Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Нямеччыне: "сьветлафор" або "сьцяг Ямайкі"?


Алена Струвэ, Менск Сёньня ў Бэрліне адбыліся першыя пасьлявыбарныя паседжаньні Сацыял-дэмакратычнай партыі, Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу і Партыі вольных дэмакратаў. Галоўнай тэмай гэтых партыйных імпрэзаў сталі пытаньні фармаваньня новага ўраду, а таксама варыянты новых кааліцыяў.

Паводле нямецкіх аглядальнікаў, ў краіне пачынаецца самы сапраўдны “парлямэнцкі кірмаш”. Вялікія партыі рыхтуюцца ўступіць у барацьбу за партыі маленькія. Тым часам старшыня партыі лібэралаў Гідо Вэстэрвэле і лідэр “зялёных” Ёшка Фішэр выказаліся адмоўна адносна свайго намеру перайсьці на бок палітычных праціўнікаў. Гэтыя заявы сёньня ў цэнтры абмеркаваньня нямецкіх аналітыкаў і журналістаў.

Словы “вялікая каліцыя” альбо альянс вялікіх партыяў– канкурэнтак ХДС і СДП, якія да ўчорашняга дня найбольш ўжываліся палітычнымі аглядальнікамі, сёньня можна пачуць значна радзей. Замест гэтага зьявіліся два новыя тэрміны: "сьветлафор" і "сьцяг Ямайкі". Гэта мянушкі альянсаў, калі да “чырвоных” сацыял-дэмакратаў і “зялёных” далучыліся б “жоўтыя” (лібэралы), альбо да “чорных” хрысьціянскіх дэмакратаў, “жоўтых” лібэралаў далучылася б Зялёная партыя Фішэра.

У выніку гэтых камбінацыяў пытаньне, хто будзе канцлерам, вырашаецца без праблемаў. “Сьветлафор” – дае зялёнае сьвятло Шрэдэру. Ямайка – Ангеле Мэркель.

У размове з журналістамі лідэры маленькіх партыяў – Гідо Вэстэрвэле і Ёшка Фішэр выступілі рашуча супраць падобных камбінацыяў.

(Вэстэрвэле: ) “Ня будзе аніякага “сьветлафору” з вольнымі дэмакратамі. Гэта меркаваньне старшыні партыі вольных дэмакратаў Вэстрвэле, прэзыдыюму партыі, якое было пацьверджана фэдэральным партыйным кангрэсам і якое зьяўляецца вельмі дакладным. Мара, але ня з намі.”

Сваё адмоўнае стаўленьне да “чорнага сьветлафору” альбо "Ямайкі" – кааліцыі ХДС/ХСС, лібэралаў і зялёных выказаў Ёшка Фішэр.

Ягоная фармулёўка была некалькі адрознай ад фармулёўкі лідэра вольных дэмакратаў. Гэта і стала падставаў для розных спэкуляцыяў сярод журналістаў і аналітыкаў. Аглядальнік Нямецкага радыё Райнгард Лаўтэрбах зазначае:

(Лаўтэрбах: ) "Як заявіў сёньня Фішэр, калі будзе “сьветлафор”, то безь яго. Гэта сьведчыць пра тое, што, калі дойдзе да гэтак званага “чорнага сьветлафору” тады, напэўна, на чале зялёных ня будзе Фішэра. Таксама, калі будзе “чырвоны сьветлафор”, то на чале ня будзе Вэстэрвэле. Але паколькі Вэстэрвэле ў адстаўку ня пойдзе – чаму – калі ён пераканаўча выйграў выбары, то думаю, што хутчэй за ўсё “сьветлафоравая” кааліцыя будзе паміж Мэркель, лібэраламі і зялёнымі”.

Паводле нямецкіх выданьняў, прадстаўнікі кансэрватыўнага накірунку ў партыі зялёных апошнім часам усё часьцей крытыкуюць Ешку Фішэра, як за ягоную ўнутрыпартыйную палітыку, так і за палітыку ў якасьці кіраўніка нямецкага МЗС.

Напярэдадні выбараў, у якасьці пераемніка Фішэра называлася імя Вольфганга Герхарда, аднаго з найбольш папулярных палітыкаў партыі лібэралаў.

Апошнім часам спадар Герхард неаднойчы выказваў сваю падтрымку “каляровым рэвалюцыям” ва Ўкраіне й Грузіі і адзначаў, што такая краіна як Беларусь патрабуе большых намаганьняў, бо крытычная маса ў беларускім грамадзтве мае патрэбу ў гэтых званых штуршках супраць “апошняй дыктатуры ў Эўропе”.

Паводле нямецкіх назіральнікаў, перамовы пра кааліцыі пачнуцца пасьля таго, як адбудуцца выбары ў Дрэздэне і стане ясным, як будуць канчаткова падзеленыя мандаты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG