Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня БАЖ Ж.Літвіна: “Пакуль мы разам, нас нельга пазбавіць прафэсіі”


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ў Менску адбудзецца ўшанаваньне ляўрэатаў Прэміі імя Дзьмітрыя Завадзкага. Мерапрыемства супала зь дзесяцігодзьдзем Беларускай асацыяцыі журналістаў. БАЖ быў заснаваны на ўстаноўчым сходзе ў Доме літаратараў 16 верасьня 1995 году.

Як паведаміў нашаму радыё загадчык аддзелу спэцыяльных праектаў ОРТ Павал Шарамет, Прэмія Дзьмітрыя Завадзкага за 2005 год будзе ўручаная карэспандэнту РЕН-ТВ у Менску Алене Слаў, апэратару Уладзімеру Косьціну, супрацоўніцы нашага радыё Любові Лунёвай, рэдактару газэты “Глос з-над Немна” Анджэю Пісальніку і журналісту “БДГ. Деловой газеты” Сяргею Сацуку. Пра працэдуру адбору кандыдатаў на атрыманьне прэміі Павал Шарамет сказаў наступнае.

(Шарамет: ) “Па нашай прапанове гэтую прэмію мы ўручаем сумесна з Беларускай асацыяцыяй журналістаў – БАЖ. І мэханізм вельмі просты. БАЖ прапаноўвае нам сьпіс кандыдатаў. З гэтага сьпісу мы выбіраем тры, чатыры, максымум пяць чалавек. Абмяркоўваем яго, уносім на абмеркаваньне савету дырэктараў каналу. І ўжо гэты савет зацьвярджае ці кандыдатуры”.

Паводле Паўла Шарамета, сёлета савет дырэктараў ОРТ прыняў сьмелае рашэньне.

(Шарамет: ) “Па-першае, гэта два журналісты РЕН-ТВ, які нейкім чынам канкуруе з нашым каналам. Гэта журналіст Радыё Свабода. Таксама вельмі складаныя адносіны ў расейскай улады з Радыё Свабода. Гэта журналіст па сутнасьці польскай газэты. Тое, што савет дырэктараў расейскага каналу зацьвердзіў менавіта такі сьпіс, гаворыць пра тое, што расейскія журналісты абралі намінантаў, менш за ўсё кіруючыся палітычнымі ці ідэалягічнымі меркаваньнямі. Галоўным крытэрам была тая праца, якую гэтыя журналісты рабілі, іх мужнасьць і той уціск, які ім даводзіцца адчуваць і якому яны супрацьстаяць у Беларусі”.

Якім чынам арганізатары плянуюць сёньня сумясьціць два мерапрыемствы: уручэньне ўзнагародаў ляўрэатам і 10-годзьдзе Беларускай асацыяцыі журналістаў? Паводле старшыні БАЖу Жаны Літвіной, збор удзельнікаў урачыстасьцяў прызначаны на 14 гадзінаў. Прэмія імя Завадзкага зьяўляецца іміджавай. Яна ня мае грашовага складніку. Ляўрэат атрымлівае каштоўны падарунак у выглядзе крыштальнага знаку і памятны ліст ОРТ. Сёньня таксама сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў падвядуць вынікі дзесяцігадовай дзейнасьці. Як падкрэсьлівае Жанна Літвіна, у Беларусі абвастраецца супрацьстаяньне незалежных журналістаў і ўлады.

(Літвіна: ) “Тое, што самыя першыя стваральнікі БАЖу запісвалі ў нашых статутных дакумэнтах, гэта была абарона прафэсійных правоў: палітычных, сацыяльных, эканамічных і гэтак далей. Абарона самой ідэі і прасоўваньне ідэі слова ў нашае грамадзтва. Так фармулявалі мы свае мэты тады, калі толькі стваралася арганізацыя. Навідавоку сёньня тэндэнцыя выцісканьня з інфармацыйнай прасторы незалежных СМІ. З гэтым мы кожны год сутыкаемся. А марай па-ранейшаму маёй застаецца, каб беларускія журналісты праз нейкі пэўны час былі ляўрэатамі ўсіх верагодных і неверагодных узнагародаў міжнародных, але за свае прафэсійныя здольнасьці, за свой талент і за сваю журналісцкую працу. Гэта, відаць, самае асноўнае маё пажаданьне маім калегам. І яшчэ трымацца разам. Пакуль мы разам, нас нельга пазбавіць прафэсіі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG