Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Скрыгалава пра Лукашэнку: "Хай як Кастра пажыцьцёва працуе"


Зьміцер Бартосік, Скрыгалаў, Мазырскі раён 28-га траўня 1782-га году Станіслаў Аўгуст Панятоўскі сваім прывілеям даў права мястэчку Скрыгалаў, што пад Мазыром, праводзіць кірмаш. Падарунак апошняга караля Рэчы Паспалітай перажыў некалькі дзяржаваў і ў зьнявечаным выглядзе дакаціўся да нашых дзён. Да гэтай пары ў Скрыгалаве 28-га кожнага месяца зьбіраюцца гандляры. Вось толькі асартымэнт за апошнія два стагодзьдзі здрабнеў. Вышываныя кашулі і старадаўнія медавухі саступілі месца кітайскім майткам. Стары скрыгалавец, зь якім я разгаварыўся на вуліцы ня толькі прыгадаў былыя кірмашы, але і ўзбагаціў мой лексыкон дагэтуль нячутым і глыбокім словам. Рачот.

(Бартосік: ) “Я чуў, што ў вас тут кірмашы 28-га?” (Стары: ) “28-га”. (Бартосік: ) “І калі яны былі самыя вясёлыя і багатыя”. (Стары: ) “Да вайны былі. 28-га, лічы, ўвесь раён прыяжджаў сюды. Усё было. А цяпер кірмашу няма. Хто парася прывязе, прадасьць і ўвесь рачот. Цяпер моладзь рабіць ня хоча. Напіцца ды ўкрасьці. І ўвесь рачот. Пры Сталіну дык іх бы павешалі бы ўсіх да аднаго. Гэтых хлапчукоў”.

Тыя, каго б гэты мілы дзядуля разам з таварышам Сталіным пусьцілі б “у рачот”, “тусаваліся” каля крамы. Асобы незразумелага ўзросту, невызначальнага сацыяльнага статусу, але цалкам пэўнага занятку. Якім яны, мяркуючы па колеры твараў, займаюцца даўно, упарта і ў любы час. Адзін зь іх, калгасны пастух Коля, ласкава пагадзіўся адказаць на мае няхітрыя пытаньні.

(Бартосік: ) “Вы самі дзе працуеце?” (Коля: ) “У калгасе”. (Бартосік: ) “І як плацяць?” (Коля: ) “Я яшчэ не атрымліваў. Але павінен трыста тысяч атрымаць. Па мне дык нармальна”. (Бартосік: ) “У Скрыгалаве калгас лічыцца моцным, ці ня вельмі?” (Коля: ) “Сярэдні. Ён яшчэ ня лёг. Усе рамонты ідуць. Старшыня новы. Да справы падыходзіць ён, каб кожны месяц зарплата была і каб худоба была накормленая”. (Бартосік: ) “А мужыкі гавораць, калі вып’юць пра палітыку, ці не? Лукашэнку хваляць ці хаюць?” (Коля: ) “А старшыня ня любіць гэтага. За п’янку ён адразу звальняе. Калі падыдзеш да яго. Пах. Звальняе”.

Назва мястэчка паходзіць ад словазлучэньня “скрытая галава”. Бо ў гэтых мясьцінах, у 1497-м годзе татарамі быў абезгалоўлены кіеўскі мітрапаліт Макарый. Паводле легенды, татары кінулі галаву сьвятара ў Прыпяць, але яна ўсплыла непадалёк ад будучага мястэчка. Але ня толькі тым забойствам багатая скрыгалаўская гісторыя. Скрыгалавец дзед Саша, якога я сустрэў каля капліцы, зрабіў экскурс у гісторыю апошняй вайны.

(Саша: ) “У гэтым раёне быў паліцэйскі атрад мацнейшы. У Скрыгалавае. Падчас вайны”. (Бартосік: ) “А партызан многа было?” (Саша: ) “Трэба схавацца – ідзі ў партызаны. Натуральных партызан і не было фактычна. Везьлі генэрала з Хойнікаў у Калінкавічы. Ну і партызаны нашыя мясцовыя – сустрэнем яго. І добра, што зь імі два аўтаматчыкі былі, нашы дэсантнікі. У гэтых партызанах. Яны абасраліся. А гэтыя два дэсантнікі забралі генэрала. А яны як выступалі? Ноччу едзе – дай сала, дай самагонкі. Сам сябе абараняў – партызан лічыўся”.

У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя мястэчка Скрыгалаў мела 102 двары і 600 жыхароў. У пачатку ХХІ колькасьць насельніцтва паболела ўсяго на 200 чалавек. Улічваючы, што ледзь не палова зь іх – гэта чарнобыльскія перасяленцы, а пэнсіянэраў паўтысячы, можна казаць пра дэградацыю колішняга жывога мястэчка. Праўда, двароў значна паболела. Сёньня іх 338. І розьніца паміж старою часткаю мястэчка і пасёлкам перасяленцаў кідаецца ў вочы сваімі кантрастамі. У новай частцы дамы цагляныя, зробленыя па адным праекце, а вуліцы недарэчна шырокія. Як быццам тут зьбіраліся будаваць праспэкты ці разьлічвалі на імклівы дабрабыт скрыгалаўцаў і будучыя аўтамабільныя заторы. Вуліцы старога Скрыгалава вузенькія і пакручастыя. Дамы на іх драўляныя, бярвеньне пачарнелае ад часу. Некаторыя з закалочанымі шыбамі. Але дом дзеда Сені вылучаецца сваёй беласьнежнаю атынкоўкай. На пытаньне, як жыцьцё-быцьцё, дзед Сеня адказаў народнай скрыгалаўскай прымаўкай.

(Дзед Сеня: : ) “Ты знаеш… Я.е Хама Хаму, ды няма спакою нікаму. Калі ты журналіст, вось здагадвайся сам. Праўды нідзе няма. Кругом бесталкоўшчына. Ён там крычыць. Яго ня слухаюць, дурня таго. У калгасе работы няма. Трактарысты ды даяркі. Астатнія усе гуляюць. Дык гэта жытка? А ён хваліцца – сорак долараў! Дык можна ў ціятар схадзіць!

Ужо колькі месяцаў над Скрыгалавым лунае загадкавае слова “аграгарадок”. Можа, хто і верыць у той сялянскі рай, які ўкладаюць у гэтае слова дзяржаўныя СМІ, але толькі ня дзед Сеня.

(Дзед Сеня: ) “Дураць галаву людзям. Дай работу, хаты пустуюць, наедзе людзей, будуць жыць. Пэнсіянэры яшчэ неяк. А той, каму трэба зарабіць пэнсію, няма дзе. Аграгарадок! Гробіць грошы на гэтыя аграгарадкі. Я памру, хата будзе пуставаць. Вунь пустуе, вунь пустуе. Дай работу, каб работа была. А людзі самі жыцьцё знойдуць. Дай работу. У вёсцы трэба даць работу, а хат тут навалам лішніх. Праз хату жыве чалавек. Была б тут работа, наехала б людзей, і хаты былі б.

Сярод багатай палітры сёньняшніх беларускіх палітыкаў стары скрыгалавец свайго кандыдата ня бачыць.

(Дзед Сеня: ) “А Пазьняк што гаварыў? Калісьці ён хацеў на Лукашэнку залезьці, яшчэ як не ўехаў за граніцу. Яшчэ быў у парлямэнце. Кажа – трэба пэнсіі не даваць, хай дзеці даглядаюць бацькоў. Гэта правільна? Я помню. Радыё слухаю кожны раз. А ён “аграгарадок” крычыць. Што ты крычыш, балван? Я быў ў Данбасе, у шахце рабіў чатыры гады. Яшчэ такога дурня ня было, як цяпер”.

Суседка дзеда Сені, старая Марыя, наадварот, бачыць бяду зусім не ў аграгарадку, а ў новым пакаленьні. А яе любоў да сёньняшняга кіраўніка краіны проста неабдымная.

(Марыя: ) “Маладыя ня хочуць работаць. Красьці, піць, біць каго, золата абкрасьці, бабу біць – вось такая моладзь. Якая работа, такая і зарплата. Па тры месяцы ў калгасе не даюць зарплаты. А нам пэнсію, дзякуй таму Лукашэнку. Хай бы яшчэ ён да самай, як той Кастра пажыцьцёва працуе. Хай і у нас пажыцьцёва працуе, пакуль на пэнсію ня пойдзе. А маладым, канечне, ня хочуць работаць. А лепшага паставяць? Я ня ведаю, я во ніколі ягонай жонкі ня бачыла.”

Маладая прыгожая скрыгалаўка Натальля жыве ў старой лядашчай хаце разам з маці, інвалідкай, якая ня ходзіць, і двума малымі дзецьмі. Былы муж сьпіваецца на другім канцы мястэчка, і дзеці забыліся, як тата выглядае. Натальля працуе ў мясцовай жыльлёва-камунальнай гаспадарцы, дзе атрымлівае зарплату, сто тысяч рублёў. Але гутарачы зь ёй, я не адчуў нават ценю таго, што называецца незадаволенасьць жыцьцём. Ніякай табе ні млявасьці, ні абыякавасьці.

(Натальля: ) “У нас тут у калгасе з красавіка месяца няма зарплаты. Абяцаюць на наступным тыдні. Чацьверты месяц няма зарплаты”. (Бартосік: ) “А як слухаюць пра аграгарадкі?” (Натальля: ) “У нас робяць аграгарадок”. (Бартосік: ) “Дык гэта прыйдзе шчасьце?” (Натальля: ) “Ну, мабыць”. (Бартосік: ) “А што гэта такое будзе?” (Натальля: ) “Асфальт будуць перакладваць. Бардзюры ўжо робяць каля царквы. Напэўна, зажывем”. (сьмяецца: ) (Бартосік: ) “Вы на жыцьцё не скардзіцеся?” (Натальля: ) “Хацелася б лепей”. (Бартосік: ) “Думак няма зьбегчы куды-небудзь?” (Натальля: ) “Канечне, ёсьць. Каб было куды. Каб добрая вёска была. Каб зарплата была добрая. Ёсьць жа такія месцы. Каб не атрымліваць гэтыя няшчасныя сто тысяч”. (Бартосік: ) “А пра выбары 2006-га году гавораць?” (Натальля: ) “Цішыня”. (Бартосік: ) “А нешта ведаюць пра апазыцыйных палітыкаў?” (Натальля: ) “Ніхто не цікавіцца гэтымі палітыкамі, таму, што няма калі цікавіцца гэтым усім”.

Гутарачы на Натальліным панадворку, я лёгка мог уявіць сябе хоць ў савецкіх часах, хоць у эпосе Панятоўскага. Беларуская беднасьць ярчэйшай ня стала. Але зьявілася ў жыцьці адна новая дэталь. Зь ёю мяне пазнаёміла дачка Натальлі.

(Бартосік: ) “А цябе як зваць?” (Дзяўчынка: ) “Таня”. (Бартосік: ) “Табе падабаецца жыць у Скрыгалаве?” (Дзяўчынка: ) “Так”. (Бартосік: ) “Ня хочаш нікуды адсюль зьехаць?” (Дзяўчынка: ) “У Ірляндыю”. (Бартосік: ) “А чаму ў Ірляндыю?” (Дзяўчынка: ) “Там прыгожа”.

Праз тыдзень сямігадовая Таня адправіцца на месяц на зялёную выспу. Ёй будзе што з чым параўнаць і аб чым падумаць. Скрыгалаў, дарэчы, у радыяцыйным пляне чысты. А ў Ірляндыю тутэйшыя дзеці езьдзяць дзякуючы былой дырэктарцы школы, якая асабіста выйшла на ірляндзкія гуманітарныя арганізацыі.

(Былая дырэктарка: ) “Яны паедуць у Ірляндыю, дык ім усім прапаноўваюць. Пагаварыце з бацькамі, можа дадуць дабро вам застацца. Прыгожыя нашы дзеці”. (Бартосік: ) “А ня страшна дзяцей адпраўляць у Ірляндыю. Культурны шок”. (Дырэктарка: ) “Я таксама так думала. Але я казала так дзецям. Яны паказваюць нам, як трэба адпачываць, як трэба час праводзіць добра. Але яны не паказваюць нам, як яны працуюць. А працуюць яны па 12-13 гадзін у дзень. І толькі тады даюць сабе магчымасьць адысьці. Накупляюць усяго, у мікрахвалёўку насунуць, пасудамыйку паўключаюць. Паказваюць вам, як ім добра. Але ж яны не паказваюць вам, як яны працуюць. Мы ўжо езьдзім у Ірляндыю 10 гадоў. Ніхто зь дзяцей ня стаў горш таго, чым ён мог быць на самай справе. А вось цяпер, пасьля гэтых выпадкаў у Лёндане, я, напрыклад, баюся ўнучку сваю адпраўляць. Яны мысьляць практычна, нашы дзеці. Кожны мае мару пра тое, дзе дасягае. А што думаць, пра тое, што не. Раней яны зьбіралі рызьзё і прывозілі. Цяпер яны не бяруць. Ня трэба яно нам. У нас такое таксама ёсьць. Яны нават разьбіраюцца, дзе той магазын самы танны”.

Каля скрыгалаўскага сельсавета мяняюць бардзюры. Як сымбаль новай эпохі. А на суседняй вуліцы растуць новыя драўляныя дамы. Я зайшоў на будоўлю. Ужо бачна, што жыць тут будзе камфортна. Чатыры вялікія пакоі, шырокія вокны. Прастор і цяпло. Адным словам, пачынаецца аграгарадок.

Страшыня сельсавета Савелі Лазіцкі карэспандэнту “Свабоды” зусім не зьдзівіўся. Адказаць на пытаньні не адмовіўся. І нават дадаў, што часам сам слухае нашу радыёстанцыю. Дык што такое “аграгарадок”?

(Лазіцкі: ) “Тут ёсьць уся неабходная сацыяльная структура для жыцьця чалавека. І лазьня тут ёсьць, і школа, і клюб, бібліятэка, царква, магазыны, пошта… Гэта сапраўды патрэбныя справа. Будуюцца драўляныя дамы. Колькі прыяжджалі, зьдзіўляюцца – гэта ж такія файныя, экалягічна чыстыя. З дрэва дамы. Ня тое што бэтон, цэмэнт. (Бартосік: ) А старыя хаты? (Лазіцкі: ) Старыя хаты? Ну правільна, людзі так і гавораць – на халеру іх будаваць, калі ёсьць. Але ж ніхто не сказаў – на вазьмі і жыві. (Бартосік: ) А ці хопіць працы? (Лазіцкі: ) Работы? Сёньня работы дай божа ўсім хопіць. Хто хоча рабіць, той знаходзіць работу. Абы толькі не пілі. Я іншым часам гавару: “Мужыкі, ну што вы сядзіце? Ці вы такія здаровыя, што ў вас усё ў парадку? Ці то вы такія забясьпечаныя ўсім? Не. Яны як гавораць. Калі нам дасі работу, каторую мы будзем дзесяць мінут работаць, а потым будзем дзень п’яныя ляжаць – гэта добра. А калі грабці сена, дзень пад сонцам смажыцца. Не, такой работы нам не даваць… А аграгарадкі – гэта, канечне, добрая справа. Для людзей гэта добра. Гэта населены пункт, у якім створаны ўсе ўмовы для таго, каб чалавек атрымліваў паўнацэнныя ўмовы для жыцьця і працы”.

І ўсё роўна я так і не зразумеў усю глыбіню гэтага беларускага ноў-хаў. Чым слова “аграгарадок” лепшае за слова “вёска”? Асабліва, калі выбар ляжыць паміж грабаньнем сена за капейкі, п’янствам альбо ўцёкамі ў багаты Мазыр. Калі я зьбіраўся ад’яжджаць, мяне перастрэла баба Маша. Прасіла, каб я перадаў яе куміру прывітаньне. Як можна адмовіць старой жанчыне?

(Марыя: ) “Калі будзеце бачыць, перадайце вялікае прывітаньне ад Пячкоўскай Марыі. І што б болей нам пэнсіі прыбаўляў. Ад усёй душы. Хай прыяжджае ў Скрыгалаў, пабачыць народ як жыве. Канечне, езьдзіць верталётам, мы яго ня бачым. Знаем, хто езьдзіць. А кішэні ў нас пустыя. Бачыць кошка лой, ды ня ёй. Бачыш штосьці на вітрыне. Ну што? Не па кішэні. Дорага ўсё…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG