Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 верасьня ў Брусэлі абмяркуюць сытуацыю ў Беларусі


Алена Струвэ, Менск “Эўрапейскі зьвяз імкнецца да таго, каб на саміце ААН была дасягнутая дамова адносна рэфармаваньня камісіі па правах чалавека ў Раду па правах чалавека, супраць чаго выступаюць дэлегацыі Кубы, Расеі, Беларусі, Пакістану ды некаторых іншых краінаў”, перадае са спасылкай на старшыню Эўракамісіі Жазэ Мануэля Барозу інфармацыйнае агенцтва "Reuters".

Паводле кіраўніцтва Эўразьвязу, гэткае рэфармаваньне падвысіла б статус і прыярытэт правоў чалавека ў міжнародным супольніцтве, а таксама спрыяла б больш эфэктыўнаму назіраньню за тым, як розныя краіны выконваюць свае абавязкі ў галіне правоў чалавека.

Як вынікае з публікацыяў у сёньняшніх эўрапейскіх і амэрыканскіх выданьнях, кіраўніцтва Эўрапейскага Зьвязу пазытыўна ацэньвае той момант, што Брусэлю й Вашынгтону ўдалося знайсьці паразуменьне ў пытаньні прасоўваньня дэмакратыі за мяжой.

Што да стану дэмакратычных правоў і свабодаў у Беларусі, то паводле камісару ЭЗ у міжнародных сувязях Бэніты Фэрэра-Вальднэр, гэтая сытуацыя ў краіне ўвесь час пагаршаецца і зьяўляецца прычынай вялікай заклапочанасьці Эўразьвязу.

Як заявіла СМІ спадарыня Фэрэра-Вальднер, ЭЗ мае намер засяродзіцца на беларускім пытаньні ў самы бліжэйшы час. У мэтах разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі Брусэль абвясьціў сёлета конкурсы на некалькі незалежных інфармацыйных праектаў. Усяго Эўразьвяз выдаткуе да канца году на беларускія праграмы прыкладна 8,7 мільёнаў эўра.

Тым часам сёньня ў Брусэлі распачалося паседжаньне камісіі Эўрапарлямэнту ў міжнародных пытаньнях. Паседжаньне прысьвечанае дачыненьням з Турэччынай, Іранам і Беларусьсю. Ад Эўракамісіі ў сустрэчы удзельнічае асабістая прадстаўніца Генэральнага сакратара Эўразьвязу Хаўера Саляны Аналізы Джыянэлы. Паведамляецца, што заўтра Эўракамісія праінфармуе парлямэнтароў пра дачыненьні да Беларусі. Дэбаты ў беларускім пытаньні распачнуцца таксама заўтра а палове 11-й раніцы мясцовага часу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG