Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйнаму Менску не да спадобы стварэньне Рады ААН у правах чалавека


Валер Каліноўскі, Менск Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Віктар Гайсёнак сёньня выклаў пазыцыю Беларусі ў справе рэфармаваньня ААН і назваў некаторыя ініцыятывы, зь якімі выступіць афіцыйная беларуская дэлегацыя на чале з Аляксандрам Лукашэнкам падчас паседжаньня 60-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН ды юбілейнага саміту арганізацыі.

Паводле Віктара Гайсёнка, выніковы дакумэнт юбілейнай сэсіі Генэральнай асамблеі ААН будзе прыняты ў скарочаным варыянце, паколькі каля 120 ягоных палажэньняў так і не ўдалося ўзгадніць. Віктар Гайсёнак мяркуе, што рэфармаваньне ААН ускладнілася з-за спробаў “навязаць думку ўплывовай меншасьці большасьці краін-удзельніц ААН”.

Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі паведаміў, што 15 верасьня з трыбуны ААН Аляксандар Лукашэнка выкажа пазыцыю Беларусі па глябальных праблемах і выступіць з шэрагам ініцыятываў. Акрамя таго, пасьля 17 верасьня чакаецца выступ у дэбатах міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава. Заплянавана таксама каля дваццаці двухбаковых сустрэчаў Аляксандра Лукашэнкі і Сяргея Мартынава ў рамках сэсіі Генасамблеі ААН. З кім з замежных лідэраў сустрэнецца А.Лукашэнка, спадар Гайсёнак паведаміць адмовіўся:

(Гайсёнак: ) “Я б не хацеў зараз даваць нейкую падрабязную інфармацыю наконт сустрэч, таму што расклад можа зьмяніцца, але сустрэчы заплянаваныя, і яны, безумоўна, будуць”.

Сярод ініцыятываў Беларусі, якія будуць агучаныя з трыбуны ААН, — праект рэзалюцыі аб забароне распрацоўкі новых відаў і сыстэмаў зброі масавага зьнішчэньня ды рэзалюцыя наконт актывізацыі міжнароднага супрацоўніцтва ў справе мінімізацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы.

Акрамя таго, паводле спадара Гайсёнка, Беларусь выкажацца за зьняцьце эканамічнай блякады ЗША супраць Кубы і папросіць дапамогі ў ліквідацыі свайго арсэналу супрацьпяхотных мін.

Асаблівую ўвагу афіцыйны Менск надае крытыцы дзейнасьці Камісіі ў правах чалавека ААН, якую прапануецца пераўтварыць у стала дзейную Раду ААН у правах чалавека — за “палітызацыю і выкарыстаньне падвойных стандартаў”.

(Гайсёнак: ) “Калі нейкія асобныя пытаньні, асобныя праблемы, якія існуюць у краіне, абсалютызуюцца і праз гэта чыніцца палітычны ціск на краіну… Мы катэгарычна выступаем супраць так званых “краінавых рэзалюцый” у правах чалавека”.

Спадар Гайсёнак зазначыў, што Беларусь будзе супраць унясеньня на разгляд камітэтаў ААН рэзалюцыяў аб правах чалавека ў асобных краінах. Нагадаю, што сёлета ў красавіку Камісія ў правах чалавека ААН ухваліла крытычную рэзалюцыю аб сытуацыі ў Беларусі. Да прапановы аб пераўтварэньні Камісіі ў правах чалавека ААН у стала дзейную Раду Віктар Гайсёнак паставіўся крытычна:

(Гайсёнак: ) “Калі рашэньне наконт Рады ў правах чалавека будзе ўхваленае пад ціскам адной краіны ці групы краін, то можна загадзя прагназаваць, што дзейнасьць такой Рады будзе яшчэ ў большай ступені палітызаванай, чым дзейнасьць Камітэту ў правах чалавека”.

Афіцыйны Менск лічыць патрэбным “прадоўжыць вывучэньне пытаньня наконт мэтазгоднасьці стварэньня Рады ў правах чалавека”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG