Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Славацкія сацыёлягі дасьледавалі беларускае грамадзтва


Валер Каліноўскі, Менск Славацка-беларуская група сацыёлягаў правяла дасьледаваньні стаўленьня беларускага грамадзтва да дзейнага рэжыму і магчымасьцяў мабілізацыі ягоных апанэнтаў. Вынікі сьведчаць пра пасіўнасьць і нерашучасьць грамадзян Беларусі, няверу ў магчымасьць свабодных і справядлівых выбараў. Большасьць беларусаў не ацэньвае будучыя выбары як вырашальную падзею для сваёй дзяржавы, такую выснову робяць сацыёлягі. Хаця 38% апытаных мяркуюць, што ў Беларусі ёсьць людзі, здольныя кіраваць краінай лепей, чым Лукашэнка.

У сумеснай групе працавалі прадстаўнікі славацкага фонду “Понціс”, сацыялягічнай лябараторыі “Новак” Андрэя Вардамацкага, Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў. Напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году сацыёлягі зрабілі выснову, што ў Беларусі людзі не ўспрымаюць выбары як інструмэнт дэмакратыі, а хутчэй як сродак, які выкарыстоўвае ўлада, каб гарантаваць сваю будучыню.

Толькі 49% апытаных беларускіх грамадзян мяркуюць, што выбары 2006 году могуць быць вольнымі і сумленнымі. Сярод спосабаў забесьпячэньня сумленнасьці выбараў рэспандэнты аддаюць перавагу незалежнаму назіраньню (37%) і паралельнаму падліку галасоў (25%), а ня страйкам і масавым мітынгам пратэсту, што было падчас аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне. Кіраўнік праекту Андрэй Вардамацкі, прадстаўляючы ягоныя вынікі, зазначыў:

(Вардамацкі: ) “Беларускі народ ня любіць слова “рэвалюцыя”. Таму, напэўна, трэба гаварыць аб пераменах. І тут важна, хто будзе мэтавай сацыяльнай групай, якая б стала рухавіком гэтых пераменаў. Адносна моладзі такога сказаць нельга. Тут я ўжыў бы наступную формулу: калі моладзь усяго сьвету “фанацее”, то беларуская моладзь “апацее”.

“Пасіўнасьць, нерашучасьць і недавер застаюцца паноўнымі пачуцьцямі беларускага грамадзтва, — робяць галоўную выснову сацыёлягі. — Перад дэмакратычнымі сіламі паўстаў галоўны выклік: адсунуць гэтыя настроі ў бок больш актыўнай грамадзянскай пазыцыі шляхам дэманстрацыі таго, што ў краіне яшчэ нехта існуе, каму можна давяраць”.

Апатыю ў грамадзтве выклікалі два вэктары — мас-мэдыйны і рэальнае жыцьцё, зазначыў спадар Вардамацкі.

(Вардамацкі: ) “Мас-мэдыйны вэктар не прапаноўвае ніякіх іншых інтэрпрэтацый і пэрсаналій, акрамя афіцыйных і афіцыйнай. Вэктар рэальнага жыцьця наглядна дэманструе людзям, што любыя праявы актыўнасьці пацягнуць за сабой неадкладную жорсткую рэакцыю”.

Тым ня меней, паводле сацыёлягаў, каля траціны насельніцтва Беларусі гатовая да пераменаў нават у сучасных беларускіх умовах. Гэта людзі, якія лічаць, што леташні рэфэрэндум быў сфальшаваны (38%), якія прагназуюць, што сытуацыя ў дзяржаве пагоршыцца, калі ў 2006 годзе зноў выйграе Лукашэнка (такіх 45% ад апытаных), і тыя, хто гатовы галасаваць за дэмакратычнага кандыдата (23% апытаных). Аднак прыхільнасьць гэтай групы людзей да апазыцыі сацыёлягі вызначаюць як лятэнтную — яна не змабілізаваная дэмакратычнымі сіламі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG