Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьць гадоў таму зьніклі В.Ганчар і А.Красоўскі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Шэсьць гадоў таму ў Менску невядомымі асобамі былі выкрадзеныя намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету В.Ганчар і ягоны сябар бізнэсовец А.Красоўскі Справа аб іх выкраданьні дагэтуль не раскрытая. Між тым, сваякі зьніклых апазыцыянэраў лічаць, што ведаюць адказных за гэтае злачынства.

Чаму дагэтуль няма пэўнага адказу на пытаньне, што здарылася шэсьць гадоў таму зь Віктарам Ганчаром і Анатолем Красоўскім, і чаму ня знойдзеныя іх выкрадальнікі?

Жонка зьніклага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Зінаіда Ганчар упэўненая ў палітычнай вэрсіі зьнікненьня мужа. Яна лічыць, што да гэтай справы мог мець дачыненьне Аляксандар Лукашэнка:

(Ганчар: ) “Мне цяжка меркаваць дакладна, але я лічу, што безь ягонага ўдзелу не абышлося. Асабіста я добра памятаю, што было сказана напярэдадні на адной з нарадаў. Памятаеце, напярэдадні выкраданьня ён патрабаваў разабрацца, вось і разабраліся. Кампанія альтэрнатыўных выбараў прэзыдэнта, якую праводзіў у 1999 годзе мой муж, вельмі напалохала Аляксандра Лукашэнку. А праз тры дні, як зьнік Віктар, было прызначае пашыранае паседжаньне Вярхоўнага Савету, у якім нават пагадзіліся ўзяць удзел дэпутаты, якія раней перайшлі ў лягер Лукашэнкі. Такім чынам, я лічу, яму было чаго апасацца”.

Нагадаем, афіцыйнае сьледзтва па справе Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага дагэтуль не завершанае. Сьледчыя з пракуратуры ня кажуць пра тое, да якой вэрсіі схіляюцца. Між тым, робяць пэўныя захады адносна людзей, якія кажуць пра магчымую датычнасьць Аляксандра Лукашэнкі да выкраданьня Ганчара і Красоўскага. Прыкладам, крымінальная справа паводле артыкулу аб паклёпе на прэзыдэнта і іншых асобаў была заведзеная на вядомага праваабаронцу Гары Паганяйлу.

Жонку бізнэсоўца Анатоля Красоўскага Ірыну я знайшоў па тэлефоне ў Жэнэве, дзе яна бярэ ўдзел у паседжаньні Камісіі правоў чалавека ААН. Вось як Ірына Красоўская ацаніла вынікі барацьбы за высьвятленьне праўды аб выкраданьні яе мужа:

(Красоўская: ) “Сёньня мы ведаем значна больш, чым ведалі шэсьць гадоў таму. Цягам гэтых гадоў былі прынятыя некалькі рэзалюцыяў Эўрапарлямэнту, Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, адмысловая рэзалюцыя і справаздача Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Былі зробленыя рэальныя крокі, каб паставіць кропкі ў гэтай справе. Я маю на ўвазе забарону на ўезд у краіны Эўропы і ЗША людзям, якія падазраюцца ў выкраданьні і забойстве. Але ня вырашаным застаецца галоўнае пытаньне — сьледзтва і суд. Мяркую, яно ня вырашанае таму, што якраз тыя людзі, хто мусіць арганізаваць сьледзтва і суд, і абвінавачваюцца ў выкраданьнях і забойстве”.

Паводле сьведчаньняў, у магчымай датычнасьці да палітычных зьнікненьняў падазраюцца былы генэральны пракурор Беларусі Віктар Шэйман, былы міністар унутраных справаў Юры Сівакоў, дзейны міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, камандзір брыгады спэцназу Зьміцер Паўлічэнка. Невядома, аднак, ці далі яны паказаньні і як яны фігуруюць цяпер у крымінальнай справе аб выкраданьні Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG