паседжаньне адбудзецца 23 верасьня. Судзьдзя Натальля Кузьняцова мусіць вызначыць меру пакараньня для адміністратара царквы, у якога днямі нарадзіўся чацьверты сын. Летась у лістападзе Васіля Юрэвіча аштрафавалі за правядзеньне набажэнства на 3600 даляраў. Штрафу ён дагэтуль ня выплаціў. Цяпер яму зноў пагражае штраф, але яшчэ большы, альбо арышт.

Пратэстанцкая царква “Новае жыцьцё” зарэгістраваная ў Менгарвыканкаме з 1992 году. Яна налічвае больш за 1000 вернікаў. Праблемы пачаліся пасьля прыняцьця новай рэдакцыі Закону аб рэлігіях. Вернікі набылі і самі адрамантавалі былы калгасны кароўнік на ўскрайку Менску, там месьціцца й нядзельная школа. Месяц таму выканкам пазбавіў царкву зямельнага надзелу і пачаў працэдуру пераводу ўласнага будынку вернікаў у дзяржаўны фонд. Царква “Новае жыцьцё” такім чынам пазбавілася юрыдычнага адрасу і паўстала перад пагрозай ліквідацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG