Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У горадзе “Дажынак” адклалі ўшанаваньне памяці ахвяраў гета


Вячаслаў Кулік, Слуцак У Слуцку сёлета плянавалася ўстанавіць помнік ахвярам габрэйскага гета. Аднак пляны слуцкай габрэйскай суполкі паставіць помнік парушыла падрыхтоўка гораду да фэстывалю-кірмашу “Дажынкі-2005”.

На Радыё Свабода захаваўся запіс інтэрвію з акадэмікам архітэктуры Леанідам Левіным. Сёлета на пачатку траўня ён паведаміў нашаму радыё, што слуцкі райвыканкам даў згоду на ўстанаўленьне помніка ахвярам Галакосту.

(Левін: ) “У Слуцку месца, дзе было гета, забудавалі. Там шматпавярховыя будынкі. Таму я вельмі шчыра ўдзячны – гэта сапраўды так, чаго крывіць душою, – што нам далі кавалак зямлі між двума будынкамі. Ня вельмі вялікі ўчастак, але гэта канкрэтнае месца, дзе было гета”.

Пляны, пра якія амаль пяць месяцаў таму гаварыў Леанід Левін, ня спраўдзіліся. Абліччу гораду “Дажынак” нібыта не пасуе надмагільная пліта ў цэнтральным жылым квартале. Паводле намесьніка старшыні слуцкай суполкі габрэйскай культуры Фрыдрыха Фалевіча, тамтэйшы райвыканкам прапануе цяпер іншую пляцоўку.

(Фалевіч: ) “Горад чамусьці не дазволіў нам паставіць знак, дзе было гета. Заяўляюць так: “Ой, нязручна, там жылыя дамы...” Я кажу: “У Менску некалькі помнікаў стаіць, дзе жылыя дамы, і нічога – усё добра”. Вядома, каб помнік стаяў, дзе косьці людзкія, то ён выглядаў бы як упэўнены знак у памяць аб гібелі вялікай колькасьці людзей. Але мы не пачалі, як кажуць, сварыцца з гарадзкімі ўладамі. Я асабіста ўжо зьмірыўся з гэтым”.

Як кажа спадар Фалевіч, перанесьці помнік у іншае месца і прывязаць яго да ляндшафту – гэта паўторнае кола хады па кабінэтах і дадатковыя фінансавыя затраты.

(Фалевіч: ) “Мы назьбіралі тую капейку ў прынцыпе, што патрэбная на ўстанаўленьне гэтага знаку. Калі не да канца верасьня, то ў кастрычніку мы мелі б гэты аб”ект”.

Сёлета “Дажынкі” прызначаныя на 30 верасьня і 1 кастрычніка. У мінулым годзе ў Ваўкавыску яны адбыліся на два тыдні раней. Адтэрміноўка ў Слуцку выкліканая вялікім фронтам незавершанага добраўпарадкаваньня.

Галоўны архітэктар гораду Марына Токарава вымушаная прызнаць, што гарады ў Беларусі ня выберуцца з бруду і беднасьці, калі іх рыхтаваць толькі пад “Дажынкі”.

(Токарава: ) “Немагчыма такі вялікі горад прывесьці ў парадак за 4 – 5 месяцаў і выканаць усе пажаданьні ў поўным аб’ёме. Чаму не рыхтавалі Слуцак у мінулым і пазамінулым годзе? Хто перашкаджаў?”

Пытаньне, чаму ў Слуцку дагэтуль не ўшанавалі расстраляных у 1943 годзе 6 тысяч мірных жыхароў, мне падаецца рытарычным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG