Лінкі ўнівэрсальнага доступу

90 гадоў таму пачаў абарону “самы незгаворлівы горад” Першай усясьветнай вайны (фота)


Ігар Карней, Смаргонь 15 верасьня адзначаецца 90 гадоў ад пачатку абароны Смаргоні – гораду, які даўжэй за ўсіх у Эўропе трымаў абарону ад нямецкіх войскаў падчас Першай усясьветнай вайны. 810 дзён супраціву, у выніку якога горад быў цалкам зьнішчаны, а ўцалелыя смаргонцы мусілі шукаць бясьпечныя месцы ў расейскай Сібіры, сёньня ўзгадваюць ня толькі ў Смаргоні. Наш карэспандэнт праехаў па лініі фронту Першай усясьветнай вайны.

Калі верыць дасьледчыкам гісторыі Першай усясьветнай вайны, сярод салдатаў па абодва бакі лініі фронту хадзіла такая прымаўка – “Хто ў Смаргоні ня быў, той вайны ня бачыў”. Актуальнасьць такой высновы пацьвярджаюць гістарычныя факты: ад 15 верасьня 1915 году і да лютага 1918-га праз Смаргонь праходзіла лінія фронту, і нават нямецкія генэралы канстатавалі, што з такой упартай абаронай цягам усёй вайны ім не даводзілася сутыкацца. Тая стойкасьць абаронцаў мела сумныя выдаткі: 810 дзён супрацьстаяньня фактычна зьнішчылі 16-тысячны горад, а жыхарам, якія не загінулі пад абстрэламі, было наканавана на доўгія гады стаць уцекачамі. Гісторык Віталь Скалабан перакананы: наступствы Першай сусьветнай Беларусь адчувала фактычна да пачатку Другой усясьветнай вайны...

(Скалабан: ) “Падзеі 1917 году, потым грамадзянская вайна “перакрылі” Першую ўсясьветную. У нас заўсёды казалі не пра Першую ўсясьветную вайну, а пра Вялікую кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю. А цяпер мы бачым, што 1917 год – гэта фактычна эпізод той вайны. І яшчэ пытаньне: калі Першая усясьветная вайна скончылася ў Беларусі? Афіцыйна ў 1918-м. Але, як мне здаецца, яна скончылася ў 1921-м, з падпісаньнем Рыскага міру. І скончылася так, што бомба, падкладзеная пад Рыскую дамову, калі Беларусь напалову была падзеленая, выбухнула 17 верасьня 1939 году. Таму гадзіньнік Першай усясьветнай вайны цікаў амаль яшчэ два дзесяцігодзьдзі”.

Рэальна сутыкнуцца з жахамі супрацьстаяньня двух варожых груповак Беларусі давялося ўвосень 1915 году. Як расказвае дасьледчык падзеяў на тэрыторыі Смаргоншчыны Уладзімер Лігута (ён аўтар кнігі на гэтую тэму “Нашая кроў у Смаргоні”), нямецкая армія імкліва набліжалася да Беларусі пасьля трыюмфальнага паходу па Эўропе. Але пляны “бліцкрыгу”, як паказалі далейшыя падзеі, былі істотна адкарэктаваныя менавіта ў Смаргоні.



(Лігута: ) “Ад лета 1915 году расейскія войскі адыходзяць з Польшчы ў Беларусь. У немцаў была задача на 1915 год вывесьці Расею з вайны: так прыціснуць, каб яна папрасіла міру. У пачатку верасьня пачаўся “Сьвінцянскі прарыў”: 9 верасьня немцы прарвалі фронт на поўнач ад Вільні, дзе сыходзіліся два расейскія франты – Заходні і Паўночна-заходні. Моцны ўдар пяхоты – і ў прарыў рынуліся чатыры кавалерыйскія дывізіі. Адна пайшла на Ўсход, на Глыбокае, а тры павярнулі на поўдзень. Чаму сюды? Трэба было захапіць пераправы праз Вілію, перарэзаць чыгунку і шашу на Вільню, па якіх ішло забесьпячэньне войскаў. Далей плянавалі пайсьці да Заходняй Бярэзіны, і чакаць пяхоту, якая канчаткова закрые акружэньне (з астатніх бакоў дапамагалі балоты: да Нарачы і Налібоцкай пушчы). Астатнія войскі ўжо наступалі на Ліду, Наваградак, Баранавічы. Такім чынам, 12 верасьня немцы ў Сьвінцянах, а 15-га дайшлі да Смаргоні. Ад гэтага моманту 90 гадоў мы і адзначаем”.

Больш за 15 тысяч смаргонцаў за дзень да аблогі атрымалі ваенны загад пакінуць дамы цягам трох гадзін. Пасярод гэтай панікі 15 верасьня пачаўся першы бой: васьмігадзіннае змаганьне засталося за немцамі. Імпэратар Мікалай ІІ загадаў узмацніць армію, перад якой была акрэсьленая безальтэрнатыўная задача: стаяць насьмерць, але горад утрымаць! Пасьля дзесяці дзён упартых баёў, у выніку якіх горад канчаткова зруйнавалі, упершыню пасьля адступленьня рускай арміі немцы былі спыненыя. Пачалася “пазыцыйная вайна”, якая суправаджалася будаўніцтвам вялізнай колькасьці ўмацаваньняў як з аднаго, так і з другога боку. І калі расейцы “націскалі” на драўляныя бліндажы, якія, натуральна, не захаваліся, то капітальныя бэтонныя доты немцаў дагэтуль уражваюць непрыступнымі сьценамі. Як кажа Ўладзімер Лігута, зь якім мы наведалі толькі самыя цікавыя з гледзішчы “архітэктуры”, такіх умацаваньняў вакол Смаргоні сотні.

На фота: Нямецкі дот на могілках Смаргоні не падаецца нечым незвычайным.



А ці ёсьць зьвесткі, што сам Мікалай ІІ выяжджаў на месца падзеяў? Бо менавіта ж ён загадаў трымаць горад любой цаной. Як расказвае Ўладзімер Лігута, з гэтым зьвязаная цэлая гісторыя. Паводле майго гіда, менавіта дзякуючы Смаргоні імпэратар атрымаў вышэйшую ўзнагароду таго часу – ордэн Сьвятога Георгія.

(Лігута: ) “Цар у жніўні 1915 году прымае камандаваньне, што спрыяе прыдворным інтрыгам. Немцаў спынілі, вораг далей не ідзе, маўляў, трэба Вярхоўнага Галоўнакамандуючага адзначыць. Самай высокай ваеннай узнагародай быў ордэн Сьвятога Георгія, і гэтаму папярэднічала цэлая працэдура (георгіеўская дума). А цар, трэба аддаць яму належнае, быў чалавек досыць сьціплы, і вайсковых атрыбутаў трымаўся: усю вайну прайшоў гвардзейскім палкоўнікам, хоць мог даць сабе і генэрала. Кодэкс гонару быў: баявы ордэн даецца за асабісты подзьвіг, які ён, шчыра кажучы, не зьдзяйсьняў. Царадворцы апыталі камандуючых франтамі, тыя сказалі, што ня супраць, але цар мусіць пабываць там, куды далятаюць снарады. І тады яму робяць адмысловы страявы агляд у Залесьсі, за 10 км ад Смаргоні, якое ня толькі абстрэльвалася цяжкай дальнабойнай нямецкай артылерыяй, але і бамбілася самалётамі. У сакавіку 1916-га Мікалай ІІ прыехаў туды са сваім спадкаемцам, царэвічам Аляксеем, і правёў агляд дзеля пад’ёму баявога духу войску. А ўжо на праваслаўны Вялікдзень “усклаў на сябе” ордэн Георгія. Ёсьць нават здымак: цар з ордэнам і побач сын з мэдалём Георгіеўскім”.

Адна з сумна вядомых старонак далёкай вайны зьвязаная з “новым” антыгуманным словам у ваеннай стратэгіі – газавымі атакамі, якія выклікалі пакутлівую сьмерць абаронцаў. Увогуле, успаміны шмат якіх удзельнікаў тых падзеяў пачынаюцца з такога апісаньня: рэдкія ацалелыя будынкі цалкам чорныя – але не ад пажараў, а ад узьдзеяньня газу. Немцы ўпершыню на Ўсходнім фронце ўжылі газ менавіта ля Смаргоні – 12 кастрычніка 1915 году, праз месяц пасьля пачатку аблогі. Пасьля гэтага атакі сталі рэгулярнымі. Хутка на ўзбраеньне прыйшлі артылерыйскія снарады, начыненыя хлёрам, і эпіцэнтар газавых атакаў можна было карэктаваць зь меншымі для сябе наступствамі (дагэтуль былі выпадкі, калі выпушчаны газ пасьля зьмены напрамку ветру замест варожых акопаў запаўзаў у свае). Сытуацыя ўскладнялася тым, што на ўзбраеньні расейскай арміі ў 1915-м яшчэ не было адгазьнікаў, а прымітыўныя марлевыя павязкі мала ўратоўвалі. Пасьля кожнай атакі колькасьць атручаных ішла на тысячы. І толькі праз год на газавыя атакі немцаў расейская армія пачалі адказваць тым жа: неўзабаве ў расейскім арсэнале таксама зьявілася хімічная зброя, што выраўноўвала сілы ў гэтай антыгуманнай вайне. 5 верасьня 1916 году ў Смаргоні расейцы за 15 хвілінаў пусьцілі на акопы немцаў 13 тонаў газу.

А ўвогуле, як расказвае Ўладзімер Лігута, шмат што ў той час было ўпершыню: і ўпершыню зьбіты бамбардзіроўшчык “Ільля Мурамец”, які ўпаў на тэрыторыі праціўніка, і яго экіпаж з пашанай пахавалі немцы, і новыя тэхналёгіі газавых атакаў. Але, бадай, самай вялікай нечаканасьцю як для расейскіх, так і для нямецкіх салдатаў стаў жаночы ўдарны батальён, які кінулі ў Смаргонь для ўзьняцьця баявога духу расейскага войску. Расказвае Ўладзімер Лігута.

(Лігута: ) “У адной з атакаў бярэ ўдзел, упершыню ў гісторыі, жаночы батальён прапаршчыцы Марыі Бачкаровай – 500 жанчын-добраахвотніц, якія прайшлі адпаведную падрыхтоўку. Пра іх потым рознае казалі, гэта абрасло пэўнымі легендамі. Натуральна, калі прывезьлі паўтысячы жанчын на фронт, была адпаведная рэакцыя мужчынаў, якія згаладаліся па сем’ях, па жанчынах. Гэта зразумела. Але нават у Другую ўсясьветную вайну такога масавага прыкладу жанчынаў на фронце не было – так, асобныя лётчыцы, сувязісткі, санітаркі, а тут цэлы батальён: у штыхавую, даўшы спэцыяльную прысягу воіна-добраахвотніка: “… у атацы не дазволю сябе абагнаць свайму таварышу”. Гэта жорсткае патрабаваньне. Ідуць у атаку, спрабуюць падбадзёрыць салдатаў. Але салдаты ўжо індыфэрэнтныя, яны іх папросту кідаюць. Жаночы батальён гераічна змагаецца ў Наваспаскім лесе (блізкім часам паспрабуем знайсьці іх магілы), бярэ нямецкія траншэі. Дзесьці 90 чалавек загінулі і былі параненыя. Урэшце батальён адышоў (забітых хавалі немцы), Бачкарову вынесьлі кантужанай... Празь нейкі час зьявілася легенда, што батальён потым абараняў Часовы ўрад падчас штурму “Зімняга”… Але іх там не было дакладна, бо жаночых батальёнаў потым зьявілася шмат, а батальён Бачкаровай стаяў у вёсцы Белая ля Смаргоні да лістападу 1917-га, і ўжо асобнай пастановай савецкага ўраду іх расфармавалі. Бачкарова ўлілася ў белую армію і была расстраляная ў Омску ў 1920 годзе”.

Жаночая сьмеласьць, якая не пакінула б нікога абыякавым яшчэ за год да гэтага, плёну ня мела. Частка пяхоты пад агітацыяй бальшавікоў адмовілася выйсьці на пазыцыі. Іншыя прымалі прысягу на вернасьць Часоваму ўраду ды ішлі ў атаку, хоць несьлі вялікія страты. У шэрагу выпадкаў салдаты кідалі нават занятыя нямецкія акопы і адступалі на ранейшыя пазыцыі. Аднавіць вайсковую дысцыпліну было немагчыма: да лістападу 1917 году ваенныя дзеяньні фактычна спыніліся, і ўсе чакалі канца вайны. Неўзабаве ў мястэчку Солы было падпісанае перамір’е зь немцамі, і вайсковыя дзеяньні на Смаргонскім участку фронту скончыліся.

Абарона Смаргоні зьвязаная з імёнамі шмат якіх вядомых на той час людзей. У 1917 годзе, калі ўзмацнілася бальшавіцкая прапаганда і шмат шуму нарабіла так званае братаньне нямецкіх і расейскіх войскаў пад Крэвам, агітаваць за працяг ваенных дзеяньняў у Крэва і Залесьсе прыяжджаў будучы прэм’ер Часовага ўраду Аляксандар Керанскі (Мікалай ІІ тады ўжо адрокся ад трону). У ліпені 1917-га, напярэдадні наступленьня, пазыцыі інспэктаваў галоўнакамандуючы фронтам генэрал Дзянікін. Тут жа загартоўваліся будучыя лідэры “белага руху” – генэралы Куцепаў і Драздоўскі, а таксама “чырвоныя” маршалы – Маліноўскі, Цімашэнка і Шапашнікаў. Пасьля таго, як немцам удалося зьбіць самы вялікі ў сьвеце бамбавік “Ільля Мурамец”, удасканальваць самалёт прыяжджаў зусім малады яшчэ авіяканструктар Ігар Сікорскі, які потым ўславіў амэрыканскі паветраны флёт. Тут жа ледзьве не сканаў ад газавага атручваньня штабс-капітан Міхаіл Зошчанка; будучы пісьменьнік Валянцін Катаеў служыў у Смаргоні ў пяхотнай дывізіі. Асобную старонку смаргонскіх успамінаў пакінула дачка Льва Талстога графіня Аляксандра, якая загадвала франтавым шпіталем у Залесьсі, і на руках якой памерлі сотні атручаных і параненых салдатаў.

На фота: доты рознай канфігурацыі – ад жылых для вышэйшага камандаваньня да звычайных кулямётных.





XS
SM
MD
LG