КАБУЛ. Аўганцы кінулі выклік пагрозам талібаў і масава прыйшлі на выбарчыя ўчасткі – упершыню за 30 гадоў у гэтай краіне прайшлі парлямэнцкія выбары й выбары ў Рады 34-х правінцыяў. Пакуль няма зьвестак пра колькасьць пададзеных галасоў, але цэнтарвыбаркам гаворыць, што “пераважная бальшыня” з 12 млн. выбарцаў прыняла ўдзел у галасаваньні. Талібы наладзілі сэрыю нападаў, забіўшы 14 чалавек. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш павіншаваў аўганцаў з пасьпяховым галасаваньнем, выказаўшы спадзяваньне, што яно стала крокам да стабілізацыі краіны і ўсталяваньні дэмакратычнае прававое дзяржавы. Брытанскі прэм’ер Тоні Блэр заявіў, што захапляецца сьмеласьцю выбарцаў, якія падтрымалі кандыдатаў, сярод якіх было шмат жанчын. Генэральны сакратар НАТА Яап дэ Хоп Схэфэр падкрэсьліў, што галасаваньне – крок да міру й стабільнасьці ў краіне й рэгіёне.