Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады не пайшлі насустрач пратэстанцкай царкве “Новае жыцьцё”


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня адбыліся перамовы кіраўніцтва менскай пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” з прадстаўнікамі Міністэрства ўнутраных спарваў, Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў і Менскага гарвыканкаму. Канфлікт узьнік пасьля нацыяналізацыі ўчастку, на якім разьмешчаны малітоўны дом рэлігійнай суполкі, і адмовы ў яе перарэгістрацыі.

Хрысьціяне Поўнага Эвангельля на мінулым тыдні зьбіраліся правесьці акцыю пратэсту ля сьценаў Менскага гарвыканкама з-за адмовы ў перарэгістрацыі іх царквы “Новае жыцьцё” ды перадачы ў склад гарадзкой тэрыторыі ўчастку, на якім стаіць іх малітоўны дом – пераабсталяваны кароўнік па вуліцы Кавалёва, 72.

Кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных справаў тады пераканала пратэстантаў не праводзіць несанкцыянаваную акцыю, паабяцаўшы ўзамен арганізаваць сустрэчу прадстаўнікамі Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў ды Менскага гарвыканкаму.

Сёньня намесьнік міністра ўнутраных справаў Віктар Філістовіч у сваім кабінэце арганізаваў сустрэчу пастара царквы “Новае жыцьцё” Вячаслава Ганчарэнкі, адміністратара Васіля Юрэвіча і юрыста Сяргея Луканіна з начальнікам аддзелу Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Аляксандрам Калінавым і прадстаўніцай Менскага гарвыканкама Аленай Радчанка.

Аднак сустрэча не вырашыла праблемаў царквы “Новае жыцьцё”,– паведаміў адміністратар царквы Васіль Юрэвіч, прадстаўнікі ўладаў прапанавалі пратэстантам шукаць новы юрыдычны адрас царквы, паколькі цяперашняе памяшканьне будзе ўсё роўна адабранае.

Пратэкцыя міліцэйскага генэрала Віктара Філістовіча ніяк не дапамагла,– гаворыць спадар Юрэвіч.

(Юрэвіч: ) “У канчатковым выніку выявілася, што ў нас у Беларусі слова генэрала – гэта пусты гук, тое што ён абяцаў у панядзелак запрасіць нас на гэтую сустрэчу і асабіста заняцца вырашэньнем нашых праблем. Гэта стала толькі як парожнімі словамі, ня болей.”

Васіль Юрэвіч зазначае, што працягу перамоўнага працэсу ўлады не абяцалі. Што рабіць далей – будзе вырашаць ўся царкоўная грамада. У панядзелак ўвечары ў іх малітоўным доме прайшла чарговая імша, якой ніхто не перашкаджаў.

(Юрэвіч: ) “Мы будзем працягваць маліцца і прадпрымем нейкія пэўныя крокі, хаця мы маем настрой выйсьці на плошчу, як мы й плянавалі, і дабівацца, адстойваць свае правы”.

21 верасьня ў Маскоўскім судзе пройдзе разгляд адміністрацыйнай справы Васіля Юрэвіча паводле абвінавачваньня ў правядзеньні незаконнага набажэнства. Спадар Юрэвіч абяцае прывесьці з сабой каля 500 сьведкаў.

У падтрымку менскай царквы Поўнага Эвангельля “Новае жыцьцё” актыўна выступілі беларускія пратэстанты іншых дэнамінацыяў, а таксама іх замежныя адзінаверцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG