Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як жывуць беларусы ў Львове


Ганна Сурмач, Прага (20 верасьня 2005 году.) Новая перадача сэрыі "Беларускае замежжа". Удзельнікі: Сяргей Горбік, Сьвятлана Пракопчык, айцец Пахом.

Мінулагоднія рэвалюцыйныя падзеі ва Ўкраіне мелі ўплыў і на беларускі рух у гэтай дзяржаве. Украінскія беларусы неадназначна паставіліся да рэвалюцыі, частка далучылася да лягеру прыхільнікаў Юшчанкі, другая падтрымлівала Януковіча. Падзеленымі аказаліся і беларусы ў Львове. Там пад час рэвалюцыі ўзьнікла новая беларуская суполка ў процівагу існуючай раней арганізацыі.

(Сурмач: ) "Гэтую перадачу мы падрыхтавалі на просьбу саміх львоўскіх беларусаў – слухачоў нашай праграмы, якія зьвярнуліся ў рэдакцыю з пытаньнем, чаму перадача “Беларусы за мяжою” абыходзіць увагаю жыцьцё беларускай грамады на Львоўшчыне. Я запрасіла да размовы аўтара ліста ў рэдакцыю сп. Сяргея Горбіка, які з’яўляецца старшынёю новастворанай беларускай суполкі. Сп. Сяргей, як называецца ваша арганізацыя?"

(Горбік: ) "Мы сябе назвалі "Беларуская нацыянальная грамада Львову". Яна стварылася ў лістападзе 2004 году, калі пачалася "памаранчавая рэвалюцыя" ва Ўкраіне. Мы вельмі доўга чакалі, калі нехта зь беларусаў ў Львове з існуючых арганізацый выйдзе, падыме наш сьцяг і выступіць у падтрымку рэвалюцыі. Але ніхто не выйшаў, усе маўчалі.

Частка беларусаў, якія ўваходзяць у суполку, што падтрымлівае беларускія ўлады, яна называецца – Аб''яднаньне беларусаў Львоўскай вобласьці, ўзначальвае яе былы генэрал Сяргей Кулікоў, яны стаяць на лукашэнкаўскіх пазыцыях. Па львоўскім тэлебачаньні паказалі, што гэтая суполка, як і некаторыя іншыя суполкі нацмяньшыняў, падтрымала Януковіча. Было сказана, што беларусы Львоўшчыны падтрымліваюць Януковіча. І гэта нас абурыла.

Да таго ж пачалі абзвоньваць усіх беларусаў, якія стаяць на ўліку ў беларускай амбасадзе, і агітаваць за тое, каб усе падтрымлівалі Януковіча, бо, маўляў, Януковіч не будзе прымушаць вывучаць украінскую мову, што вас ня будуць перасьледаваць ва Ўкраіне, а Юшчанка – нацыяналіст, вы будзеце людзьмі другога гатунку, вас вышлюць з краіны.

Нас гэта вельмі абурыла, мы пайшлі ў штаб Юшчанкі і сказалі, што не ўсе беларусы падтрымліваюць Януковіча”.

(Сурмач: ) “І вы тады вырашылі, што трэба аб’яднацца і стварыць сваю суполку?”

(Горбік: ) “Скажам так, я ўзяў на сябе гэтую ролю прэзэнтаваць іншых беларусаў. Мы з жонкаю пашылі бел-чырвона-белы сьцяг і выйшлі зь ім на Львоўскі майдан. З намі быў яшчэ айцец Пахом, выкладчык Украінскага каталіцкага ўнівэрсытэта, ён быў у Полацку, а цяпер жыве ў Львове.

Мы выйшлі на Львоўскі майдан пад бел-чырвона-белым сьцягам і да нас адразу далучыліся яшчэ недзе дзесятак чалавек. З Севастопалю прыехалі, з Трускаўца, з Івана-Франкоўска. У нас арганізавалася такая група ў 12 чалавек. Мы прынялі дэвіз "За нашу і вашу волю", узялі герб "Пагоня". Потым склалі адозву, што мы падтрымліваем "памаранчавую рэвалюцыю", і мы патрабуем ад беларускіх зарэгістраваных арганізацыі ў Львове выказаць сваю пазыцыю. Мы размножылі гэты тэкст, перадалі ў штаб Юшчанкі, яго апублікавалі ў львоўскай газэце ў перакладзе на ўкраінскую мову. Потым мы ўзялі гэтую адозву з сабою ў Кіеў, памножылі яе і раздалі на Майдане”.

(Сурмач: ) “Нехта адгукнуўся на вашу адозву?”

(Горбік: ) “Так, адгукнуліся, нас пачалі запрашаць на тэлевізію, мы падалі свой тэлефон у штаб Юшчанкі і некаторыя хлопцы зь Беларусі, якія не маглі прарвацца ў Кіеў, яны спачатку прыяжджалі ў Львоў, і мы іх сустракалі і адпраўлялі ў Кіеў.

Самі таксама езьдзілі ў Кіеў. Мы сустрэлі там хлопцаў зь Беларусі і запыталіся ў іх, ці да іх нехта падыходзіў з мясцовых беларусаў. Але яны адказалі, што ніхто не падыходзіў. Нам было вельмі сорамна. І гэта нас падштурхнула на далейшую дзейнасьць”.

(Сурмач: ) “Вы сказалі, што сустрэлі на Майдане хлопцаў зь Беларусі, а ці былі там яшчэ нехта з украінскіх беларусаў?”

(Горбік: ) “Сустракалі з Кіева, з Данецка, зь Севастопаля. Але ўсе яны былі разрозьненыя і казалі, што ўсюды такая сытуацыя, як у Львове, што ў іх таксама існуюць арганізацыі, якія створаныя пры падтрымцы беларускай амбасады, яны пакрылі ўсю Ўкраіну і людзі, якія сьвядомыя беларусы і грамадзяне Ўкраіны, знаёміліся з такімі суполкамі і адыходзілі ад іх”.

Менавіта гэтыя зарэгістраваныя суполкі прадстаўляюць сёньня беларусаў перад украінскімі ўладамі і, як кажа сп. Горбік, карыстаюцца падтрымкаю новых уладаў.

(Сурмач: ) “А вы ўжо афіцыйна зарэгістравалі сваю арганізацыю?”

(Горбік: ) “Мы афіцыйна зараз знаходзімся ў стадыі рэгістрацыі. Гэта таксама ня простае пытаньне. Мы хацелі зарэгістравацца яшчэ ў сакавіку, але нам сказалі, што тут ужо ёсьць беларускія арганізацыі, што яны не хочуць тут з намі праблемаў. І мы вымушаныя былі пакуль адкласьці рэгістрацыю”.

(Сурмач: ) “Так сказалі новыя ўлады?”

(Горбік: ) “Так, новыя ўлады, тут ёсьць свае праблемы”.

(Сурмач: ) “Тым ня менш, Беларуская нацыянальная грамада Львову разьвівае далей сваю дзейнасьць. Суполка ўстанаўлівае кантакты з беларусамі зь іншых рэгіёнаў Украіны з мэтаю аб’яднаньня і правядзеньня зьезду беларусаў Украіны.

Справа кансалідацыі той часткі ўкраінскіх беларусаў, якія не далучыліся да афіцыйна зарэгістраваных беларускіх суполак з прычыны супрацоўніцтва апошніх зь беларускімі ўладамі, зьяўляецца сёньня актуальнай задачаю для беларускай дыяспары ва Ўкраіне.

***

А зараз паслухаем сяброўку той другой суполкі беларусаў у Львове, якою кіруе Сяргей Кулікоў. Яна была створаная на пачатку 90-х гадоў.

Сьвятлана Пракопчык жыве ў Львове з 1991 году. Скончыла школу на Берасьцейшчыне і паехала вучыцца ў Львоўскі ўнівэрсытэт. Потым вучылася там ў асьпірантуры і зараз працуе эканамістам ў будаўнічай фірме.

(Пракопчык: ) “На Львоўшчыне жыве вельмі шмат беларусаў, у нас ёсьць таварыства, мы часта сустракаемся. Пры таварыстве ёсьць мастацкі гурток, які называецца "Белая Русь". Мы прымаем удзел у жыцьці Львова, сустракаемся на сьвятах. Вось нядаўна быў Дзень незалежнасьці Ўкраіны, наш гурток там выступаў, сьпявалі па-беларуску, таксама на Дзень гораду і на іншых беларускіх і ўкраінскіх нацыянальных сьвятах. Купальле ў нас заўсёды адзначаецца, праводзім розныя экскурсіі.

Прыяжджаюць да нас госьці зь Беларусі, адбываюцца розныя сустрэчы. прыяжджае моладзь вучыцца ва ўнівэрсытэт. Наш Львоўскі ўнівэрсытэт мае дамовы зь Берасьцейскім і Менскім унівэрсытэтамі. У Львове чатыры разы ў год адбываюцца кірмашы, прыяжджалі сюды з таварамі прадпрыемствы зь Беларусі”.

(Сурмач: ) “Колькі чалавек прыкладна складае ваша суполка?”

(Пракопчык: ) “Па ўсёй Львоўшчыне недзе каля 300 чалавек, у Львове недзе 80-100 чалавек”.

(Сурмач: ) “Як сябры суполкі паставіліся да “памаранчавай рэвалюцыі”, каго падтрымлівалі?”

(Пракопчык: ) “Ведаеце, розныя людзі па-рознаму ставіліся. Моладзь успрымала вельмі добра, ускладала вялікія надзеі. Старэйшыя людзі былі больш асьцярожныя, чакалі, што будзе далей. Але пераважная бальшыня падтрымоўвала зьмены, бо ўсе хочуць лепшага жыцьця. Я, напрыклад, хадзіла кожны дзень на Майдан і бачыла там шмат нашых. Шмат хто з нашых сяброў езьдзілі ў Кіеў і мы за ўсіх перажывалі, дапамагалі, зьбіралі грошы.

Гэта Львоўшчына, як кажуць – П''емонт рэвалюцыі, падтрымлівалі Юшчанку, бо ў Львове іншага не магло быць. Усе мае калегі на працы, калі Юшчанка падаў кліч "Усім на майдан!", кожны сабраўся, хто на сваім аўто, хто на чым, сабралі грошы, ежу і паехалі ў Кіеў”.

(Сурмач: ) “Наколькі мне вядома, вашая арганізацыя актыўна супрацоўнічае зь беларускай амбасадаю ва Ўкраіне?”

(Пракопчык: ) “Звычайная справа, людзі тут жывуць, патрабуюць падтрымкі дзяржавы і мусяць вырашаць розныя пытаньні. Мы кантактуем і зь беларускай амбасадаю і зь іншымі прадстаўнікамі Беларусі. Мы вельмі радыя гэтаму і хацелі бы мець больш цесныя сувязі зь Беларусьсю. Мала ў нас выданьняў беларускіх. Мы заўсёды запрашаем у Львоў нашых беларусаў”.

(Сурмач: ) “Суполка мае нейкі свой друкаваны орган? ”

(Пракопчык: ) “Раней быў, была газэта, але цяпер няма. Раней мы мелі магчымасьць выступаць і на радыё, у нас была "Гадзіна мовы" кожны тыдзень, а цяпер, на жаль, нічога няма”.

(Сурмач: ) “Як да вас ставяцца мясцовыя ўкраінскія ўлады?”

(Пракопчык: ) “Я скажу, што ўкраінцы – гэта нашыя найпершыя сябры і нашыя браты. Мы вельмі добра тут сябе адчуваем, мы жывём тут як свае, як грамадзяне Ўкраіны”.

***

(Сурмач: ) “Наш першы суразмоўца сп. Сяргей Горбік згадаў, што пад час рэвалюцыі разам зь імі на Майдан прыходзіў беларускі сьвятар – айцец Пахом, які цяпер жыве ў Львове. Я запрасіла айца Пахома да ўдзелу ў нашай перадачы.

Ён родам з Полацку, належыць да грэка-каталіцкай царквы і быў адным з тых, хто займаўся яе адраджэньнем у Беларусі, непасрэдна спрычыніўся да адкрыцьця грэка-каталіцкага манастыра ў Полацку.

Вы былі сярод пачынальнікаў у Полацку, а як Вы апынуліся ва Ўкраіне?”

(а. Пахом: ) “Я далучыўся да царквы ўжо ў даволі дасьпелым узросьце, хрысьціўся ў 19 гадоў, хрысьціў мяне айцец Ян Матусевіч яшчэ на падпольнай кватэры, тады яшчэ не было парафій грэка-каталіцкіх. Я належаў да вядомай маладзёвай арганізацыі "Талака". Потым я пайшоў у войска, а калі вярнуўся, вырашыў, што буду служыць царкве, я адчуў такое пакліканьне ад Бога.

У Беларусі не было грэка-каталіцкай сэмінарыі і я паехаў ва Ўкраіну вучыцца ў сэмінарыю. Жыў я там ў манастыры, айцец Севасьцян – настаяцель судыцкага манастыра ў Львове даў мне прытулак. Пакуль я там жыў, я зразумеў, што хацеў бы і надалей быць у манастыры. Я скончыў сэмінарыю і пасьля мяне высьвецілі на сьвятара, і я вярнуўся ў Полацак служыць на сваёй Бацькаўшчыне. Я там служыў амаль да 2001 году, пасьля ізноў паехаў ва Ўкраіну. У нас у Полацку адбыліся зьмены, прыйшлі мясцовыя хлопцы ў наш манастыр, адзін зь іх скончыў сэмінарыю і стаў там настаяцелем. Таму я меў магчымасьць ізноў выехаць ва Ўкраіну. Цяпер я служу тут у каталіцкім унівэрсытэце, у духоўна-пастаральным аддзеле духоўнікам”.

(Сурмач: ) “Ці ёсьць яшчэ ў Львове беларускія грэка-каталікі?”

(А. Пахом: ) “Вядома, ёсьць. Ёсьць яны ў навучальных установах грэка-каталіцкай царквы. У нашым унівэрсытэце таксама вучацца беларусы, на другім курсе вучыцца студэнтка зь Менску, ёсьць ужо адзін выпускнік, зараз таксама вучыцца брат Глеб з Полацку на трэцім курсе”.

(Сурмач: ) “Гэта пераважна маладыя людзі, а з той старэйшай беларускай эміграцыі ў Львове нехта далучаны да вашай царквы?”

(Сурмач: ) “Акрамя царкоўных справаў Вы сам неяк далучаецеся да беларускага культурнага ці грамадзкага жыцьця ў Львове?”

(А. Пахом: ) “У свой час, калі я быў сябрам "Талакі", вельмі актыўна займаўся грамадзкімі справамі. Але тут у Львове – не. Тут праходзяць часам культурныя мерапрыемствы, я толькі іду часам паглядзець, але прымаць удзел не імкнуся. Гэта зусім іншая сфэра. Інфармацыю пра беларускія справы больш дастаю праз сайт Радыё Свабода.

Беларусы, якія тут ёсьць, у бальшыні пасіўныя ў рэлігійнай сфэры. Мы спрабавалі гэтую справу падняць, нават ішла такая размова, што некаторыя заможныя людзі выказвалі жаданьне пабудаваць царкву і прапаноўвалі мне там служыць. Але пытаньне стаяла пра тое, якая гэта будзе царква, я ж грэка-каталік, я думаю, што яны не захацелі б грэка-каталіцкую царкву”.

(Сурмач: ) “Якая сёньня рэлігійная сытуацыя на Львоўшчыне?”

(А. Пахом: ) “У Львове існуюць у бальшыні грэка-каталіцкія цэрквы, ёсьць таксама адна праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату і недзе каля дзесятку цэркваў украінскай аўтакефаліі.

Дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што рэлігійнае напружаньне трохі было, калі справа ішла аб перадачы храмаў, калі па вёсках дзялілі праваслаўныя храмы ў сувязі з падзелам між цэрквамі Маскоўскага патрыярхату і Ўкраінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Цяпер гэта ўжо больш-менш унармавалася.

Я тут не адчуваю ніякай нецярпімасьці рэлігійнай ці нацыянальнай. Калі я ехаў некалі ў Львоў, то меў страх, памятаю тыя публікацыі пра Заходнюю Ўкраіну, што там не любяць людзей, якія не размаўляюць па-ўкраінску. Але я пабачыў, што нічога такога няма, нармальна людзі ставяцца”.

(Сурмач: ) “Пад час “памаранчавай рэвалюцыі”, як сказаў сп. Горбік Вы таксама не засталіся ў баку ад падзеяў”.

(А. Пахом: ) “Калі былі гэтыя рэвалюцыйныя падзеі ў Кіеве, я прымаў актыўны ўдзел. Мы з нашымі студэнтамі выяжджалі ў Кіеў, мы падтрымлівалі памаранчавы колер. Там былі праз увесь час, амаль да канца. Працавалі ў Народным доме, у розных арганізацыях, дапамагалі ў розных справах. Калі Юшчанка прыяжджаў у Львоў, ён меў сустрэчу ў нашым унівэрсытэце і адзначыў некаторых з нашых студэнтаў, якія асабліва актыўна бралі ўдзел у рэвалюцыі.

Мне давялося падыхаць гэтым, як кажуць, паветрам Майдану”.

(Сурмач: ) “Адносіны да грэка-каталіцкай царквы ва Ўкраіне і ў Беларусі, бачыцца розьніца?”

(А. Пахом: ) “Канечне, тут у Заходняй Украіне зусім іншыя адносіны да грэка-каталіцкай царквы. Яна мае тут даўнюю гісторыю, якая не была перапыненая рэпрэсіямі. Калі яе разагналі ў 1946 годзе, царква пайшла ў падпольле. Яна захавала ўсю структуру, былі і эпіскапы і сьвятары, праводзіліся багаслужбы падпольна.

У Беларусі гэтага не было, усё было зьнішчана. Беларуская царква аднаўлялася па ініцыятыве маладых. Тут адчуваецца, што грэка-каталіцкая царква нашмат мацнейшая, яна мае вялікі ўплыў на вырашэньне розных праблемаў. А ў Беларусі відавочна, што нашая царква яшчэ, фактычна, знаходзіцца ў падпольлі, афіцыйна яе не падтрымліваюць, у яе няма магчымасьць прэзэнтаваць сябе перад грамадзтвам, разьвіваць сваю матэрыяльную базу, будаваць храмы, не зацікаўленая дзяржава ў разьвіцьці нашай царквы”.

(Сурмач: ) “Тое, што беларускія грэка-каталікі вучацца ў Львове, азначае, што больш моцная ўкраінская царква дапамагае адраджэньню беларускай?”

(А. Пахом: ) “У свой час яна вельмі дапамагла, амаль што ўсе нашыя сьвятары, якія пачыналі адраджэньне царквы, тут навучаліся”.

(Сурмач : ) “І высьвячаліся там?”

(А. Пахом: ) “Так, айцец Андрэй, я ва Ўкраіне высьвеціўся, айцец Лявонці, які зараз у Полацку, таксама. У свой час яны вельмі моцна падтрымлівалі нашу царкву. Цяпер троху іншая сытуацыя таму, што беларуская грэка-каталіцкая царква мае ўжо свайго апостальскага візытатара – айца Сяргея Гаека, архімандрыта, які ад Кангрэгацыі ўсходніх цэркваў кіруе гэтай справаю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG