Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў: для зацьвярджэньня новага прэм''ера не хапіла пяці галасоў


Юры Сьвірко, Кіеў За тое, каб даць згоду на прызначэньне прэм’ера, прагаласаваў 221 дэпутат. Як стала вядома пазьней, два галасы падлічылі памылкова, бо гэтыя карткі былі заблякаваныя. Такім чынам, для зацьвярджэньня прэм''ер-міністра не хапіла ўсяго пяці галасоў. Нягледзячы на асабістую прысутнасьць і прамову прэзыдэнта Віктара Юшчанкі, парлямэнт не пагадзіўся зь ягонай кадравай прапановай.

Прэзыдэнт Украіны адмыслова прыехаў у Вярхоўную Раду й прасіў яе згоды. Было зразумела, што шанцы на зацьверджаньне прэм’ерам Юрыя Еханурава сапраўды складаюць 50 на 50, як заявіў сьпікер Уладзімер Літвін. Блёк былой прэм’еркі Юліі Цімашэнкі ды партыя яе папярэдніка на гэтай пасадзе Віктара Януковіча, камуністы ды сацыял-дэмакраты абвясьцілі, што ня будуць галасаваць за спадара Еханурава. Віктар Юшчанка заклікаў дэпутатаў кіравацца дзяржаўнымі інтарэсамі й заявіў, што ведае, як прайшла ноч перад гэтым галасаваньнем – “у якім лесе й зь якімі патугамі”. Ён намякаў, што дэпутатам прапаноўвалі грошы за адмову ад падтрымкі кандыдатуры прэм’ера.

(Юшчанка: ) “Я перакананы, што ў краіне задзейнічаны цынічны плян руйнаваньня ўлады, прычым да гэтага пляну далучыліся некаторыя з Майдану й некаторыя з тых, хто хацеў яго разагнаць. Такі дзіўны альянс! І мы рухаемся да руінаў, шаноўныя сябры. Той аўтарытэт, той імідж, які ў нас быў, сёньня няўмольна скарачаецца. І гэта тэст для ўсіх нас”.

Віктар Юшчанка таксама паабяцаў, што выбары ў Вярхоўную Раду ў наступным годзе будуць “сумленнымі, празрыстымі й публічнымі”, што ён не дапусьціць палітычных рэпрэсіяў і перасьледу, а таксама даў “гарантыю, што будзе тая хада палітычнай рэформы, якая намечаная”. Маецца на ўвазе перадача значнай часткі паўнамоцтваў ад прэзыдэнта ўраду, які будзе фармаваць Вярхоўная Рада.

Пасьля прэзыдэнта выступіў кандыдат на пасаду прэм’ера – дагэтуль губэрнатар Днепрапятроўшчыны Юры Еханураў. Ён сказаў, што галоўным заданьнем ураду будзе стабілізацыя эканомікі, назваў сябе “украінцам бурацкага паходжаньня” (спадар Еханураў – бурат, але выступаў толькі на добрай украінскай мове) ды паабяцаў зьмяніць кадравы склад кабінэту міністраў на дзьве траціны. На пытаньне, чаму пасьля прызначэньня выканаўцам абавязкаў прэм’ер-міністра ён цалаваўся з былым прэзыдэнтам Леанідам Кучмам на сьвяце гораду Днепрапятроўска, Юры Еханураў адказаў, што такую традыцыю ў гэтым горадзе запачаткаваў яшчэ Леанід Брэжнеў – з усімі трэба цалавацца.

Але гэты выступ спадару Еханураву не дапамог. Вынікі галасаваньня засьведчылі, што яго падтрымалі толькі 223 дэпутаты, а мінімум для зацьверджаньня складаў 226 галасоў. Пасьля перапынку высьветлілася, што й сярод галасоў за 2 былі падлічаныя памылкова, і такім чынам Еханураву не хапіла пяць галасоў.

У другой палове дня Вярхоўная Рада прэм’ер-міністрам больш не займалася, а заслухала справаздачу кіраўніка часовай камісіі ў справе забойства журналіста Георгія Гангадзэ.

Кіраўнік гэтай камісіі Рыгор Амельчанка заявіў, што да арганізацыі забойства мае дачыненьне цяперашні сьпікер парлямэнту Ўладзімер Літвін, які раней быў кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Леаніда Кучмы. Камісія прапанавала звольніць спадара Літвіна й генпракурора Сьвятаслава Піскуна. Аднак віцэ-сьпікер Адам Мартынюк заявіў, што для гэтага патрэбныя асаблівыя працэдуры, пасьля чаго парлямэнт прыняў справаздачу да ведама й ліквідаваў камісію на чале з Рыгорам Амельчанкам. Вярхоўная Рада пастанавіла перадаць матэрыялы расьсьледаваньня ў генэральную пракуратуру – кіраўніка якой камісія патрабавала звольніць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG