Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зможа Севярынец наведваць царкву?


Вінцэсь Мудроў, Полацак Кіраўніцтва спэцкамэндатуры дазволіла Паўлу Севярынцу цягам трох гадзінаў у месяц наведваць царкву: пры падобным “цэйтноце” наведаньні такія немагчымыя.

Як мы ўчора паведамлялі, адміністрацыя Ветрынскай спэцкамэндатуры дазволіла Паўлу Севярынцу, які знаходзіцца на “хіміі”, наведваць раз на месяц царкву ў Полацку. Пры гэтым дазвол быў абумоўлены патрабаваньнямі, якія практычна не дазваляюць асуджанаму да абмежаваньня волі грамадзкаму дзеячу і істапраўнаму верніку прысутнічаць на набажэнствах.

Апошнім часам Павал працуе не на лесапункце, а на лясной дзялянцы. Там я яго і знайшоў, павіншаваўшы з атрыманьнем дазволу на наведваньне царквы. Віншаваньне маё, аднак, было заўчасным. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Днямі я атрымаў адказ на сваю заяву пра набажэнствы. Кіраўнікі папраўчай установы дазволілі мне выяжджаць у царкву раз на месяц і толькі на тры гадзіны. Між тым хрысьціянін павінен быць у царкве мінімум раз на тыдзень, у нядзелю. І другое: транспартны расклад дазваляе быць у Полацку сем гадзінаў, меншых прамежкаў часу няма. Таму такое абмежаваньне ў часе я лічу зьдзекам і няўвагаю да людзкіх патрэбаў”.

Заўважу мімаходзь, што бліжэйшая царква знаходзіцца ў Полацку, за 50 кілямэтраў ад месца адбыцьця пакараньня. На пытаньне: што ён будзе рабіць у такой сытуацыі, Павал адказаў:

(Севярынец: ) “Я абавязкова буду падаваць пратэст, буду пісаць у тую ж папраўчую ўстанову і дамагацца, каб мне дазволілі бываць у царкве штотыдня, а таксама павялічылі час хаця б да сямі гадзінаў”.

Вызначаючы месцам адбыцьця “хіміі” глухую мясьціну на мяжы з Расеяй, улады, паводле Паўла, спадзяваліся, што на яго хутка забудуцца. Аднак такія спадзевы ня спраўдзіліся, і ў адведкі прыяжджаюць людзі ня толькі зь Беларусі, але й з-за мяжы.

(Севярынец: ) “Мяне вельмі падтрымліваюць тыя, хто прыяжджае, адведвае… Гэта сябры-маладафронтаўцы, Зьміцер Дашкевіч, генэрал Фралоў, які прывёз тэлевізар. Прыяжджалі бацькі, актывісты дэмакратычнага руху зь Віцебску, была таксама Польская тэлевізія, якая здымала тут сюжэт і вельмі перапалохала мясцовых насельнікаў”.

Павал таксама паведаміў, што апошнімі днямі яму прыходзіць шмат лістоў са словамі падтрымкі. Так, учора прыйшлі лісты ад рэдактара габрэйскай беларускамоўнай газэты “Мы яшчэ тут” Вольфа Рубінчыка, хрысьціянскага публіцыста Пётры Рудкоўскага, крыху раней лісты надаслалі журналістка з Гарадзеншчыны Дар’я Ліс, актывіст ТБМ Уладзімер Цярохін, маладафронтаўцы і шараговыя грамадзяне. Павал папрасіў рэдакцыю нашага радыё падзякаваць усім гэтым людзям за падтрымку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG