Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Financial Times": Саміт ААН перад пагрозай правалу


Юры Дракахруст, Прага “Саміт ААН перад пагрозай правалу” – такі прагноз сустрэчы лідэраў краінаў сьвету дае ў сёньняшнім нумары брытанская "Financial Times". Паводле выданьня напярэдадні саміту няма згоды ні па адным пытаньні рэфармаваньня самага прадстаўнічага форуму сьвету. Са зьместам публікацыі вас азнаёміць наш карэспандэнт.

Брытанская газэта паведамляе, што прапанова рэфармаваць Камітэт ААН у правох чалавека: зрабіць яго меншым па колькасьці чальцоў, але дзейным пастаянна, а не падчас рэдкіх пасяджэньняў, сутыкнулася з супрацівам Кітаю, Расеі і шэрагу разьвіваных краінаў.

Гэтыя краіны – піша "Financial Times" – мелі перасьцярогі, што заходнія краіны будуць праз гэтую рэфармаваную ўстанову ўмешвацца ў іхныя ўнутраныя справы. Ізноў жа шэраг разьвіваных краінаў запярэчылі ідэі перадаць частку паўнамоцтваў генэральнай асамблеі ААН выканаўчаму сакратарыяту гэтай арганізацыі.

Індыя выказалася супраць усталяваньня новага міжнароднага юрыдычнага прынцыпу, які гаворыць пра абавязак абараняць ад злачынстваў людзей, якія жывуць у дзяржавах, якія няздольныя ці не жадаюць даць ім такую абарону. Калі б такі прынцып быў усталяваны, ён стаў бы юрыдычным грунтам для міжнароднага ўмяшальніцтва ў справы краінаў, якія чыняць ці дапускаюць масавы гвалт на сваёй тэрыторыі.

Таксама апазыцыю сустрэў праект дакумэнту аб барацьбе з тэрарызмам. Шэраг краінаў палічылі, што асуджэньне любых нападаў на цывільных жыхароў павінна быць ураўнаважанае пацьвярджэньнем права прыгнечаных народаў на вызваленьне. Брытанская газэта прыводзіць словы чылійскага дыплямата ў ААН: “Рэчаіснасьць горш за чаканьні. Мы спрабуем пазьбегнуць дэталяў, якія падзяляюць нас, але калі вынік пазбаўлены канкрэтыкі, гэта выклікае адно шкадаваньне”.

Паводле "Financial Times", надзеі на посьпех саміту невялікія, але ўсё ж існуюць. Экспэрты спадзяюцца, што Паўдзёнаафрыканская рэспубліка магла б аб’яднаць разьвіваныя краіны, якія былі б гатовыя падтрымаць рэформы ААН хаця б дзеля перасьцярогі, што калі саміт завершыцца поўным правалам, гэта можа прывесьці да скарачэньня дапамогі краінам “трэцяга сьвету” з боку Эўразьвязу.

Паводле некаторых чыноўнікаў ААН, калі нават на сустрэчы на вышэйшым узроўні ня будуць прынятыя кардынальныя рашэньні, гэта будзе проста азначаць, што дыскусія працягнецца. Аднак іншыя экспэрты мяркуюць, што калі зрухі не адбудуцца ўжо цяпер, яны не адбудуцца ніколі.

"Financial Times" падкрэсьлівае, што яшчэ гэтым летам зьніклі спадзяваньні на вырашэньне на цяперашнім саміце адной з самых важных праблемаў ААН – пашырэньня складу Рады бясьпекі. Паводле выданьня, прычынай стала тое, што патэнцыйныя новыя сябры Рады – Нямеччына, Японія, Індыя, Бразылія былі ня ў стане выпрацаваць агульную пазыцыю што да рэформы Рады бясьпекі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG