Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікабрытанія: арлы сталі найпапулярнейшымі птушкамі


Натальля Судлянкова, Прага У Вялікабрытаніі пачынаецца арліны бум. Залатых арлоў спэцыяльна вырошчваюць у гадавальніках. Рэч у тым, што паляўнічыя-аматары ня бачаць іншай магчымасьці абысьці закон аб забароне паляваньня на лісаў, як толькі распачаць птушынае паляваньне.

Мінулай восені ўсе тэлеканалы абышлі кадры з брытанскага парлямэнту, дзе адбываліся паседжаньні ў пытаньні забароны традыцыйнай брытанскай восеньскай забавы – паляваньня на лісаў. Аматары гэтага паляваньня ўварваліся ў парлямэнт і спрабавалі не дапусьціць прыняцьця закону, а тым часам дзесяць тысяч чалавек пратэставалі пад сьценамі; у натоўпе пазьней пачаліся хваляваньні, здарыліся сутыкненьні з паліцыяй.

Сэзон паляваньня на лісаў традыцыйна пачынаецца ў лістападзе й доўжыцца да красавіка наступнага году. Здавалася, што сёлета брытанскія лісы могуць спаць спакойна. Аднак паляўнічыя ўсё ж такі знайшлі шлях, як абысьці забарону. Падрабязна пра гэта піша газэта “Gardian”.

Паводле газэты, паляўнічыя вырашылі браць з сабою спэцыяльна падрыхтаваных арлоў. Юрысты знайшлі дзіру ў законе. На іх думку, закон не забараняе выгнаць лісу з нары сабакамі, а потым выпусьціць на яе арла. Рост попыту на драпежных птушак прывёў да таго, што кошт аднаго арла або ястраба сягае 10 тысяч даляраў. Аднак чальцы Нацыянальнай асацыяцыі драпежных птушак гэтым ростам попыту не задаволеныя. Яны занепакоеныя тым, што цяпер гнеў барацьбітоў за правы жывёлін можа абрынуцца й на драпежных птушак, а гэта ў сваю чаргу можа прывесьці да забароны папулярнага спорту – паляваньня з драпежнымі птушкамі.

Мэта лобі паляўнічых, на думку “Gardian”, абсалютна зразумелая – яны хочуць прадэманстраваць, што ў законе хапае дзіраў, якія робяць яго бессэнсоўным. І паляваньне з птушкамі на лісаў – адзін са шляхоў, як гэтага дамагчыся.

Людзі, якія займаюцца паляваньнем з птушкамі як спортам, засталіся не задаволеныя такім стаўленьнем да іхнага ўлюбёнага хобі. Рада ў пытаньнях арлінага паляваньня правяла тэрміновае паседжаньне, на якім прыняла спэцыяльную адозву. У ёй чальцы Рады выступілі катэгарычна супраць паляваньня на лісаў з птушкамі, што, на іх думку, можа дыскрэдытаваць само птушынае паляваньне, а ў дадатак можа быць небясьпечным для жыцьця арлоў і ястрабаў. Іх меркаваньне падтрымала Рада асацыяцыяў паляўнічых, заклікаўшы сваіх чальцоў не пачынаць небясьпечнай і непрымальнай практыкі паляваньня, пакуль гэтае пытаньне ня будзе абмеркаванае на спэцыяльнай нарадзе.

Апошняе слова ў гэтых спрэчках, хутчэй за ўсё, будзе за судом. Прынамсі, так гэта бачыць прэсавы сакратар дэпартамэнту навакольнага асяродзьдзя, харчаваньня і сельскай гаспадаркі, які адзначыў, што дзіра ў законе папраўдзе не дае дазволу на ловы лісаў з птушкамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG