Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя крокі ў рэформе ААН


Юры Дракахруст, Прага Сёньня ў Нью-Ёрку пачынаецца трохдзённы саміт, прысьвечаны 60-й гадавіне стварэньня ААН. У ім бяруць удзел кіраўнікі больш чым 170 краінаў-сябраў арганізацыі. Праца над дакумэнтам аб рэфармаваньні ААН, які прапануецца прыняць на саміце, працягвалася да апошняй хвіліны.

Учора Генэральная асамблея аднагалосна ўхваліла праект рэфармаваньня ААН. Аднак у выніку спрэчак шэраг важных пунктаў першапачатковага пляну былі выдаленыя з тэксту дакумэнту.

Вырашана стварыць Раду ў правах чалавека, аднак не прайшла прапанова абіраць яе чальцоў дзьвюма трацінамі галасоў чальцоў генасамблеі. Адначасна ня былі падтрыманыя прапановы наконт мэханізму, які б выключаў абраньне ў Раду краінаў, што шырока парушаюць правы чалавека. Застаўся пункт аб міжнародным супрацоўніцтве ў абароне насельніцтва ад генацыду, аднак не прайшла тэза аб магчымасьці міжнароднага ўмяшаньня дзеля прадухіленьня генацыду.

Генэральны сакратар ААН Кофі Анан выказаў шкадаваньне з прычыны таго, што ў дакумэнце не былі адлюстраваныя праблемы барацьбы з распаўзаньнем па сьвеце ядзернай зброі.

(Анан: ) Вялікім недахопам з’яўляецца адсутнасьць пунктаў аб непашырэньні ядзернай зброі і аб раззбраеньні. Гэта ганьба. Мы пацярпелі няўдачу двойчы сёлета. Першы раз у траўні, калі абмяркоўвалі дамову аб непашырэньні, і другі раз цяпер. Я спадзяюся, што ўсясьветныя лідэры вырашаць гэтую праблему і прадэманструюць сапраўдную здольнасьць ісьці наперад у гэтым пытаньні”.

Шэраг важных палажэньняў першапачатковага пляну рэфармаваньня ААН былі проста выключаныя з дакумэнту дзеля кансэнсусу. Аднак, напрыклад, сёньня намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Віктар Гайсёнак выказаў незадаволенасьць беларускага боку тым, што падчас абмеркаваньня “рабіліся відавочныя спробы накінуць меркаваньне ўплывовай меншасьці бальшыні краінаў – удзельніц ААН”. Адной з прапановаў, якія выклікалі супрацьдзеяньне беларускіх прадстаўнікоў, была рэформа Камітэту ў правах чалавека, ператварэньне яе ў стала дзейную Раду. Тое, што гэтая прапанова ў выніку была ў значнай ступені вылегчаная, выклікае вялікую занепакоенасьць праваабаронцаў. Кіраўнічка міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Human Rights Watch” Пэггі Гікс падкрэсьлівае, што супраць сапраўднай рэформы ў гэтым пытаньні выступілі такія краіны, як Беларусь, Туркмэністан, Куба і Вэнэсуэла.

(Хікс: ) “Група краінаў, якія змагаліся супраць гэтага – гэта сапраўды клюб дзяржаваў, якія маюць усе падставы баяцца эфэктыўнага і пасьпяховага воргану, які б адстойваў правы чалавека, іншымі словамі, гэтыя краіны вельмі змрочна выглядаюць у справаздачах аб правах чалавека”.

Нягледзячы на тое, што шэраг першапачатковых прапановаў з праекту выніковага дакумэнту зьніклі, на думку Кофі Анана ён ёсьць дастатковым падмуркам для таго, каб працягнуць рэформы. Амэрыканскі амбасадар у ААН Джон Болтан заявіў, што праект утрымлівае асноўныя амэрыканскія прыярытэты і зьяўляецца першым крокам наперад.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG