Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прымусовая падпіска: дакумэнт зь Міністэрства адукацыі


Іна Студзінская, Менск З пачаткам новага навучальнага году зноў пачаўся ціск на студэнтаў, выкладчыкаў і дзяржаўных службоўцаў – іх прымушаюць падпісвацца на дзяржаўныя выданьні. Некаторых проста ўгаворваюць. Курсантаў, вайскоўцаў, міліцыянтаў прымушаюць загадам. А выкладчыкаў ВНУ і настаўнікаў шантажуюць.

На гуманітарныя факультэты Белдзяржунівэрсытэту накіраваны дакумэнт зь Міністэрства адукацыі, падпісаны намесьнікам міністра адукацыі Тацянай Кавалёвай.

У лісьце канстатуецца, што на сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй пры канцы 2003 году прэзыдэнт даручыў падтрымаць так званыя “холдынгавыя выданьні” – “ЛіМ”, “Полымя”, “Нёман, “Маладосць” і “Всемирную литературу”. Але цяпер Міністэрства адукацыі прызнае “неналежнае выкананьне даручэньня кіраўніка дзяржавы”.

“Асабліва насьцярожвае, – чытаем у дакумэнце, – што пералічаныя выданьні апынуліся па-за прафэсійным зацікаўленьнем настаўнікаў і выкладчыкаў ВНУ. Пра гэта сьведчыць невялікая колькасьць індывідуальных падпісчыкаў сярод гэтай катэгорыі пэдагогаў”. Далей Міністэрства адукацыі патрабуе падаць яму дакладную інфармацыю пра колькасьць індывідуальных падпісчыкаў сярод пэдагогаў.

Пракамэнтаваць дакумэнт Мінадукацыі я папрасіла паэта Сяргея Законьнікава. У 1980-я – 1990-я гады спадар Законьнікаў быў галоўным рэдактарам “Полымя”. На пачатку 1990-х наклад часопісу дасягаў 11 тысяч паасобнікаў. Для параўнаньня: цяпер наклад “Полымя” ды іншых холдынгавых выданьняў – 1 – 2 тысячы (у асноўным за кошт бібліятэк), індывідуальных падпісчыкаў у гэтых выданьняў – лічаныя адзінкі.

(Законьнікаў: ) “Нават калі цяпер будуць шукаць лічбы гэтыя, нават пералічваць пайменна, па прозьвішчы кожнага падпісчыка, то нічога ня зьменіш. Па-першае, выданьні сёньня працуюць не для таго, каб лепшае, што ствараецца ў літаратуры, было на іх старонках, а выдаўцы, трымаючы нос па ветры, робяць такія выданьні, якія задавальняюць уладу. Стараюцца, каб нават літаратурныя выданьні былі поўнасьцю праваднікамі дзяржаўнай палітыкі. А другое – у нашай краіне зьніжаецца каштоўнасьць гуманітарнага выхаваньня, скарачаюцца школьныя праграмы і праграмы ВНУ, літаратура стала другарадным прадметам. У такой сытуацыі ніколі ня будзе цікавасьці да літаратурна-мастацкіх выданьняў”.

Сяргей Законьнікаў яшчэ адзначыў цяперашнюю канкурэнцыю: у няпростых умовах зьяўляюцца новыя выданьні. І народ, які ўсё ж такі чытае, цікавіцца навінкамі ў літаратуры, на думку Законьнікава, аддасьць перавагу “АRCHE” і “Дзеяслову”, а ня “Полымю” і “Нёману”.

Але вернемся па прымусовай падпіскі. Днямі я сама, стоячы ў чарзе на пошце, каб заплаціць за тэлефон, назірала, як купка маладых міліцыянтаў трымала ў руках адксэраныя падпісныя квіткі на газэту “На страже”. Пры гэтым хлопцы ня вельмі прыемна выказваліся пра сваё начальства. Але загады не абмяркоўваюцца... Не сакрэт, што дзяржслужбоўцаў прымушаюць падпісвацца на “Советскую Белоруссию”, наклад якой перасягнуў паўмільённую рысу.

Што думаюць людзі аб прымусовай падпісцы?

(Карэспандэнтка: ) “Ці сутыкаліся Вы з прымусовай падпіскай?”

(Спадарыня: ) “Я асабіста – не. Але мае знаёмыя, якія працуюць у розных дзяржаўных установах, школах, нават у лякарнях, скардзяцца, што іх прымушаюць выпісваць некаторыя дзяржаўныя газэты. Вядома, гэта няправільна. Чалавек сам павінен рабіць свой выбар. Што яму чытаць, не павінна дыктаваць ніякае там ведамства, ніякая ідэалёгія. Па-мойму, тыя часы даўно павінны кануць у Лету”.

(Спадар: ) “Такое ёсьць. Гэта многім не падабаецца, таму што навошта падпісвацца на такія выданьні, якія я ў прынцыпе не чытаю? А плаціць грошы за тое, што не чытаеш, плаціць толькі за тое, што макулятуру выкідаеш у сьметніцу, гэта проста бессэнсоўна, гэта проста маразм!”

(Спадарыня: ) “Мой муж працуе на дзяржслужбе. І ўвесь час, з пачаткам падпісной кампаніі, іх проста закідваюць загадамі Менгарвыканкаму падпісацца на пэўныя газэты. Звычайна гэта “Советская Белоруссия” і “Минский курьер”, дзьве абавязковыя. І яшчэ ў дзіцяці ў школе прымушалі падпісвацца на “Зорьку”. Але там ужо бацькі, што багацейшыя, падпісвалі ўсю клясу. Але куды ішлі тыя газэты, мы нават і не цікавіліся, бо ўсё адно іх ніхто не чытае”.

(Карэспандэнтка: ) “Студэнтаў прымушаюць што-небудзь чытаць і выпісваць?”

(Дзяўчына: ) “Я лічу, што гэта ня так дрэнна. Калі ўжо прымусяць, хаця б тую “Советскую Белоруссию” выпісваць, хай чытаюць хоць што-небудзь. Чалавек, які пачынае чытаць, ён усё адно пачынае думаць, раней ці пазьней”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG