Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя Казуліна падтрымлівае ініцыятыву аб правядзеньні рэфэрэндуму


Уладзімер Глод, Менск Два тыдні таму ў Менску Аляксандар Вайтовіч, Васіль Лявонаў і Валеры Фралоў заявілі пра стварэньне “Руху за вызваленьне Беларусі ад дыктатуры”. Яны паведамілі, што новая арганізацыя будзе дамагацца недапушчэньня да ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году Аляксандра Лукашэнкі. Падставаю для такога недапушчэньня, паводле палітыкаў, зьяўляецца нелегітымнасьць леташняга рэфэрэндуму, вынікі якога дазваляюць дзейнаму кіраўніку дзяржавы ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах неабмежаваную колькасьць разоў. Што ўжо зроблена новым рухам?

Тлумачыць выбарнікам, чаму Аляксандар Лукашэнка ня мае юрыдычнага права трэці раз балятавацца ў якасьці прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі, актывісты новага руху зьбіраюцца падчас рэфэрэндуму, які яны хочуць правесьці ў краіне. Стваральнікі новай арганізацыі вырашылі скарыстацца канстытуцыйным правам на правядзеньне рэфэрэндуму з ініцыятывы грамадзянаў. Згодна зь дзейнай канстытуцыяй, дзеля гэтага трэба сабраць подпісы ня менш як 450 тысяч грамадзянаў Беларусі. Акцыяй мае займацца адмысловая ініцыятыўная група. Аднак пакуль што ў яе ня ўсё атрымліваецца. Прыкладам, ужо зарэгістраваныя ў натарыюса 260 подпісаў сяброў ініцыятыўнай групы трэба будзе перарабляць, паведаміў учора ўвечары кіраўнік гэтай групы генэрал Валеры Фралоў. Рэч у тым, што ў іхных заявах не былі абсалютна дакладна сфармуляваныя пытаньні рэфэрэндуму.

На рэфэрэндум плянуецца вынесьці чатыры пытаньні – пра дэмакратызацыю выбарчага заканадаўства, адмену кантрактнай сыстэмы найму на працу, абмежаваньне росту тарыфаў на паслугі жыльлёва-камунальных службаў, а таксама пра дзяржаўную падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу. Валеры Фралоў лічыць, што гэтыя пытаньні хвалююць усіх, і вакол рэфэрэндуму можна рэальна аб''яднацца. Дзейная канстытуцыя, дарэчы, прадугледжвае, што для правядзеньня рэфэрэндуму трэба сабраць ня проста 450 тысяч подпісаў – у кожнай з шасьці абласьцей і ў Менску павінна быць сабраць ня менш за 30 тысяч. Генэрал задаволены тым, што ініцыятыву падхапілі ў рэгіёнах:

(Фралоў:) “У кожным вялікім горадзе, у кожнай вобласьці, шмат дзе ёсьць. Людзі паўсюдна першыя крокі зрабілі. І гэта было вельмі важна”.

Зразумела, такую вялікую працу немагчыма зрабіць без удзелу шматлікіх актывістаў. На пачатку акцыі было вядома, што апазыцыйныя палітычныя партыі ставяцца да яе даволі скептычна. Але за два тыдні сытуацыя крыху зьмянілася. Першымі акцыю вырашылі падтрымаць сацыял-дэмакраты з партыі Аляксандра Казуліна. І вось як ацэньвае сытуацыю з ініцыятывай аб правядзеньні рэфэрэндуму адзін зь лідэраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Уладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк:) “Нават калі ўлада ня дасьць магчымасьці правесьці рэфэрэндум, дык любы збор подпісаў, любы зварот да грамадзтва, зьвязаны з пэрспэктывай зьмены заканадаўства, з пэрспэктывай новых дэмакратычных мерапрыемстваў, для нас станоўчы. Для нас ня мае вялікага значэньня, ці гэта ініцыятыва аднаго, двух ці трох... Мы на калегіяльным органе партыі абмеркавалі, прыйшлі да высновы, што гэта карысна для дэмакратычных сілаў Беларусі. У любым выглядзе, у якім гэта мерапрыемства будзе праходзіць”.

Іншыя апазыцыйныя палітычныя партыі пакуль, падобна, яшчэ ня вызначыліся. Тыповая сытуацыя, прыкладам, у Аб''яднанай грамадзянскай партыі, дзе абмеркаваньня яшчэ не было. І вось што гаворыць намесьнік лідэра АГП Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі:) “Асабіста ў мяне стаўленьне скептычнае. Таму што праводзіць рэфэрэндум у нашай краіне, калі ўлада ўсё зноў “выкруціць”, бессэнсоўна. Чаму трэба зьмяніць выбарчае заканадаўства? Таму што фальсыфікацыі робяцца татальнымі. А як зьмяніць выбарчае заканадаўства паводле таго выбарчага заканадаўства, якое цяпер існуе і якое дазваляе татальныя фальсыфікацыі? Гэта азначае, што й гэты рэфэрэндум можа быць сфальсыфікаваны. Мне здаецца, тут ня ўсё проста, і трэба быць больш рэалістычнымі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG