Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Круглы стол" вінаваціць Польшчу ў тэрытарыяльных прэтэнзіях да Беларусі


Юлія Шарова, Менск Прадстаўнікі польскай дыяспары лічаць, што ўлады зноў вырашылі павесьці супраць іх ідэалягічную вайну. 15 верасьня ў грамадзкім прэс-цэнтры Дома прэсы адбыўся круглы стол з удзелам навукоўцаў-гісторыкаў, прымеркаваны да чарговай гадавіны аб’яднаньня Заходнай і Ўсходняй Беларусі. Удзельнікі круглага стала абвінавацілі Польшчу ў тэрытарыяльных прэтэнзіях да Беларусі.

У часе круглага стала “Актуальныя ўрокі гісторыі. Вызваленчы паход Чырвонай арміі ў верасьні 1939 году” навукоўцы, а таксама вайскоўцы загаварылі пра тое, што ў сучаснай Польшчы няслушна трактуюць падзеі 17 верасьня 1939 году. Гэта ня быў акт агрэсіі, цьвердзілі ўдзельнікі дыскусіі, гэта была спроба абараніць жыхароў Заходняй Беларусі ды Ўкраіны ад фашыстаў.

Але цяпер, як заявіў доктар гістарычных навук Іван Палуян, польскія нацыяналістычныя колы і нават польскія ўлады хацелі б перагледзіць гісторыю й зноў падзяліць Беларусь на Заходнюю ды Ўсходнюю. Прычым яны ўжо робяць для гэтага захады ў хаўрусе зь іншымі краінамі.

(Палуян: ) “Колькі месяцаў таму міністар замежных справаў Польшчы, калі прысутнічаў на адной канфэрэнцыі ў Нямеччыне, заявіў літаральна наступнае: Польшча гатовая вярнуць Нямеччыне ейныя ўсходнія землі, якія палякі называюць сваімі заходнімі землямі, пры ўмове, калі Нямеччына дапаможа дапаможа Польшчы вярнуць ейныя ўсходныя крэсы”.

Іван Палуян пэўны ў тым, што Польшча гандлюецца на гэты конт зь Нямеччынай ды зь іншымі заходнімі дзяржавамі. Польшча хацела б папрасіць дапамогі і ў Злучаных Штатаў, але тыя засьцерагаюцца выяўляць агрэсію ў дачыненьні да Беларусі. Маўляў, Беларусь знаходзіцца ў саюзе з Расеяй, Расея гэта ядзерная дзяржава й пакуль існуе гэты саюз, ніякая небясьпека з боку Злучаных Штатаў нам не пагражае.

Былы рэдактар “Magazyna Polskiego” й чалец Саюзу палякаў Андрэй Пачобут лічыць такія заявы вар’яцкімі. Аднак, на ягоную думку, круглы стол быў зладжаны нездарма: ўлады чарговым разам хочуць націснуць на польскую дыяспару. Канфлікт з Саюзам палякаў неразьвязаны, кажа спадар Пачобут.

(Пачобут: ) “Зьезд ваўкавыскі меў паставіць кропку, на думку ўладаў, у гэтым канфлікце. Ужо сёньня можна сказаць, што кропкі няма, шматкроп’е пастаўленае. Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс працягвае сваю дзейнасьць, ён прызнаны ў Польшчы, яго прызнаюць большасьць сяброў Саюзу палякаў у Беларусі. Таму канечне канфлікт працягваецца й гэта нейкае ідэалягічнае абгрунтаваньне, магчыма, рэпрэсіяў, якія будуць у дачыненьні да нас”.

Падзеі верасьня 1939 году палякі дагэтуль успрымаюць з болем, кажа Андрэй Пачобут, бо тады адбываўся развал іхнай дзяржавы. Жыхары Заходняй Беларусі, ня толькі палякі, панесьлі тады страты менавіта пасьля ўсталяваньня савецкай улады. Таму выстаўляць сучаснай Польшчы такія вінавачаньні несправядліва, лічыць ён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG