Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары разьлічваюць правесьці Кангрэс дэмакратычных сілаў у Менску


Валер Каліноўскі, Менск Аргкамітэт прызначанага на 1—2 кастрычніка Кангрэсу дэмакратычных сілаў, на якім будзе абраны адзіны кандыдат на прэзыдэнта ад апазыцыі, хацелі б правесьці свой форум у Менску. Гэта стала больш рэальным пасьля ўмяшальніцтва А.Лукашэнкі. Тым ня менш, у аргкамітэце зазначаюць, што будуць трымаць запасныя варыянты ў сталіцах сумежных зь Беларусьсю дзяржаў.

Сходы, на якіх вылучаліся дэлегаты на Кангрэс дэмакратычных сілаў, адбыліся ў 118 раёнах. У іх бралі ўдзел больш за 4200 чалавек. У бліжэйшыя тры дні пройдуць апошнія сходы ў Кіраўску, Клімавічах і Гарадзенскім раёне. На сёньня абрана 220 дэлегатаў, 53 з якіх прадстаўляюць АГП, 55 — БНФ, 28 — ПКБ, а таксама сацыял-дэмакратычныя партыі, “Малады фронт”, Партыю працы і іншыя палітычныя сілы. Акрамя таго, дэлегатамі стануць кандыдаты ў дэпутаты на парлямэнцкіх выбарах 2004 году, дэпутаты Вярхоўнага Савету 12 і 13-га скліканьня, апазыцыйныя дэпутаты мясцовых саветаў, прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў, незалежных прафсаюзаў, рэдактары недзяржаўных СМІ. Па дзесяць дадатковых мандатаў дэлегатаў Кангрэсу атрымаюць палітычныя сілы, удзельнікі так званай “дзясяткі”. Усяго, паводле прадстаўніка аргкамітэту Віктара Івашкевіча, мандаты дэлегатаў атрымаюць больш за 800 чалавек. З улікам гасьцей аргкамітэт разьлічвае на тысячу чалавек.

Да апошняга часу аргкамітэт кангрэсу ня мог знайсьці ў Беларусі залі. І прадстаўнікі аргкамітэту праводзілі перамовы наконт залі і разьмяшчэньня дэлегатаў кангрэсу ў сталіцах усіх сумежных зь Беларусьсю дзяржаваў. У Кіеве, напрыклад, удалося дамовіцца пра арэнду Дому афіцэраў і Кангрэс-холу, а таксама наконт разьмяшчэньня дэлегатаў у пансіянатах пад Кіевам. Прадстаўнік аргкамітэту Валеры Ўхналёў перакананы, што менавіта гэтая дамоўленасьць падштурхнула А.Лукашэнку даць каманду Менскаму гарвыканкаму наконт забесьпячэньня Кангрэсу памяшканьнем у сталіцы Беларусі.

(Ухналёў: ) “Гэта невыпадкова, сам Аляксандар Лукашэнка прагаварыўся, што яму ягоныя ўкраінскія сябры паведамілі, што даюць залю… Ён зразумеў, што Кангрэс усё роўна пройдзе, перакрыць яго немагчыма”.

Такім чынам кіеўскія дамоўленасьці застаюцца ў сіле, ёсьць яшчэ іншыя варыянты, але прыярытэт будзе аддадзены Менску, хаця ў прадстаўнікоў аргкамітэту няма поўнага даверу да абяцаньняў улады. У Менскім гарвыканкаме зазначаюць, што турбавацца наконт памяшканьня ня варта. Гаворыць супрацоўніца выканкаму Галіна Кірсанава:

(Кірсанава: ) “Калі мэр сказаў — так яно і будзе. Ён чалавек слова”.

Аднак пакуль ніякага дакумэнтальнага пацьвярджэньня ўладных абяцаньняў няма.

Гаворыць старшыня аргкамітэту ў правядзеньні кангрэсу Аляксандар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) “На жаль, пакуль не маглі зьвязацца з гарвыканкамам на канкрэтную размову з кіраўніцтвам, бо раней яны былі занятыя сьвятам гораду, цяпер праводзяць нарады. Калі мы зь імі перагаворым, то стане ясна, дзе мы будзем праводзіць. Нас задаволіць і ДК аўтазаводу, і ДК МТЗ, і Палац чыгуначнікаў. Але мы запасныя варыянты будзем трымаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG