Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вітаўтас Ландсбэргіс мяркуе, што Эўракамісія не пасьпявае за падзеямі


Уладзімер Глод, Менск Праблемы радыёвяшчаньня на Беларусь былі ў цэнтры ўвагі міжнароднай камісіі Эўрапарлямэнту, якая 14 верасьня ў Брусэлі разглядала дачыненьні зь Беларусьсю. Некаторыя дэпутаты казалі, што Эўракамісія як мінімум на год спазьняецца з адкрыцьцём беларускіх праграмаў. Яшчэ адна істотная заўвага тычылася мовы вяшчаньня. Бальшыня выступоўцаў лічыць, што трэба, каб радыё для беларусаў гучала па-беларуску.

Адным з найбольш актыўных удзельнікаў дыскусіі быў прадстаўнік фракцыі Эўрапейскай народнай партыі — эўрапейскіх дэмакратаў Вітаўтас Ландсбэргіс. Былы кіраўнік Літвы ў сваім выступе казаў пра тое, што пакуль Эўракамісія цягне час з вырашэньнем фінансаваньня радыёпраграмаў для жыхароў Беларусі, Аляксандар Лукашэнка актыўна навязвае свае погляды празь Беларускае тэлебачаньне, якое ахоплівае памежныя рэгіёны Польшчы і Літвы. Спадара Ландсбэргіса цікавіла, чаму вяшчаньне на Беларусь пачнецца толькі напрыканцы году:

(Ландсбэргіс: ) “Першае пытаньне: чаму згублены год? Вядома, што бюджэтныя грошы былі ўжо на пачатку году, а конкурс абвясьцілі зусім нядаўна. І гэта, натуральна, нельга назваць эфэктыўнай працай. Другая праблема, пра якую сёньня шмат казалі, гэта мова трансьляцыі. Папярэдне была інфармацыя, што адзінай мовай вяшчаньня будзе расейская. І гэткі падыход крытыкавалі абсалютна ўсе. Хаця некаторыя дэпутаты казалі і пра тое, што дзьвюхмоўе таксама было б нармальным”.

Аднак канчатковае рашэньне пра мову вяшчаньня на “Нямецкай хвалі” да гэтага часу не прынятае. І гэта непакоіць дэпутатаў, асабліва з краінаў Балтыі, якія, паводле спадара Ландсбэргіса, добра ведаюць, што экспансія расейскай мовы ў іх краіны ў свой час пачыналася таксама пад эгідай дзьвюхмоўя:

(Ландсбэргіс: ) “Напрыканцы паседжаньня прадстаўнік Эўракамісіі паведаміў нам, што трансьляцыя пачнецца напрыканцы году — спачатку на расейскай мове. Калі б у мяне была магчымасьць выступіць яшчэ раз (пасьля яго), я б сказаў, што гэта будзе кампрамэтаваць усю справу. Такі першы стрэл будзе вельмі нагадваць пра палітыку моўнай і культурнай дамінацыі, якую праводзіла Расея з 19 стагодзьдзя. І мы ў балтыйскіх краінах гэта добра ведаем. Таму прадстаўнікі Латвіі, Эстоніі, натуральна, Літвы выступалі рэзка з гэтай нагоды”.

Падчас сёньняшняй дыскусіі згадвалася сытуацыя і вакол польскай меншасьці ў Беларусі. Многія дэпутаты казалі пра тое, што на гэтым прыкладзе яскрава відаць, як нават у сучасным сьвеце міжнацыянальныя адносіны застаюцца вельмі далікатнай і асьцярожнай справай і як нельга тут ні ў якім разе ўжываць рэпрэсіўных мэтадаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG