Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 верасьня адзначаецца Раство Божае Маці


RFE/RL Каляндар “Свабоды”

21 верасьня ў Беларусі традыцыйна адзначаецца сьвята Раства Божае Маці. Нашыя продкі мелі для гэтага дня некалькі назваў – Малая Прачыстая або Спожка. А ўвогуле гэта – адно з галоўных хрысьціянскіх сьвятаў, вытокі якога ў падзеях далёкае гісторыі дваіх праведнікаў, мужа і жонкі Якіма і Ганны, што пакутавалі безь дзяцей. У адказ на іхныя малітвы Бог паслаў ім дзяўчынку Марыю, якая некалі стане маці Хрыста.

У сельскагаспадарчым календары сёньняшні дзень мае назву Багач, што зьвязвалася з завяршэньнем збору ўраджаю. Прыйшоў Багач – кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку.

У ноч з 21 на 22 верасьня 1943 году быў забіты кіраўнік нямецкай акупацыйнай адміністрацыі ў Беларусі гаўляйтэр Вільгэльм Кубэ. Ён загінуў ад выбуху міны, якую прымацавала да спружын ягонага ложка пакаёўка і падпольшчыца Алена Мазанік. Нямецкая паліцыя нібыта наперад ведала пра замах, але сама была ня супраць пазбавіцца Кубэ – “сілавікам” не падабаўся ягоны “лібэралізм”.

21 верасьня 1903 году нарадзіўся Іосіф Бельскі, адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў мінулую вайну. Вуліца ягонага імя ёсьць у Менску, дзе ён і прыйшоў на сьвет у колішняй вёсцы, а цяпер – гарадзкім раёне Лошыцы.

21 верасьня 1918 году нарадзіўся Фёдар Янкоўскі, беларускі мовазнаўца і пісьменьнік. Дасьледаваў фанэтыку, граматыку, лексыку і фразэалёгію беларускай народнай і літаратурнай мовы, гісторыю беларускай мовы, шмат рупіўся пра культуру беларускага маўленьня. Дзякуючы ягоным кнігам, беларусы мелі і маюць магчымасьць навучыцца гаварыць па-беларуску прыгожа і без памылак.

Таксама 21 верасьня ў розныя гады нарадзіліся флярэнтыйскі паэт і манах, заснавальнік Флярэнтыйскай рэспублікі Джыраляма Саванароля, ангельскі пісьменьнік-фантаст Гербэрт Уэлс і беларуская кампазытарка Людміла Шлег. Яна прыйшла на сьвет у Баранавічах, атрымала музычную і мастацкую адукацыю і піша ня толькі музыку, але й абразы, якія можна ўбачыць у цэрквах Беларусі, Польшчы і Нямеччыны.
XS
SM
MD
LG