Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Булахаў расказаў "Свабодзе", чаму яго адправілі ў адстаўку


Алесь Дашчынскі, Менск Адпраўлены ў адстаўку першы намесьнік кіраўніка выканакаму СНД Зьміцер Булахаў. Сёньня зь ім гутарыў наш карэспандэнт. Незалежныя аглядальнік Раман Якаўлеўскі лічыць, што "гэта праяўленьне крызысу СНД, і ягонага апарату".

Зьміцер Булахаў распавёў, што ягоная адстаўка адбылася яшчэ 31 жніўня. Хто будзе працаваць на ягоным месцы, пакуль невядома. Што будзе рабіць далей спадар Булахаў і якімі прычынамі ён тлумачыць сваю адстаўку?

(Булахаў: ) “Што я буду рабіць далей – гэта я ўжо буду вызначацца сам. А якія прычыны – трэба пытацца ў тых людзей, якія падпісваюць распараджэньні і ўказы аб адстаўцы. Таму што гэта палітыка, і ніхто не абавязаны даваць зьвесткі, чаму. Ёсьць тэрмін знаходжаньня на пасадзе. Час скончыўся і ўсё”.

У той час як кіраўнік выканкаму СНД Уладзімер Рушайла стала знаходзіўся ў Маскве, функцыянаваньне менскага офісу забясьпечваў ягоны першы намесьнік Зьміцер Булахаў. Спадар Булахаў у 1994 годзе працаваў у перадвыбарным штабе Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля перамогі на выбарах Лукашэнка разьвітаўся са многімі сваімі паплечнікамі, але Зьміцер Булахаў пазьней атрымаў партфэль першага намесьніка старшыні выканаму СНД. Вопытны юрыст і былы сьледчы аднак не спрацаваўся з былым міліцыянтам, героем Расеі Уладзімерам Рушайлам. Спадар Булахаў пацьвердзіў, што ў яго быў канфлікт зь ягоным начальнікам, старшынём выканаму СНД, але адмовіўся камэнтаваць і распавядаць падрабязнасьці.

Самай высокай ступені іхны канфлікт дасягнуў перад апошнім самітам СНД у Казані. Як сьведчылі назіральнікі, Булахаў нават дэманстратыўна адмовіўся ехаць у Маскву да свайго начальніка з дакумэнтамі для саміту. Сытуацыю тлумачыць незалежны палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

(Якаўлеўскі: ) “Я не выключаю, што падставай для гэтага міжасабовага канфлікту маглі стаць сувязі з пэўнымі бізнэс-структурамі як у Беларусі, так і ў Расеі. Увогуле, гэта праяўленьне крызысу СНД, і ягонага апарату ў прыватнасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG